Мая Кацыянчыч, прэсавая сакратарка вярхоўнай прадстаўніцы Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан, заявіла ў сувязі з выбарамі ў Беларусі:
«Учорашнія парлямэнцкія выбары былі да пэўнай ступені змарнаваным шанцам для правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі. Зараз мы заахвочваем улады прыняць захады для поўнай рэалізацыі міжнародных абавязаньняў Беларусі адносна дэмакратычных прынцыпаў і правоў чалавека».
Кацыянчыч адзначыла, што ў выбарчым працэсе ў Беларусі былі «некаторыя паляпшэньні» — яна згадала ў гэтым кантэксьце папраўкі ў Выбарчым кодэксе і мірны характар асноўнага дня галасаваньня — але дадала, што выбары «праходзілі на фоне агульнай атмасфэры ціску і запалохваньня любой альтэрнатыўнай палітычнай думкі» ў краіне.