Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шыльду ў гонар аўтара бел-чырвона-белага сцяга адкрылі цішком


Адкрыцьцё шыльды было прымеркавана да Дня беларускага пісьменства і друку, які адзначаецца сёлета ў Глыбокім 2 верасьня. Паводле праграмы сьвяткаваньняў, адкрыцьцё мусіла адбыцца 1 верасьня, але чамусьці гэта здарылася напярэдадні, 31 жніўня.

Мэмарыяльная шыльда з партрэтам Клаўдзія Дуж-Душэўскага зьявілася на доме № 22 па вуліцы Горкага. Дом, дзе ў 1891 годзе нарадзіўся Клаўдзій Дуж-Душэўскі, стаяў побач з гэтым будынкам.

На адкрыцьцё шмат хто з ахвотных ня трапіў, бо пра перанос падзеі на іншы час мала хто ведаў.

«Верагодна, гэта зроблена знарок. Каб тут не было магчымасьці сабрацца разам сьвядомым беларусам», — мяркуе незалежны журналіст Кастусь Шыталь.

Дарэчы, мэмарыяльная дошка ў гонар Клаўдзія Дуж-Душэўскага, які лічыцца стваральнікам бел-чырвона-белага сьцяга, зьявілася ўжо не ўпершыню. Чатыры гады таму, 23 сакавіка 2008 году, напярэдадні 90-х угодкаў абвяшчэньня БНР, шыльду з партрэтам беларускага грамадзкага дзеяча і надпісам «Клаўдзій Дуж-Душэўскі. Палітык. Асьветнік. Дойлід» усталявалі мясцовыя актывісты.

Гаспадар таго самага дому № 22 па вуліцы Горкага Раймунд Салодкі ня меў нічога супраць. Але запратэставалі мясцовыя ўлады. Праз два дні пасьля адкрыцьця шыльда зьнікла, а аўтараў ініцыятывы ўшанаваньня памяці земляка выклікалі «на размову» ў міліцыю.

Чатыры гады таму шыльду ў гонар Клаўдзія Дуж-Душэўскага зьнялі паводле распараджэньня Глыбоцкага райвыканкаму. Цяпер на тым самым доме, ужо са згоды ўладаў, зьявілася іншая шыльда. Праўда, яе адкрыцьцё усё ж вырашылі «прыхаваць» ад грамадзкасьці.

Клаўдзій Дуж-Душэўскі (27.03 (паводле іншых зьвестак 13(26).4.1891), мястэчка Глыбокае Дзісенскага павету Віленскай губэрні — 25.2.1959, Вільня) — палітычны дзяяч, дыплямат, архітэктар, рэдактар, пэдагог. У 1912 скончыў Віленскую рэальную вучэльню, дзе далучыўся да беларускага руху, у 1912–1918 вучыўся ў Пецярбурскім горным інстытуце. Удзельнічаў у выданьні часопісу «Раніца». Стварыў эскіз бел-чырвона-белага сьцяга. Ухваліў абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі, з восені 1919 быў дыпляматычным прадстаўніком ураду БНР у дзяржавах Балтыі. Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі і на беларускіх настаўніцкіх курсах. У 1927 скончыў Літоўскі ўнівэрсытэт (Коўна). Рэдагаваў часопіс «Беларускі сьцяг» (1922), браў удзел у выданьні часопісу «Крывіч» (1923–1926), рэдагаваў часопіс «Беларускі асяродак» (1933). Перакладаў на беларускую мову падручнікі для сярэдніх школ.

Некалькі разоў арыштоўваўся польскімі, нямецкімі і савецкімі ўладамі, у лютым 1952 асуджаны на 25 гадоў зьняволеньня як беларускі нацыяналіст. Вызвалены ў красавіку 1955. Працаваў у інстытуце «Літбудпраект». Пахаваны ў Коўне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG