Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страйк прадпрымальнікаў у Гомелі даў вынік


Пасля папераджальнага страйку прадпрымальнікаў гандлёвага цэнтру «Сакрэт» і сустрэчы ў камітэце эканомікі Гомельскага аблвыканкаму новы ўласьнік цэнтру — менскае таварыствам з дадатковай адказнасьцю «НП-Сэрвіс» — адмовіўся ад двухразовага падвышэньня арэнднай платы.

Сябра рады прадпрымальнікаў «Сакрэту» Сьвятлана Калачова: «Прадпрымальнікі першага й другога паверхаў ужо заключылі новыя дамовы з уласьнікам на арэнду памяшканьняў. Яна павышана толькі на 10 адсоткаў. Апрача таго, зьніжана прыкладна на 20 адсоткаў плата за камунальныя паслугі, на якія былы ўласьнік адносіў нават набыцьцё канцылярскіх прыладаў і туалетнай паперы. І гэта ў той час, калі цэнтар ня мае ўласных прыбіральняў, а карыстаецца грамадзкай».

Скасаваны ў новай дамове й шэраг іншых пунктаў, якія навязваў «НП-Сэрвіс» прадпрымальнікам. У прыватнасьці, немажлівасьць дробнаму бізнэсоўцу разарваць дамову з уласнай ініцыятывы. Цяпер скасаваць дамову можа кожны з бакоў, папярэдзіўшы партнэра за 1,5-2 месяцы.

Канфлікт прадпрымальнікаў «Сакрэту» й кампаніі «НП-Сэрвіс» усчаўся на пачатку кастрычніка, калі яна прапанавала гомельскім прадпрымальнікам заключыць новыя дамовы. Ранейшыя дамовы з прадпрымальнікамі скасавалі, як тыя лічаць, махлярскім спосабам.

«Напэўна, новыя гаспадары думалі, што гомельскі цэнтар „Сакрэт“ — гэта своеасаблівы Лас-Вэгас, дзе толькі лянівы ня можа паспрабаваць зарабіць грошай. Вось яны й кінуліся зарабляць», — кажа адна з прадпрымальніц цэнтру.

У канфлікце паміж арандатарамі «Сакрэту» й кампаніяй «НП-Сэрвіс» камітэт эканомікі Гомельскага аблвыканкаму стаў на бок першых. На дасудовым урэгуляваньні канфлікту было заяўлена, што ў новага ўласьніка няма аб’ектыўных прычынаў падвышаць удвая арэндную плату,

Арганізацыйную й юрыдычную дапамогу індывідуальным прадпрымальнікам аказвае Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва», старшыня рады якога Анатоль Шумчанка неаднаразова прыяжджаў у Гомель, каб разабрацца ў сытуацыі й узяць удзел у дасудовым урэгуляваньні канфлікту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG