«Выбарчыя кампаніі ў ЗША праходзяць даволі доўгі час. Трэба прызнаць, што няма дасканалай сыстэмы. Але я цахеў бы нагадаць словы Чэрчыля, які казаў, што дэмакратыя — гэта горшая форма кіраваньня, калі не лічыць усіх астатніх. Мы разумеем, што нашая сыстэма недасканалая, але мы стараемся палепшчыць яе, наколькі гэта магчыма», — заявіў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч.
У гатэлі Crown Plaza амбасада ЗША зладзіла імпрэзу з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў у гэтай краіне. Экспэрты, журналісты, грамадзкія дзеячы і палітыкі змаглі назіраць як тэлеканалы CNN і Euronews асьвятляюць падлік галасоў.
Мінулую выбарчую ноч спадар Голдрыч назваў праявай у дзеяньні «старэйшай і мацнейшай дэмакратыі ў сьвеце »:
«Мы хацелі б падзяліцца гэтым досьведам з вамі, бо ведаем, што выбары ў ЗША ўплываюць не толькі на жыхароў Злучаных Штатаў, але і людзей ва ўсім сьвеце. І мы ведаем, што гэтыя выбары цікавыя ўсім. Нашая выбарчая кампанія даволі доўгая, займае амаль год, часам яна больш падобная на спорт, а не выбары. Але ўрэшце ў гэтых выбарах важныя людзі, ідэі, лідэрства. Ёсьць шмат ідэй, якія разьдзяляюць амэрыканскую нацыю, але тое, што мы бачылі сёньня, гэта тыя ідэі, якія нас яднаюць: выбар, свабода, дэмакратыя».
Калякін: «У ЗША вераць агучаным вынікам выбараў. У Беларусі — не»
Лідэр Партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін кажа, што яму цікава назіраць за тым, як адбываецца фінальная частка выбарчай кампаніі ў ЗША:
«Тое, што Ромні, які прайграў выбары, павіншаваў Абаму, прызнаў сваю паразу, гэта вельмі добры знак, што ў краіне існуе дэмакратыя і людзі, якія бяруць удзел у выбарах, вераць у тое, што вынікі, якія абвяшчаюцца, сапраўдныя. Гэта тое, чаго няма ў Беларусі.
Але трэба прызнаць, што ні Абама, ні Ромні не могуць вырашальна паўплываць на тое, што адбываецца ў нас. Ня варта мець завышаныя жаданьні, думаць, што нехта вырашыць нашыя праблемы. Калі мы іх самі ня вырашым, то будзем там, дзе і сёньня знаходзімся. А амэрыканская палітыка ў дачыненьні да Беларусі, я мяркую, істотна ня зьменіцца».
Губарэвіч: У Абамы не было сваёй стратэгіі адносна Беларусі
Намесьнік старшыні Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч мяркуе, што істотных зьменаў у зьнешняй палітыцы ЗША падчас другога прэзыдэнцкага тэрміна Барака Абамы ня будзе:
«Адміністрацыя Абамы дэманстравала стрыманыя адносіны адносна Беларусі. Натуральна, даваліся жорсткія ацэнкі тым працэсам, якія тут адбываліся, парушэньням правоў чалавека, адсутнасьці дэмакратыі. Аднак нейкай адмысловай стратэгіі ці праграмы адносна Беларусі ў Абамы не было. Баюся, што наступныя чатыры гады мала што зьменяць у гэтым пляне».
У Ромні была больш адэкватная ацэнка Расеі
Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч прайшоў на імпрэзу ў гальштуку са сланамі — сымбалямі партыі рэспубліканцаў. Янукевіч кажа, што меў спадзевы на перамогу рэспубліканца Міта Ромні:
«Агучаныя Ромні і ягонай камандай прыярытэты зьнешняй палітыкі, на маю думку, у большай ступені адпавядалі б патрэбам сёньняшняй Беларусі. Думаю, што адміністрацыя Ромні ў выпадку ягонага абраньня надавала б больш увагі Ўсходняй Эўропе, і наш рэгіён мог бы зноў стаць адным з прыярытэтных у зьнешняй палітыцы ЗША. І адпаведна стваралася б новая сытуацыя, якая магла б пацягнуць за сабою новыя магчымасьці.
Безумоўна, я перакананы, што базавыя каштоўнасьці аднолькавыя і ў Абамы, і ў Ромні, каштоўнасьці дэмакратыі і свабоды слова ў любым выпадку важныя для Амэрыкі і яна будзе імкнуцца працягваць прасоўваць іх па ўсім сьвеце, у тым ліку і ў Беларусі. Але думаю, што больш цьвёрдая палітычная пазыцыя і больш адэкватная ацэнка ролі Расеі, якая сёньня імкнецца аднаўляцца як імпэрыя і нясе пагрозы як для Ўсходняй Эўропы так і ўсяго сьвету, была ў праграме менавіта Міта Ромні».
Мусіенка: Чым меней пра нас Амэрыка памятае, тым лепей
Блізкі да беларускіх уладаў палітоляг Сяргей Мусіенка кажа, што быў перакананы ў перамозе Абамы:
«Відаць, ён да канца яшчэ не зрабіў тое, што мусіць зрабіць. Але думаю, што другі тэрмін Абамы істотна ня будзе адрозьнівацца ад першага, нейкіх сур’ёзных зьменаў быць не павінна. Хаця вядома, што дзяржсакратар памяняецца, многія ключавыя людзі заявілі аб тым, што сыдуць. Караля робіць атачэньне, і калі яна памяняецца, гэта будзе важней, чым прыход самога прэзыдэнта, таму істотна, хто прыйдзе на ключавыя пасады.
Беларусі ж будзе тым лепей, чым меней пра нас Амэрыка будзе памятаць, таму што ні ў палітычным, ні ў эканамічным пляне асаблівага прагрэсу ў двухбаковых адносінах я не чакаю. Калі пра нас забудуць на чатыры гады, тады нашыя адносіны стануць лепшымі ... Я не выключаю, што бліжэйшым часам узровень дыпляматычных адносінаў будзе адноўлены, у Менску і Вашынгтоне зьявяцца амбасадары, а не толькі часова павераныя ў справах, зноў вырасьце штат амбасадаў. Гэта будзе толькі на карысьць. Калі яны будуць займацца пытаньнямі навукі, культуры, адукацыі, эканомікі, гэта будзе добра для абедзьвюх краін».
Ярашук: Амэрыканскія прафсаюзы падтрымалі Абаму
Прафсаюзны лідэр Аляксандар Ярашук двойчы слухаў выступы Абамы на зьездах амэрыканскіх прафсаюзаў:
«Прафсаюзы моцна падтрымліваюць Барака Абаму. Абама — другі прэзыдэнт пасьля Джона Кенэдзі, які адгукнуўся на запрашэньне і прыйшоў на зьезд прафсаюзаў. І трэба прызнаць, што Абама як раз праводзіць палітыку, скіраваную на тое, каб перш за ўсё задавальняць патрэбы простых людзей. З гэтага пункту гледжаньня я таксама за Абаму. Што да саміх выбараў, то іх ніяк нельга параўнаць з нашымі. Калі мы бачым, што ў ЗША да апошняй хвіліны ніхто не мог прадказаць вынік, то разумеем, што гэта сапраўдная канкурэнцыя, дэмакратыя, гэта сапраўдны выбар для амэрыканцаў, якія вольна прымаюць рашэньне адносна таго, каму даручыць лёс краіны на будучыя 4 гады».
Сасноў: Я больш расстроены, што ў нас прэзыдэнт застаўся той самы, а не ў ЗША
Экс-міністар Аляксандар Сасноў начапіў значок з выявай слана — сымбаля рэпубліканцаў, але параза іх кандыдата Міта Ромні яго асабліва не занепакоіла:
«Я больш расстроены тым, што ў нас прэзыдэнт застаўся той жа самы, чым у Амэрыцы. Яны самі разьбяруцца. Для сьвету розьніца ў тым, хто будзе кіраваць Амэрыкай, Абама ці Ромні, невялікая. Лічу, што ў іх міжнародную палітыку вызначае ня столькі прэзыдэнт, колькі дзяржава ў цэлым. А антырасейскія выступы Ромні былі рыторыкай, накіраванай на мабілізацыю сваіх выбарцаў. Тое ж, як будзе ісьці рэальная палітыка, залежыць ад многіх абставін, і не асоба, а дзяржава тут вызначае».
Някляеў: Амэрыка пацьвердзіла сваю расавую талерантнасьць
Экс-кандыдат на выбарах прэзыдэнта Беларусі Ўладзімер Някляеў кажа, што больш перажываў на гэтых выбарах за Барака Абаму:
«Нягледзячы на тое, што нібыта Ромні абяцаў больш энэргічную палітыку і нават казаў нейкія словы пра палітыку адносна дыктатарскіх рэжымаў, маючы на ўвазе ў тым ліку і Беларусь, тым не меней важная і пераемнасьць палітыкі. Асабліва для такой вялікай краіны, як ЗША. А па-другое, нашае жаданьне напружваць адносіны паміж дыктатарскімі і дэмакратычнымі рэжымамі, у прыватнасьці мелася на ўвазе тое, што Ромні казаў пра адносіны з Расеяй, што ён будзе лічыць Расею ворагам нумар адзін, то гэта наўрад ці дало б беларусам плён. Ня думаю, што такая палітыка нам на карысьць.
Нягледзячы на тое, што Абаму крытыкуюць за пасіўнасьць у зьнешняй палітыкі, але ўсё адно выводзіць войскі аднекуль, скажам з Аўганістану, лепей, чым іх уводзіць. Яшчэ мяне цешыць тое, што ЗША зноў паказалі прыклад міжрасавай цярпімасьці. Прайшло толькі два чалавечыя жыцьці з часу адмены рабства, і настолькі наперад рушыла Амэрыка. Я быў вельмі ўражаны, калі Абаму першы раз абралі, цяперашняе пераабраньне пацьвярджае, што гэта не выпадкова. Вось з чаго нам трэба браць прыклад, з той працы, якую правяла Амэрыка на шляху да міжнацыянальнай згоды».
Фёдараў: Ураган «Сэндзі» паспрыяў Абаме
Палітоляг Андрэй Фёдараў вялікі адрыў пераабранага прэзыдэнта Барака Абамы ад суперніка-рэспубліканца Міта Ромні патлумачыў тым, што Барак Абама актыўна спрычыніўся да ліквідацыяў наступстваў урагану Сэндзі:
«Я не выключаю, што ў сувязі з гэтым ураганам большая частка тых, хто хістаўся, перайшла на бок Абамы. Бо ўсе прадказаньні былі, што яны будуць роўна ісьці... Стаўленьне Абамы да Беларусі вядомае. Першыя два гады свайго папярэдняга прэзыдэнцтва ён Беларусь увогуле публічна не згадваў, потым нешта казаў, але даволі фармальнае. Наконт Ромні я не памятаю, каб ён у сваёй перадвыбарчай кампаніі таксама нешта казаў пра нашую краіну. Апанэнты абвінавачваюць Абаму ў тым, што ён надае Расеі шмат саступак. У той жа час, калі будзе моцная канфрантацыя паміж ЗША і Расеяй, то Расея будзе ўсімі сіламі ўцягваць Беларусь, таму я і з гэтага пункту гледжаньня ня ўпэўнены, што Ромні быў бы для нас лепшы за Абаму. Але ў прынцыпе думаю, што тут нічога ня зьменіцца».
Шушкевіч: Я чакаў перамогі Абамы, але не з такім адрывам
Старшыня Вярхоўнага савету 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч сустракаўся з многімі прэзыдэнтамі ЗША: Білам Клінтанам, Джорджам Бушам-старэйшым, Джымі Картэрам, слухаў выступ Джэралда Форда. На гэтых выбарах спадар Шушкевіч жадаў перамогі рэспубліканцу Міту Ромні.
«Але я не дапускаў такой думкі, на жаль. Гэта было бачна. Думаю, што Абама — добры папуліст, выступае пераканаўча. Таму я меркаваў, што ён пераможа, але што так моцна, з такім адрывам — я не чакаў. Палітыка Абамы ўжо вядомая, і таму я занепакоены, што ад яе Беларусі лепей ня будзе».