Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва патрабуе знайсьці вінаватых у нападзе на амбасаду


Уладзімер Дражын
Уладзімер Дражын
8 лістапада ў Міністэрства замежных спраў Літвы запрасілі амбасадара Беларусі, каб выказаць пратэст у сувязі з тым, што ўвечары 6 лістапада на тэрыторыю літоўскага дыппрадстаўніцтва ў Менску невядомыя кінулі дзьве бутэлькі з запальнай сумесьсю. МЗС Беларусі называе інцыдэнт «злосным хуліганствам». А спэцыяльная група Сьледчага камітэту вядзе расьсьледаваньне інцыдэнту.

Амбасадару Беларусі Ўладзімеру Дражыну ў МЗС Літвы сёньня выказалі пратэст у сувязі з інцыдэнтам. Яму таксама перадалі патрабаваньне літоўскага боку расьсьледаваць акалічнасьці выпадку, супрацоўнічаць у гэтай справе з кампэтэнтнымі літоўскімі органамі і гарантаваць бясьпеку амбасады ў Менску.

Амбасадар Дражын выказаў шкадаваньне беларускага боку і запэўніў, што беларускія структуры будуць апэратыўна інфармаваць літоўскіх калегаў пра расьсьледаваньне інцыдэнту — паведамілі па выніках сустрэчы ў МЗС Літвы.

МЗС Беларусі называе інцыдэнт «злосным хуліганствам». Сёньня пра гэта сказаў на брыфінгу для журналістаў прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных:
Разьлічваем, што праваахоўныя органы правядуць расьсьледаваньне, і вінаватыя будуць пакараныя па ўсёй строгасьці закону


«Мы перакананыя, што гэта злоснае хуліганства. Разьлічваем, што праваахоўныя органы правядуць расьсьледаваньне, і вінаватыя будуць пакараныя па ўсёй строгасьці закону».

Сьледчы камітэт Беларусі завёў крымінальную справу. Яна вядзецца паводле артыкула Крымінальнага кодэксу пра хуліганства, зьдзейсьненае групай асобаў. У Сьледчым камітэце кажуць, што ёсьць відэазапіс таго, як было ўчынена злачынства, на відэазапісе відаць дзьве цёмныя постаці. Але пакуль па гэтай справе ніхто не затрыманы.

Інцыдэнт не зьмяніў рэжыму працы амбасады Літвы. Сёньня яе супрацоўнікі пачалі свой працоўны дзень як звычайна, паведаміла «Свабодзе» прэсавы сакратар Віта Наўскайціце:

«Усе займаюцца сваімі справамі. Наведнікаў у нас сёньня візуальна ня больш і ня менш, чым у звычайныя дні».

У Літве гучаць розныя ацэнкі гэтага інцыдэнту. Тэрарыстычным выпадам супраць сваёй краіны назвалі яго міністар замежных спраў Аўдронюс Ажубаліс і старшыня парлямэнцкага Камітэту замежных спраў Эмануэліс Зінгерыс. А кіраўнік ураду Андрус Кубілюс кажа, што трэба дачакацца вынікаў расьсьледаваньня.

Літоўскі палітоляг Арунас Моліс у размове са «Свабодай» выказаў думку, што гэты эпізод істотна не паўплывае на дачыненьні дзьвюх краінаў, хоць многае тут будзе залежаць ад вынікаў расьсьледаваньня:
Літоўскі бок вельмі балюча рэагуе на такія выпадкі


«Літоўскі бок вельмі балюча рэагуе на такія выпадкі. І будзе, безумоўна, сачыць за тым, як беларускія ўлады будуць высьвятляць акалічнасьці таго, як гэта ўсё здарылася, як будуць пакараныя вінаватыя. І калі беларуская міліцыя правядзе дакладнае расьсьледаваньне, знойдзе гэтых людзей і высьветліцца, што гэта толькі крымінальнае злачынства, то тады я ня думаю, што гэта будзе мець нэгатыўныя наступствы».

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі зьвяртае ўвагу, што гэты інцыдэнт далёка ня першы ў практыцы нападу на амбасады ў Менску. Раней былі супрацьпраўныя дзеяньні на адрас дыпмісіяў той жа Літвы, Чэхіі, Латвіі, Эстоніі... Аднак дагэтуль нападнікаў не знайшлі і не пакаралі:

«Дадзеныя выпадкі сьведчаць пра тое, што, мабыць, ня ўсё добра з аховай гэтых дыпмісіяў у Менску. Але ж мы ведаем, што менавіта заходнія дыпмісіі знаходзяцца ня толькі пад пільнай аховай, але і пад пільным кантролем. І таму вельмі дзіўна выглядае той факт, што дагэтуль удзельнікі гэтых злачынстваў ня знойдзеныя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG