Лагвінец: «Замежная палітыка ЗША адзначаецца пасьлядоўнасьцю. ЗША хочуць бачыць Беларусь дэмакратычнай эўрапейскай краінай, якая шануе правы сваіх грамадзянаў. Розныя адміністрацыі аддавалі пэўную ўвагу сытуацыі ў Беларусі, быў прыняты „Акт у падтрымку дэмакратыі“, які ўвесь час аднаўляецца. Цяперашняя адміністрацыя Абамы, дарэчы, таксама аднавіла дзеяньне гэтага Акту. Можна сказаць, што ЗША нязьменна выяўляюць зацікаўленасьць у тым, каб у Беларусі паступова адбыліся дэмакратычныя пераўтварэньні».
Цыганкоў: «Вы маеце рацыю наконт пэўнай пасьлядоўнасьці, але той самы „Акт аб дэмакратыі“ быў прыняты падчас прэзыдэнцтва рэспубліканца Буша-малодшага, а дэмакрат Барак Абама, у адрозьненьне ад Буша, нашмат радзей узгадваў Беларусь у сваіх публічных прамовах...»
Лагвінец: «Вядома, пэўныя адрозьненьні ёсьць. Вядома, што замежная палітыка Абамы больш мяккая, кансэнсусная. Абама паспрабаваў перазагрузіць адносіны з Расеяй, і, магчыма, зь меншай цікавасьцю глядзеў на рэгіён Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.
У той самы час рэспубліканцы маюць больш прынцыповы і цьвёрды падыход у міжнародных справах. Яны кажуць, што нельга заплюшчваць вочы на тое, што адбываецца ў Расеі, і не крытыкаваць гэта. Яны за тое, каб актыўна змагацца супраць „кепскіх хлапцоў“.
Калі Ромні стане прэзыдэнтам, можна чакаць, што пазыцыя ЗША адносна Беларусі стане больш актыўнай. Мы ведаем, што падчас нядаўняга візыту ў Польшчу Міт Ромні ўзгадаў „дыктатарскі рэжым“ у Беларусі і сказаў, што вызначальнае для людзей — іхняе змаганьне за свабоду».