Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агітацыя пад наглядам цэнзараў


Мікалай Уласевіч
Мікалай Уласевіч

Многія кандыдаты ў дэпутаты ад апазыцыі, ведучы агітацыйную кампанію, па-ранейшаму сутыкаюцца з перашкодамі з боку ўлады. Асабліва гэта датычыць выступаў на тэлебачаньні й радыё.

Пра канфліктныя сытуацыі паведамляюць рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

Мікалай Уласевіч, кандыдат у дэпутаты ад АГП, не пагадзіўся з праўкамі падчас запісу свайго тэксту для радыё і тэлебачаньня. У выніку па радыё замест яго выступу прагучала музыка. Заўтра згодна з графікам павінны паказваць ягоны выступ па тэлебачаньні, але Ўласевіч мяркуе, што не пакажуць, бо тэкст адзін і той жа.

Астравец

«Я не пайду на гэтыя выбары, паколькі выбару ў нас няма»

Мікалай Уласевіч накіраваў сёньня скаргу ў ЦВК на дзеяньні абласной дзяржтэлерадыёкампаніі. Ён лічыць, што адказныя асобы, не прапусьціўшы выступ у эфір, парушылі ягоныя канстытуцыйныя правы. Праўда, Уласевіч упэўнены, што ЦВК на гэта адрэагуе фармальна, як і на ўсе скаргі апазыцыйных кандыдатаў.

Уласевіч кажа, што за ягоным выступам падчас запісу назірала цэлая камісія — людзей ён ня ведае. А жанчына, якая яго запісвала, увесь час зь імі перагаворвалася. На яго просьбу даць суфлёра, як іншым, ніяк не адрэагавалі. Таму ён і прасіў ягонага выступу болей не перабіваць і гаварыў згодна са сваім тэкстам:

Уласевіч: «Я не пайду на гэтыя выбары, паколькі выбару ў нас няма». А потым нагадаў словы Лукашэнкі, якія той казаў напрыканцы 90-х: „Не хадзіце на выбары — усё роўна падмануць“. Я сказаў, што гэтыя словы сталі прарочымі і што з таго часу ў краіне няма выбараў. Казаў яшчэ пра інфляцыю, дэвальвацыю, іншае, а ў канцы выступу сказаў пра будаўніцтва АЭС і падсумаваў, што гэта — злачынства».


Іўе

«Выкрасьлілі абзац з тэксту майго выступу: „АГП заклікае вас прыняць удзел у кампаніі за сумленныя выбары без Лукашэнкі“»
Выступ кандыдаткі ад АГП зь Іўя Ірыны Давідовіч па тэлебачаньні паказалі, але сцэнзураваны. Паводле Давідовіч, ад яе запатрабавалі выкрасьліць адзін абзац, пагражаючы, што інакш выступ наагул ня выйдзе ў эфір.

Давідовіч: «Выкрасьлілі там, дзе былі словы: „АГП заклікае вас прыняць удзел у кампаніі за сумленныя выбары без Лукашэнкі. Толькі свабодныя выбары — гэта наша права і наша збаўленьне!“ Вось гэты абзац ня тое што яны выкрасьлілі, а сказалі, каб гэтага не было».

І вось у эфіры выступ Давідовіч паказалі бяз гэтага абзаца.


Гомель

Цэнтравыбаркам цэнзуруе рукамі тэлерадыёкампаній
Гомельскія кандыдаты ў дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі ня могуць праз тэлебачаньне й радыё зьвярнуцца да сваіх выбарцаў — іх не пускаюць у эфір на тэлеканале «Беларусь-2» і праз правадную радыётрансьляцыйную сетку.

Уладзмер Няпомняшчых ля дзьвярэй гомельскай тэлерадыёкампаніі
Уладзмер Няпомняшчых ля дзьвярэй гомельскай тэлерадыёкампаніі
29-га жніўня не паказалі выступ кандыдата ў дэпутаты ад АГП у Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акрузе № 36 Уладзімера Няпомняшчых. Вось што ён паведаміў:

«Калі я прыйшоў у студыю тэлерадыёкампаніі „Гомель“ на запіс, зьявілася намесьніца дырэктара, паглядзела на маю майку з надпісам „За Беларусь без Лукашэнкі“ і прапанавала пераапрануцца, бо, маўляў, у такім выглядзе могуць не прапусьціць у эфір. Мяне пазнаёмілі таксама зь некаторымі артыкуламі Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях — нельга прапагандаваць у эфіры насільле, жорсткасьць, міжнацыянальную варажнечу, нельга выказваць абразы . Нічога забароненага я не сказаў у выступе. Гаварыў толькі пра тое, што выбараў няма — і людзям няма чаго ісьці на выбарчыя ўчасткі. Сказаў і пра цяжкае эканамічнае становішча краіны — як вынік палітыкі Аляксандра Лукашэнкі».

На думку кандыдата, майка з надпісам, заклік да байкоту выбараў і публічнае падсумаваньне вынікаў 18-гадовага праўленьня Аляксандра Лукашэнкі й спрычыніліся да таго, што тэлевыступ ня выпусьцілі ў эфір. Уладзімер мае намер разабрацца, хто канкрэтна забараніў ягоны зварот да выбарцаў, і зьвярнуцца ў суд па аднаўленьне справядлівасьці, а калі спатрэбіцца, то і ў Камітэт ААН па правах чалавека.

Васіль Палякоў
Васіль Палякоў
У радыёэфіры 29 жніўня не прагучаў таксама выступ кандыдата ў дэпутаты ў Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе № 34 , старшыні рэгіянальнай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Палякова. У адведзеныя яму 5 хвілін праз правадную сетку перадавалі музыку. Напярэдадні і тэлевыступ Палякова не прайшоў цэнзуру.

Палякоў: «Сёньня я хадзіў у тэлерадыёкампанію „Гомель“, каб даведацца, хто канкрэтна прымаў рашэньне не даваць у эфір мой выступ. Аднак адказны рэдактар Вольга Канавалава была нібыта вельмі занятая і да яе немажліва было дабіцца. Калі я пайшоў да кіраўніцтва тэлерадыёкампаніі, то там спаслаліся на тое, што нікога няма на месцы і ніхто ня будзе размаўляць са мною. Міліцыянт проста не пусьціў».

Зьвязваўся кандыдат Палякоў праз тэлефон і з Цэнтравыбаркамам:

«Патэлефанаваў у Цэнтральную камісію і запытаўся ў сакратара Лазавіка — хто канкрэтна прымаў рашэньне, каб маё выступленьне не пайшло ў эфір? Ён адказаў, што ЦВК дала рэкамэндацыі ўсім радыёкампаніям, каб яны не пускалі ў эфір выступы, дзе ёсьць заклікі да байкоту. І атрымліваецца, што Цэнтральная камісія пераклала адказнасьць на рэгіянальныя кампаніі, і ўжо яны прымалі рашэньне, пускаць у эфір ці не».


Салігорск

«На СТВ, відаць, спалохаліся, што я нагадаў пра патрабаваньне правесьці сумленныя выбары без Лукашэнкі»
У Салігорску не пабачаць тэлевыступаў мясцовых апазыцыянэраў. Пра гэта стала вядома пасьля публікацыі на сайце Цэнтравыбаркаму рашэньня Назіральнай рады па кантролі за захаваньнем парадку й правілаў перадвыбарчай агітацыі ў сродках масавай інфармацыі.

Відэазапісы выступаў кандыдатаў у дэпутаты ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі па Салігорскай выбарчай акрузе № 68 Віктара Малочкі й Арцёма Агафонава, які балятуецца ў дэпутаты па Салігорскай сельскай выбарчай акрузе № 69, «забракавала» назіральная рада пры ЦВК. Матыў — гэтыя кандыдаты нібыта агітуюць супраць удзелу ў выбарах.

Віктар Малочка: «Гэта адбылося на СТВ — «Сталічным тэлебачаньні». Чаго яны спалохаліся? Я мяркую, з-за таго, што было нагадана патрабаваньне правесьці свабодныя выбары без Лукашэнкі. Хоць там жа, на СТВ, калі мы там былі й чакалі запісу, журналісты нас пераконвалі, што «ніводнага слова ня выкінем, усё, што вы скажаце, — застанецца!»

Віктар Малочка — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, вылучаны ад яе кандыдатам у дэпутаты. Малочка вядомы на Салігоршчыне як адстаўны падпалкоўнік фінансавай міліцыі. Пра сваю працу ў агітацыйнай кампаніі паведамляе:

«Зараз будзем улёткі друкаваць і распаўсюджваць. А на 5 верасьня Салігорскі райвыканкам дазволіў мне сустрэчу з выбарцамі ў ДК „Будаўнік“ а 19 гадзіне. Абяцалі прыехаць Анатоль Лябедзька й Станіслаў Багданкевіч. Таксама я напісаў заяву ў рэдакцыю салігорскай аб’яднанай газэты „Шахцёр“. Сёньня-заўтра гэты тэкст я занясу асабіста».

Па словах суразмоўцы, ён таксама выкарыстоўвае магчымасьці для кантактаў з выбарцамі на вуліцы:

«Сустракаюся, так. Раздаю тэксты сваіх выступаў. Калі сустракаюся з простымі людзьмі, то яны выказваюць мне сваю падтрымку. Калі ж які „вэртыкальшчык“, то размаўляць на вострыя тэмы баяцца…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG