Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства ЖКГ: рост тарыфаў непазьбежны


Сьледам за падаражэньнем паліва, мяса, праезду ў грамадзкім транспарце чакаецца падвышэньне тарыфаў на паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі. Да 2015 году беларускі ўрад спадзяецца вывесьці ўзровень аплаты іх насельніцтвам да 60 адсоткаў.

Намесьнік міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Анатоль Шагун у часе онлайн-канфэрэнцыі на сайце дзяржаўнага агенцтва БелТА заявіў:

«Падвышэньне тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі — працэс непазьбежны. Зьвязаны ён з агульнай палітыкай дзяржавы, скіраванай на тое, каб узьняць узровень выдаткаў насельніцтва, пры гэтым ён увязаны з пытаньнем сацыяльнай абароны».

Размова йдзе аб паступовым скарачэньні так званага перакрыжаванага субсыдыяваньня ў сфэры паслуг жыльлёва-камунальнай гаспадаркі і пасажырскага транспарту для насельніцтва, калі за грамадзян часткова плацяць прадпрыемствы і дзяржава. Насельніцтва, паводле спадара Шагуна, на сёньня аплачвае 21,7 працэнта кошту камунальных паслуг. У нядаўна зацьверджаным Прагнозе сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на 2013 год пастаўленая задача да канца наступнага году гэтую лічбу давесьці да 30 працэнтаў, а ў 2015-м — да 60.

Такім чынам, сёлета з пачаткам ацяпляльнага сэзону за стандартную двухпакаёвую кватэру трэба будзе плаціць 230–240 тысяч рублёў у месяц, у наступным годзе плацяжы вырастуць да 300 тысяч рублёў, у 2014-м — да 520 тысяч, у 2015-м — да 676 тысяч рублёў.

Учорашняе павышэньне платы за праезд у грамадзкім транспарце (у Менску — да 1700 рублёў) не апошняе. У 2013 годзе тарыф на паездку ў Менску вырасьце да 2300 рублёў, у абласьцях — да 1900 рублёў.

Усе гэтыя захады сьведчаць, што ўлады паступова адмаўляюцца ад задэкляраваных імі прынцыпаў сацыяльнай дзяржавы, мяркуе незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў:

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў
«Гэта вымушаная адмова. Проста эканоміка стала неэфэктыўнай і ўсё ня цягне. Альбо адно трэба кідаць, альбо другое. Гэта сытуацыя, якая вымушае ўрад. Няма рэсурсаў».

Паводле спадара Злотнікава, падвышэньне коштаў, якое назіраецца апошнім часам, нівэлюе намаганьні ўладаў павысіць заробкі. Абяцаныя 500 даляраў у гэтых умовах ужо ня маюць такой пакупной здольнасьці, як год-два таму. Невыпадкова, што ўсе падаражэньні прыпалі на пэрыяд пасьля выбараў, мяркуе Леанід Злотнікаў:

«Да выбараў сапраўды цягнулі, але было яшчэ вясною абяцана, што з восені будзе павялічаная доля аплаты насельніцтвам паслуг ЖКГ. Таму што эканоміка неэфэктыўная, зараз спад пайшоў у прамысловай вытворчасьці, у ВУП апошнія тры месяцы. Няма куды падзецца».

Сёлета інфляцыя да канца году чакаецца на ўзроўні 20 працэнтаў. Пры такіх тэмпах росту цэн і тарыфаў ураду будзе складана ўтрымаць прагнозны паказчык па інфляцыі на 2013 год у памеры 12 працэнтаў за год, мяркуе Леанід Злотнікаў:

«Ня тое што складана. Мой апошні артыкул у газэце заканчваецца так: я не ўяўляю, як яе можна ўтрымаць».

Леанід Злотнікаў у сваім артыкуле ў газэце «Белорусы и рынок» робіць выснову, што ва ўмовах павелічэньня сярэдняга заробку да 500 даляраў і высокай інфляцыі ў 2013 годзе цяжка будзе пазьбегнуць паўтарэньня фінансавага крызісу 2011 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG