18 лістапада Мікалай Аўтуховіч, якога трымаюць у горадзенскай турме, выйшаў на сувязь са сваякамі пасьля больш як месяца маўчаньня. Ад палітвязьня стала вядома, што ён адбыў 21 дзень у ШЫЗА, дзе яму толькі зрэдку аказвалі мэдычную дапамогу, хоць ён мае хранічныя захворваньні.
«Размова па тэлефоне была кароткай. Пасьпеў сказаць, што пачуваецца „ня вельмі“, бо 21 дзень прабыў у „санаторыі“. Гэтак вязьні там завуць ШЫЗА. Яшчэ пасьпеў сказаць, што было вельмі халодна, толькі ў канцы тэрміну ў камэры адрамантавалі ацяпленьне. Начамі, сказаў, увогуле „катастрофа“, так было халодна», — расказала крыніца са спасылкай на сваякоў Мікалая Аўтуховіча.
Паводле яе, Мікалай Аўтуховіч скардзіўся на недахоп мэдычнай дапамогі.
«Ён хранічны гіпэртонік, яму трэба рэгулярна кантраляваць ціск. Але сказаў, што забралі таномэтар, хаця ў яго быў дазвол на карыстаньне. Яшчэ нерэгулярна выклікалі да яго лекара, калі ён прасіў дапамогі. Кажа, толькі ў адным зь пяці выпадкаў выклікалі. Як звычайна, ён ня шмат казаў пра здароўе, але гэтым разам сказаў, што «калі зь ім штосьці здарыцца, дык гэта было зроблена спэцыяльна».
Паводле зьвестак крыніцы, у Мікалая Аўтуховіча пухнуць ногі, таксама палітвязень пакутуе ад хваробы суставаў.
«Ён зьбіраецца скардзіцца на ўтрыманьне ў ШЫЗА і неаказаньне мэдычнай дапамогі», — паведаміла крыніца.
- Былы прадпрымальнік з Ваўкавыску, вэтэран вайны ў Афганістане часоў СССР Мікалай Аўтуховіч асуджаны на 25 гадоў зьняволеньня паводле 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, уключна з «замахам на захоп дзяржаўнай улады» і «замахам на акт тэрарызму».
- Аўтуховіча затрымалі ў пачатку сьнежня 2020 году. У горадзенскай турме № 1 Мікалай Аўтуховіч ужо некалькі разоў трапляў у ШЫЗА.
- Беларускія праваабаронцы прызналі Мікалая Аўтуховіча палітвязьнем.
Форум