Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заведзеная крымінальная справа аб катаваньнях у міліцыі. Каго пакараюць?

абноўлена

Васіль Сарочык
Васіль Сарочык

Менская ўправа Сьледчага камітэту з 1 сьнежня завяла крымінальную справу па заяве Васіля Сарочыка аб катаваньнях у Ленінскім райаддзеле міліцыі.

5 сьнежня вартаўнік аўтастаянкі Васіль Сарочык палову дня правёў у Сьледчым камітэце на размове са сьледчым, які расьсьледуе ягоную заяву аб катаваньнях з боку супрацоўнікаў Ленінскага райаддзелу міліцыі Менска. «Усё было сур’ёзна, не падобна да імітацыі ці гульні ў сьледзтва.

Учора таксама туды езьдзіў. Быў сьледчы экспэрымэнт, здымалі мяне на відэа, калі я даваў паказаньні. Але з тымі, хто мяне зьбіваў, вочнай стаўкі яшчэ не было».

Прозьвішчаў супрацоўнікаў Ленінскага райаддзелу міліцыі, якія, як сьцьвярджае Васіль Сарочык, яго зьбівалі, пацярпелы пакуль ня ведае. У тым ліку і прозьвішча міліцыянткі, якая дапытвала яго нібыта з ужываньнем незаконных захадаў.

Крымінальная справа па заяве Васіля Сарочыка заведзеная ў Сьледчым камітэце 1 сьнежня, паведаміў прэсавы сакратар Сьледчага камітэту Павал Траўлька:

«Управай Сьледчага камітэту па горадзе Менску па выніках праверкі заявы Сарочыка заведзеная крымінальная справа паводле 3 часткі 426 артыкула Крымінальнага кодэксу. У межах расьсьледаваньня крымінальнай справы зараз праводзяцца неабходныя дзеяньні, якія скіраваныя на дасьледаваньне таго, што адбылося. Прызначаны шэраг экспэртыз».

Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
У тым, што справу завяла не міліцыя, а іншае ведамства — Сьледчы камітэт, бачыць шанец на аб’ектыўнае расьсьледаваньне праваабаронца Андрэй Бандарэнка. Ён прадстаўляе арганізацыю «Плятформа», якая займаецца абаронай вязьняў і першай паведаміла пра гісторыю катаваньняў менскага вартаўніка Васіля Сарочыка:

«Радуе, што мы нарэшце зрушыліся зь мёртвай кропкі. Пра гэтую гісторыю пачалі гаварыць, а акрамя таго, Сьледчы камітэт сам завёў крымінальную справу. Між тым як пракуратура дагэтуль маўчыць, ніякіх вынікаў ад яе не чуваць».

Як раней праваахоўныя органы рэагавалі на паведамленьні праваабаронцаў пра катаваньні ў пастарунках і турмах?

Алена Красоўская-Касьпяровіч
Алена Красоўская-Касьпяровіч
Актывістка «Плятформы» Алена Красоўская-Касьпяровіч згадвае пра былога вязьня Глыбоцкай калёніі Юрыя Лінга, які летась на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі распавёў пра зьдзекі і катаваньні ў калёніі. Празь некалькі дзён былога вязьня адміністрацыйна пакаралі за тое, што зьехаў у Менск на прэсавую канфэрэнцыю без дазволу міліцыі. Крыху пазьней міліцыя абвінаваціла Юрыя Лінга ў тым, што ён нібыта абакраў суседку, але неўзабаве высьветлілася, што суседка пра крадзеж не заяўляла. Аднак яшчэ праз пэўны час Юрыю Лінгу выставілі новыя абвінавачаньні паводле крымінальнага артыкула, і ён зноў трапіў за краты:

«Яго зноў пасадзілі за крадзяжы. Прычым мы гэтак і ня высьветлілі да канца, вінаваты ён сапраўды ці гэта стандартныя дзеяньні міліцыі ў такіх выпадках, калі бярэцца чалавек і на яго навешваюцца ўсе падобныя здарэньні ў пэўны час і ў пэўным месцы. На жаль, высьветліць гэта да канца пакуль не ўдалося».

Паводле праваабаронцы, сувязь з асуджаным Юрыем Лінгам падтрымліваюць праз пошту.

21 лістапада ў міліцыі Ленінскага раёну Менску пачалася месячная праверка пасьля таго, як 54-гадовы Васіль Сарочык заявіў, што яго катавалі.

Інфармацыйна-асьветніцкая ўстанова «Плятформа» накіравала ў Генэральную пракуратуру, Міністэрства ўнутраных спраў і Сьледчы камітэт Беларусі паведамленьні пра зьдзекі з Васіля Сарочыка.

54-гадовы вартаўнік аўтастаянкі Сарочык кажа, што яго катавалі і прымушалі прызнацца ў крадзяжах.

Пры гэтым ён адзначае, што ў зьдзеках зь яго ўдзельнічала жанчына-міліцыянт.

«Мяне пратрымалі ў міліцыі прыкладна з 9.30 да 18.00. Зь дзяжурнай часткі мяне забрала жанчына і завяла ў 235 кабінэт. Яна адразу ж надзела мне кайданкі і пачала зьбіваць: увесь час мацюкі — і нагамі, і рукамі. І яна сказала: калі патрэбныя паказаньні, то супраць цябе ўсе вадзіцелі аўтастаянкі, бо ты ў машынах акумулятары крадзеш. Яна выходзіць, другі заходзіць — і тое самае — мяне гэтак білі гадзіны тры. Пасьля зрабілі „ластаўку“, і я гадзіны тры на падлозе ляжаў, таксама зьбівалі. А ўвечары гадзіне а шостай нехта патэлефанаваў, каб мяне адпусьцілі. Яна выпісала нейкія дакумэнты і сказала, што дзякуй, што папрасілі цябе адпусьціць, я б цябе забіла, ты б жывым адсюль ня выйшаў», — сведчыў Васіль Сарочык.

Васіль Сарочык пра зьбіцьцё ў міліцыі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:44 0:00
Наўпроставы лінк


«Яна сымпатычная, але натуральны зьвер»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:43 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG