Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бяз ворагаў гэты рэжым існаваць ня можа...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко
У допісах, якія мы атрымліваем у гэтыя апошнія дні жніўня, гучаць пераважна тры тэмы: выбарчая кампанія, якая адлічвае апошнія тыдні перад галасаваньнем; выступ беларускіх алімпійцаў у Лёндане і скандалы, якія гэты выступ суправаджалі; а таксама наступствы «швэдзкага дэсанту» — дзёрзкай акцыі з плюшавымі мядзьведзікамі, скінутымі над Беларусьсю двума пілётамі-аматарамі, якія бесьперашкодна перасеклі літоўска-беларускую мяжу і гэтак жа лёгка пакінулі неба Беларусі, не заўважаныя супрацьпаветранай абаронай.

Зь ліста на тэму «мядзьведжага дэсанту» і пачну сёньняшнюю размову. Наш даўні слухач і аўтар Мікалай Бусел зь вёскі Пружынішчы Акцябрскага раёну з гэтай нагоды піша:

«Палёт сьмелых швэдзкіх Ікараў даў пстрычку па носе рэжыму і ягонаму галоўнаму камандуючаму, бо, кажучы іхнай лексыкай, „зьняважыў гонар і годнасьць“. А гэтае злачынства караецца ў нас, як вядома, „жэстачайшэ“.

Ня маючы магчымасьці кусануць „ворагаў“ з далёкага замежжа, рэжым кусае таго, хто бліжэй. У нашым выпадку — першых-лепшых рыэлтара ды студэнта. Мне гэта нагадвае паводзіны шалёнага сабакі. Рэакцыя і неадэкватная, і неразумная. Але па-свойму лягічная: раз ёсьць ворагі, то мусіць быць і абаронца — гэткі Пакаці-Гарошак. Бяз ворагаў рэжым ня можа нармальна існаваць.

Тут і яшчэ адно. Па сутнасьці, мы назіралі, як адзін менскі купал ня вытрываў аднаго лёгкага самалёціка, авіянэткі. Дык колькі самалётаў вытрымае купал Астравецкай АЭС? Колькі трэба марцір, бамбард, фальканэтаў, каб адбіць хмары варожых страшыдлаў?

Я ж раю нашым ваярам антыпаветранай варты: ды прапускайце вы спакойна ўсё, што ляціць на Расею і Маскву! Уявіце: саб’яце вы здуру нейкі бамбавоз, а акажацца, што ў тым апараце — атамная бомба? На які ляд яна нам? Хай сабе ляціць, куды паслалі...

Варта было б адважным швэдзкім Ікарам даць ганаровую грамату за выдатны тэст абароны, а не займацца глупствам з высылкай дыпляматаў, закрыцьцём пасольстваў і тузаньнем генэралаў.

Што тут дадаць... Не кажы, кума, бо такая сама».

Як вядома, на гэты момант фатограф Антон Сурапін, які разьмясьціў у сеціве здымкі швэдзкіх мядзьведзікаў, і рыэлтар Сяргей Башарымаў, які арандаваў для швэдаў кватэру ў Менску — з турмы КДБ вызваленыя, хоць абвінавачанымі быць не перасталі. Адметна, што выпусьцілі іх толькі пасьля таго, як швэдзкія пілёты на прапанову зьявіцца на допыт у беларускі КДБ адказалі зьедлівай адмовай.

Можна зразумець вашу, спадар Мікалай, іронію, калі вы спрабуеце прааналізаваць гэтую сытуацыю. Сапраўды, Беларусь са зразумелых прычын ня здольная выконваць ролю магутнай супэрдзяржавы, утрымліваць вялікую сучасную армію, за ўласны кошт абнаўляць эфэктыўную сыстэму супрацьпаветранай абароны... Ды ёй гэта ў сёньняшніх умовах і не патрэбна. Ніводзін з суседзяў ісьці на беларусаў вайной не зьбіраецца. І калі заляціць сюды выпадкова нейкі не санкцыянаваны ўладамі паветраны шар ці самалёцік зь мядзьведзікамі — то ўвесь так званы «канфлікт» можна вырашыць на ўзроўні чыноўнікаў МЗС ды адміністратыўнай справы з пакараньнем вінаватых грашовым штрафам. Але ў аўтарытарнага рэжыму — іншая лёгіка паводзін. На зьнішчэньне шара з амэрыканскімі пэнсіянэрамі паднімаюць зьнішчальнік і бязьлітасна расстрэльваюць мірных людзей. І са швэдзкімі пілётамі было б тое ж самае — калі б толькі іх заўважылі і пасьпелі падняць у паветра ваенную авіяцыю.

✉ ✉ ✉

Наш слухач Аляксандар Сувораў са Смаргоні таксама выказваецца наконт актуальных падзеяў, пра якія шмат гавораць і пішуць на працягу апошніх тыдняў — найперш пра выбарчую кампанію і пра выступ беларускіх алімпійцаў у Лёндане. У сваім лісьце спадар Аляксандар піша:

«Апошнія тыдні па „Свабодзе“ можна было пачуць зласьлівыя водгукі з нагоды няўдалага выступу беларускіх спартоўцаў на Алімпіядзе. Цікава, а вось калі б няўдала выступілі, напрыклад, брытанцы, а апазыцыйная лейбарысцкая партыя стала б з гэтай нагоды радавацца — што было б? Ці ня здарылася б так, што ангельскія фанаты па цаглінах разбурылі офіс гэтай партыі? Думаю, добра перапала б і самім апазыцыянэрам...

Цяпер — колькі слоў пра мясцовыя смаргонскія праблемы. У нас у раёне кандыдатам балятуецца чалавек зь іміджам антыядзершчыка: заўзята выступае супраць будаўніцтва Астравецкай АЭС. Дапусьцім, ён пераможа — і што? Няўжо ён даможацца таго, каб Нацыянальны сход прыняў закон аб прыпыненьні будаўніцтва атамнай станцыі? Гэта ж проста нейкая ненавуковая фантастыка».

Пакуль што, спадар Аляксандар, у Палаце прадстаўнікоў няма ўвогуле ніводнага дэпутата, які б наважыўся хоць слова сказаць насуперак таму, хто прыняў рашэньне аб гэтай далёка не бясспрэчнай будоўлі. Калі б хоць адзін такі дэпутат у Авальнай залі зьявіўся — гэта ўжо было б вялікім прагрэсам для беларускай палітычнай сыстэмы. Бяда ў тым, што шанцаў на гэта няшмат: хутчэй за ўсё, выбары пройдуць паводле ранейшага сцэнару ўлады, і ў дэпутацкія крэслы трапяць толькі тыя, хто дружна галасуе за любую ініцыятыву Лукашэнкі, якой бы сумнеўнай і супярэчлівай яна ні выглядала.

Што да рэакцыі на выступ беларускай каманды на лёнданскай Алімпіядзе... Не прыпомню, каб хоць якая апазыцыйная партыя ў Беларусі выказвала задавальненьне з нагоды няўдалага выступу на Алімпіядзе таго ці іншага беларускага спартоўца. Часта крытыкуецца дзяржаўная палітыка ў галіне спорту, вялізныя выдаткі на будаўніцтва лядовых палацаў, якія мала адбіваюцца на выніках выступаў беларускай хакейнай каманды — гэта праўда. І хіба гэтыя высновы не падзяляе вялікая частка (калі ня большасьць) беларускага грамадзтва?

✉ ✉ ✉

Наступны ліст мы атрымалі зь Берасьця, ад слухача, які не назваў свайго імя і прозьвішча, патлумачыўшы гэта тым, што працуе ў выканкаме. Ён піша:

«Паважаная „Свабода“! Пішу вам першы раз, а вось слухаю гадоў 30. Цяпер „Свабода“ багата часу адводзіць выбарам. Але як бы грамадзяне ні галасавалі — усё роўна ўлада будзе махляваць. Я пра гэта ведаю, таму што працую ў выканкаме. Якая лічба ім патрэбная — такую і напішуць.

Лічу, „Свабодзе“ больш трэба гаварыць пра тых, хто намі кіруе, а таксама пра тое, як распрадаецца агульнанародная маёмасьць, які размах набыла карупцыя.

Узяць хоць бы нашу берасьцейскую „вэртыкаль“. Яна ж больш падобная на пансіянат для старых людзей, чым на штаб маладых і энэргічных кіраўнікоў. Кіраўнік аблвыканкаму Сумар — пэнсіянэр, і ягоныя намесьнікі — асобы пэнсійнага веку. Тое ж можна сказаць і пра старшыню гарвыканкаму і ягоных намесьнікаў. Падобная карціна — у Ленінскім раёне. Апроч таго, усе гэтыя выканкамы набітыя ўсялякімі родзічамі кіраўнікоў. Чаму яны там апынуліся? Дзеля чаго сядзяць?

Ні для кога таксама не сакрэт, чый сын стаў кіраўніком абласной ДАІ, чый брат кіруе ўсім раённым гандлем у Лунінцы...

Калі б простыя грамадзяне ведалі пра ўсё гэта і пра многае іншае, дык, думаю, выйшлі б на вуліцы зь іншымі патрабаваньнямі....», —

Слухач таксама называе ў допісе прозьвішчы некаторых высокапастаўленых берасьцейскіх начальнікаў, якія ўладкоўваюць на кіраўніцкія пасады сваіх блізкіх сваякоў і з дапамогай махлярства ўхіляюцца ад адказнасьці за непрыгожыя ўчынкі.

Дзякуй вам, шаноўны слухач, за цікавы ліст. На жаль, агучваць у эфіры гэтыя прозьвішчы не выпадае: патрэбна грунтоўная праверка, пацьвярджэньне фактаў. У сёньняшніх беларускіх умовах правесьці такую праверку незалежным журналістам надзвычай праблематычна.

Што да пэнсійнага веку многіх берасьцейскіх кіраўнікоў. Тэндэнцыя гэтая — агульнабеларуская. Ня так даўно мы распавядалі пра тое, што вельмі вялікая колькасьць праўладных кандыдатаў у дэпутаты на Гомельшчыне — менавіта начальнікі пэнсійнага веку. Відавочна, дэпутацкі мандат ім патрэбен не ў апошнюю чаргу дзеля таго, каб атрымаць высокую дзяржаўную пэнсію, пра якую звычайныя беларускія пэнсіянэры могуць толькі марыць.

Да ўсяго, варта зьвярнуць увагу і на тое, што самому сёньняшняму беларускаму прэзыдэнту да пэнсійнай рысы засталося два гады. Ці варта зьдзіўляцца, што большасьць ключавых пасадаў ва ўладнай «вэртыкалі» розных узроўняў займаюць людзі ягонага пакаленьня?

✉ ✉ ✉

На заканчэньне — некалькі кароткіх лістоў з падзякамі і пажаданьнямі ад даўніх сяброў «Свабоды». Нам піша Пётар Водзіч зь Менску:

«Дзякуй, свабодаўцы, што вы ёсьць, што можна слухаць праўду. Хаця ў маім прымачы на вашай хвалі часта шум і трэск, але я неяк прыстасоўваюся: знаходжу такое месца ў кватэры, дзе лепш чуваць. А вы ж яшчэ і такія падарункі робіце — выдатныя кнігі, дыскі. Асабліва ўразілі мяне „Галасы салідарнасьці“. Для мяне гэта была незвычайная сустрэча Новага 2011-га года: я ў тую ноч не глядзеў па тэлебачаньні ні беларускага прэзыдэнта, ні расейскага — а толькі слухаў і слухаў па „Свабодзе“ прозьвішчы палітвязьняў... Гэта вельмі кранала душу...».

✉ ✉ ✉

І яшчэ адзін кароткі ліст — з расейска-латвійскай мяжы, ад вадзіцеля-дальнабойшчыка Ігнася Петручука. Ён піша:

«Слухаючы перадачы пра „Майстроўню“, згадаў той пэрыяд нашай гісторыі. Можа, хто з „талакоўцаў“ ці журналістаў валодае інфармацыяй аб расклейваньні антыўрадавых улётак у Менску на пачатку 70-х гадоў? Дакладны зьмест іх я ня ведаю, але, думаю, гэта было нешта супраць Брэжнева. Ведаю толькі, што да акцыі, як тады казалі, мела дачыненьне дачка прарэктара мэдінстытуту...

...Часу на даўгі ліст ня маю: на мяжы Расея — Эўразьвяз чэргі нечакана зьніклі, доўга стаяць не выпадае. Відаць, так у Эўразьвязе змагаюцца з навалай пуцінска-лукашэнкаўскіх нафтапрадуктаў».

Напэўна, спадар Ігнась, справа ўсё ж у арганізацыі працы мытнікаў і памежнікаў, а ня ў тым, што нехта, як вы пішаце, змагаецца з «навалай нафтапрадуктаў». Попыт на паліва ў Эўропе ўстойлівы: змагацца зь імпартам нафты там не зьбіраюцца.

А за цікавае пытаньне і прапанову — дзякуй. Пры нагодзе распытаем нашых гісторыкаў і краязнаўцаў пра той пэрыяд беларускай гісторыі, які, сапраўды, ня надта добра дасьледаваны — асабліва што тычыцца тэматыкі антысавецкага супраціву.


Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на «Свабоду». Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG