Амэрыка Абамы – краіна без пэрспэктываў
Сьветавіт Сокалаў
Сярод студэнтаў гэта ўжо стала жартам. На пытаньне «Што ты зьбіраесься рабіць пасьля заканчэньня вучобы?» яны даюць адзін з двух адказаў: «Нічога...» або «Вяртаюся жыць да мамы й таты». Часам, перад тым, нехта зь іх скажа, маўляў, буду рабіць кар’еру. Але для бальшыні гэта гучыць сьмешна. Вось такі змрочны погляд студэнтаў Ратгарсу на сваю пэрспэктыву. Падобнае і ў іншых унівэрсытэтах. Прынамсі там, дзе вучацца мае сябры (Лыгай, Веланова, Унівэрсытэт Мічыгану).
Ратгарс – унівэрсытэт даволі прэстыжны, прызнаны ў сьвеце й паводле шмат якіх вымярэньняў – лепшы, чым вядомыя Прынстан ці Гарвард. Але нават гэтая прэстыжнасьць не дае пэўнасьці ў працаўладкаваньні пасьля атрыманьня дыплёму. Вось і пытаюцца студэнты самі ў сябе: «Нафіга я пазычыў 50 тысячаў даляраў, каб заплаціць за вучобу?» А 50 тысячаў гэта толькі мінімум. «Ці гэта было варта?» «Як цяпер вярнуць пазыку?» І зусім неістотна, на каго яны ўскладаюць адказнасьць за сытуацыю. Пэрспэктываў усё адно няма.
У 2008 годзе Барак Абама абяцаў забясьпечыць працай усіх тагачасных студэнтаў. У 2012 годзе можна з упэўненасьцю сказаць, што абяцаньне было пустым сатрасаньнем паветра. У вольны ад заняткаў час я працую ў краме, дзе апрача мяне, працуе яшчэ 19 чалавек. Пяцёра з нас маюць вышэйшую адукацыю. Яны скончылі факультэты бізнэсу, фінансаў і бухгальтэрыі. Гэта значыць, што ¼ работнікаў крамы ня могуць знайсьці працу паводле атрыманай ва ўнівэрсытэце спэцыяльнасьці.
Ці гэта не пацьвярджае словы Абамы пра эканамічны рух наперад?
У 2008 годзе Абама здолеў завесьці, улучыць, актывізаваць і пацягнуць за сабой амаль усю моладзь, бо намаляваў ёй прыгожую пэрспэктыву. Думаю, сёньня такі нумар ня пройдзе.
Агульнавядома, што Злучаныя Штаты – краіна, дзе пры доўгім беспрацоўі або хранічнай беднасьці чалавек будзе дагледжаны дзяржавай пры дапамозе гэтак званага «вэлфару» (welfare – забесьпячэньне мінімальнага ўзроўню падтрымкі сацыяльнага і фінансавага дабрабыту для ўсіх грамадзянаў).
Але, і пра гэта кажуць ужо ня толькі студэнты, «вэлфар» зь вялікага плюсу ператварыўся ў вялікі мінус. Ён стымулюе ляноту. Як вынік: у многіх вэлфар-сем’ях дзеці нават ня думаюць, што ім калі-небудзь трэба было б пайсьці на працу.
Вядома, ніхто не сумняецца, што ёсьць катэгорыі людзей, якія патрабуюць дапамогі. Але, у выпадку з «вэлфарам», гэтая дапамога нярэдка большая, чым мог бы быць заробак. Адкуль жа можа зьявіцца жаданьне нешта рабіць?
Выдаткі на «вэлфар» складаюць немалую частку дзяржаўнага бюджэту, які сёньня мае 6 трыльёнаў даляраў дэфіцыту. Як вядома, «вэлфар» – вынаходніцтва дэмакратаў.
Варта было б спадзявацца, што атрымаўшы дапамогу й перажыўшы цяжкія часы, атрымальнікі «вэлфару» з удзячнасьцю вернуць дзяржаве дадзеныя ім грошы і пакажуць, што прынамсі гэтая ідэя дэмакратаў прагрэсіўная й жыцьцяздольная, і што яна добрая.
Але нічога добрага не адбываецца. І гэта не выпадковасьць. Гэта – заканамернасьць, лягічны вынік палітыкі, якую й надалей зьбіраецца, у разе пераабраньня, праводзіць цяперашні прэзыдэнт ЗША.
Ніхто не сумняецца, што Абама вельмі стараўся, і што задачы, якія стаялі перад ім, былі нялёгкімі. Але амэрыканскія выбарцы выбралі яго не для таго, каб ён паспрабаваў разьвязаць наяўныя праблемы, а каб ён разьвязаў іх.
Абраны на кандыдата ў чарговыя прэзыдэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Міт Ромні паказаў сябе як чалавек, які разумее бізнэс і законы эканомікі. Ён стварае ўражаньне, што пры ягонай адміністрацыі Амэрыка вернецца да эканамічнай магутнасьці, якую яна мела да цяперашняга эканамічнага крызысу.
Сокалаў Сьветавіт Анатоль нарадзіўся ў 1992 годзе ў Нью-Ёрку. Пачатковую адукацыю атрымаў у Празе (Чэхія). Па вяртаньні ў ЗША далучыўся да беларускага маладзёвага руху. Бярэ актыўны ўдзел у бальшыні грамадзка-палітычных і культурніцках імпрэзаў беларускай дыяспары. Пад час мінулых прэзыдэнцкіх выбараў (2008) працаваў добраахвотнікам у рэгіянальным выбарчым штабе кандыдата ад рэспубліканцаў Джона Макейна. У 2010 годзе скончыў школу ў Іст-Брансьвіку й паступіў ва ўнівэрсытэт Ратгэрс. Вывучае палітычныя навукі й эканоміку. Займаецца спортам (хакей, веславаньне).
Абама як Робін Гуд
Ігар Чэрнік
Пачну з таго, што я за дэмакратычную партыю і за Абаму. Патлумачу чаму.
Большасьць людзей працуе за мінімалку 8 даляраў за гадзіну, хапае толькі на неабходнае. Сацыяльныя і льготныя праграмы – тое, што дае людзям зьвесьці канцы з канцамі. Абаму папракаюць, што падымае падаткі для багатых на карысьць сацыяльных праграмаў.
І правільна робіць. Трэба жыць тут, каб гэта зразумець. Буйныя карпарацыі настолькі задушылі малы бізнэс, што амаль немагчыма раскруціцца і ўстаць на ногі. Падатак для тых, хто зарабляе больш за мільён у год – абсалютна апраўданы.
Пры Абаму ня будзе шалёных растратаў кшталту 5 мільярдаў даляраў дзеля палёту на Марс. Я тут у мясцовых сяброў амэрыканцаў пытаўся, як яны глядзяць на тое, што аж 5 мільярдаў (заўважу – праект часоў кіраваньня рэспубліканцаў) з вашых падаткаў пайшло на марсаход. Усе абураныя, асабліва тым, што запуск прыйшоў на крызысны час. Але ж цікава, што эўрапейцы, якія ня плацяць падаткаў у Амэрыцы, з захапленьнем кажуць: «Крута! Цяпер даведаемся ці ёсьць жыцьцё на Марсе...»
Важна, што Абама абяцае легалізаваць нелегалаў. Цяпер яны змогуць больш зарабляць і адпаведна плаціць падаткі, вырашыцца праблема з працоўнымі месцамі. Напрыклад, мэксыканцы вельмі добра працуюць на палях. Былыя нелегалы запоўняць працоўныя месцы, асабліва там, дзе амэрыканцы лічаць працу «непрэстыжнай».
Тыя, хто прыяжджаюць у ЗША, у тым ліку, зь Беларусі, сутыкаюцца з праблемамі наконт дакумэнтаў, статусу, і гэтак далей. Ёсьць вялікае спадзяваньне на Абаму, які шчыра спрабуе гэтае пытаньне вырашаць.
Нядаўна па мясцовым радыё ў нас у Каліфорніі гучала, што ніводзін прэзыдэнт нічога ня зможа зрабіць ва ўнутранай палітыцы, таму ўсе іх намаганьні могуць быць толькі ў зьнешняй.
Гэта таксама праўда. Дык вось, Абама абяцае «перазагрузку» з Расеяй. Магчыма, вы закрычыце: «Як так!? Якая ганьба!?» Насамрэч нічога дрэннага ў гэтым няма. Проста ўсе канфліктныя моманты будуць вырашацца дыпляматычным спосабам. Многія адвярнуліся ад Ромні пасьля яго заявы, што Расея – вораг нумар адзін.
Што гэта значыць? Пачнецца нарошчваньне вайсковага патэнцыялу, а значыць і падаткі. А ці мне, як звычайнаму простаму жыхару, гэта патрэбна? Часы «халодных войнаў» мінулі. Ня бачу ні я, ні большасьць амэрыканцаў пагрозы ад Расеі...
Абама – прэзыдэнт, які пачаў рабіць амэрыканскую палітыку па-новаму, сьмела, яскрава, з улікам інтарэсаў усіх пластоў насельніцтва, а ня толькі абраных. Толькі сьляпы ня бачыць пазытыўных зрухаў.
Чэрнік Ігар, нарадзіўся 14 студзеня 1986 году ў Менску. Перамагаў у алімпіядах па геаграфіі, удзельнічаў у літаратурных конкурсах. У 2000 паступіў у Коласаўскі ліцэй. Браў удзел у палітычных акцыях. Пасьля фармальнага закрыцьця ўстановы адмовіўся працягваць адукацыю ў ліцэі БДУ, іспыты здаваў экстэрнатам. Далей вучыўся ў Віленскім унівэрсытэце, спачатку на філфаку, а пасьля на факультэце міжнародных зносінаў і палітычных навук. Пасьля вярнуўся ў Менск, паступіў у Тэалягічны інстытут на багаслоўе. У 2010 пераехаў на жыхарства ў ЗША. Жыве у штаце Каліфорнія, жанаты, мае сына і дачку. Працуе мэнэджэрам па продажы калекцыйных манэтаў з каштоўных мэталаў.