Лінкі ўнівэрсальнага доступу

El Comercio: Баранкоў рабіў «моцныя заявы»


Падрабязнасьці справы Аляксандра Баранкова апісвае сёньня эквадорская газэта El Comercio --> http://www.elcomercio.com/seguridad/Rafael_Correa-extradicion-asilo-Bielorrusia_0_760124172.html . Газэта атрымала доступ да ўнутраных дакумэнтаў эквадорскага суду. Падаем артыкул у скароце.

...Зьняволеныя зьнялі з Баранкова пінжак і кашулю. Іх было пяць, яны напалі на яго з нажамі. А яшчэ раней, праз СМС-паведамленьні яны запатрабавалі ад яго нявесты 100 даляраў. Гэта адбывалася ў пачатку чэрвеня, калі ён быў за кратамі былой крымінальнай турмы Гарсія Марэна

Аляксандар Баранкоў — грамадзянін Рэспублікі Беларусь. Ён уехаў у Эквадор 27 кастрычніка 2009 г., і сёньня спаўняецца 77 дзён ад таго дня, калі паліцыя арыштавала яго ў ягоным доме (на поўначы Кіта). Гэта было ў рамках экстрадыцыі, якую патрабуе ягоная краіна.

Справа цяпер на разглядзе ў старшынёўстве Нацыянальнага суду Эквадору, але Баранкоў затрыманы ўжо ня першы раз. Упершыню яго затрымалі праз сем месяцаў пасьля яго прыбыцьця ў краіну. Ён заставаўся за кратамі 55 дзён.

Ён прайшоў праз засьценкі паліцыі, следчы ізалятар, «павільён А» былой крымінальнай турмы і карцар № 4. Там ён і падаў хадайніцтва аб палітычным прытулку з прычыны перасьледу з боку прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

У гутарцы з супрацоўнікамі МЗС ён зрабіў моцныя заявы, зазначыўшы, што з 2007 года працаваў у групе прэзідэнцкай аховы і што сям’я Лукашэнкі нібыта замяшаная ў справы адмываньня грошай, продажу наркотыкаў, зьдзелкі на чорным рынку зброі, нафты, газ, і г.д.

Усяго ён адказаў на 13 пытанняў, і 27 чэрвеня 2010 году Эквадор даў яму прытулак, бо палічыў, што Баранкоў мае патрэбу ў «надзвычайнай міжнароднай абароне».

Ён прадаў машыну, каб купіць білет на самалёт

У гутарцы з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў ён агучыў больш моцных заяваў і сказаў, што пасля таго, як ён выказаў сваю нязгоду з прэзыдэнтам, яго абмежавалі ў дзеяньнях і 25 чэрвеня 2009 году нават «забаранілі» яму быць з бацькам, пасьля таго, як той перанёс інсульт.

Праз месяц ён пакінуў Беларусь, выехаўшы на сваёй машыне ў Расею. Адразу пасьля гэтага ён выехаў ў Эгіпет. Там ён заставаўся паўтара месяца, пакуль зь ім не скантактавалася ЦРУ. Агенты ЦРУ не згадзіліся забясьпечыць яму ахову і вывезьці яго ў Злучаныя Штаты.

Ён пасьпяшаўся выехаць з краіны і знайшоў на інтэрнэт-старонцы інфармацыю, што ў Эквадор не патрэбная ўязная віза. Ён знайшоў віртуальныя кантакты ў Кіта, прадаў машыну, ззалагодзіў фармальнасьці, купіў білет і паляцеў.

Яго кантакт чакаў у аэрапорце, і калі ён прыбыў, той завёз яго ў гостэл ў раёне La Mariscal на поўначы эквадорскай сталіцы.

Ён жыў у пакоі без тэлевізара і меў у шафе і толькі пінжак, дзьве пары абутку, дзьве пары штаноў і кашулю. Ён спрабаваў здабыць пасьведчаньне асобы, але ягоны кантакт папрасіў у яго за гэта 2000 даляраў.

Першае, што яму трэба было зрабіць, гэта ажаніцца з эквадоркай. Ён зрабіў гэта праз тры месяцы жыцьця ў Кіта. Ён выдправіўся ў Гуаякіль, і там у нейкі хостэл прыйшлі людзі, якія назваліся службоўцамі загсу, каб заключыць шлюб з жанчынай з Санта-Элены

Эквадорскае пасьведчаньне асобы ён так і не атрымаў і першыя месяцы жыў пад чужым імем, пакуль ён не быў арыштаваны ў траўні 2010 году, калі зь Беларусі прыйшла першая просьба аб ягонай экстрадыцыі.

Маці міністра ведала пра справу аб экстрадыцыі

Учора прэзыдэнт Рафаэль Карэа растлумачыў, што просьба аб выдачы Баранкова не была наступствам візыту прэзыдэнта Лукашэнкі ў Кіта. Прэзыдэнт Беларусі наведаў Эквадор у чэрвені, праз 20 дзён пасьля арышту Баранкова.

Тым ня менш, наша газэта атрымала доступ да пратаколаў судовых пасяджэньняў за 20 чэрвеня. У гэты дзень у Нацыянальным Судзе адбылося слуханьне па падрыхтоўцы экстрадыцыі беларускага грамадзяніна і старшынёўства гэтага высокага органу ажыцьцяўляла судзьдзя Расіё Сальгада Карпіё.

Яна — маці міністра ўнутраных справаў Эквадору Хасэ Сэрана, і прыняла трох чалавек, якія прадставіліся як службовыя асобы зь Беларусі. Яны запатрабавалі высылкі затрыманага ў сваю краіну. Яраслаў Хмыль прадставіўся ў якасці намесніка начальніка дэпартамента Амэрыкі Міністэрства замежных спраў Беларусі. Ён сьцьвярджаў, што іх прысутнасьць там выпадковыя і што яны прыехалі ў Эквадор галоўным чынам каб падрыхтаваць візыт Лукашэнкі.

«Я б сказаў, што ў некаторых заявах сп. Баранкова ўтрымліваецца пэўная хлусьня. Напрыклад, ён ніколі не служыў у службе бяспекі прэзыдэнта (...) Дзіўнавата чуць, што наша краіна не забясьпечвае гарантыі ў справе крымінальнага перасьледу».

Між тым яшчэ адзін з тых траіх, Дзьмітры Мікушаў, сказаў, што просьба аб экстрадыцыі «ня мае за мэту перасьлед па палітычных матывах, з расавых прычынаў або за перакананьні». У канцы аўдыенцыі, судзьдзя Сальгада даручыла далучыць пададзеныя дакумэнты і перадаць іх на аналіз для прыняцьця далейшага рашэньня. Але тая справа да гэтага часу застаецца нявырашаная.

Калі суд задаволіць просьбу, пытаньне экстрадыцыі будзе вырашаць Карэа

Тэрмін статусу палітуцекача, які Баранкоў атрымаў 27 чэрвеня 2010 году, скончыўся 8 чэрвеня. Але МЗС учора заявіла, што гэта не азначае, што ён застанецца без абароны. Фактычна, выявілася, што статус дзейнічае надалей, што ён ня страціў яго ў выніку арышту, і што пакуль ён застаецца ў сіле, замежны грамадзянін ня можа быць выданы сваёй краіне.

Статус уцекача Баранкова мусіць быць прааналізаваны тэхнічнай камісіяй, але гэта не было зроблена да гэтага часу.

(...)

Учора, Рафаэль Карэа заявіў, што сам будзе прымаць рашэнне ў справе беларуса. Гэта адбудзецца пасьля таго, як суд вынесе сваё рашэньне. «Выканаўчая ўлада павінна адмовіць або зацьвердзіць экстрадыцыю, калі такое рашэньне будзе прынята судом, але справа ўсё яшчэ ў працэсе, я не магу сказаць нічога больш».

Наша газэта таксама атрымала доступ да справаздачы Рады Бяспекі Беларусі. У сямістаронкавым дакумэнце, падрабязна выкладаюцца выпадкі меркаванага махлярства, якія разглядаюцца ў справе Баранкова. Адзначаецца, напрыклад, што ў 2008 годзе ён «прысвоіў» 30000 даляраў ад Караліны А., 4 000 даляраў ад Іваноўскага Д., 5 000 даляраў ад прыватнай фірмы Total Oil і г.д. Інтэрпол расшуквае яго ў справе аб махлярстве, і ў дакумэнце, накіраваным у суд 16 ліпеня, міністэрства замежных спраў заявіла, што справа знаходзіцца на разглядзе, пакуль не зьбярэцца дастаткова дадзеных аб меркаваных сувязях з злачыннымі сеткамі.

Што напісана ў Законе аб экстрадыцыі

Экстрадыцыя адбываецца паводле прынцыпу узаемнасьці. Яна зацьвярджаецца ў дачыненьні да злачынстваў, за якія як эквадорскае заканадаўства, гэтак і заканадаўства краіны, якая патрабуе экстрадыцыі, прадугледжваецца мінімальнае пакараньне адзін год турмы (артыкулы 1 і 2).

У надзвычайных выпадках старшыня Нацыянальнага суду можа распарадзіцца аб арышце асобы, экстрадыцыя якой патрабуецца, у якасьці меры стрыманьня (артыкул 8 Закону).

Ён будзе вырашаць наконт правамернасьці просьбы аб экстрадыцыі (артыкул 24). Артыкул 17 абвяшчае, што «калі суд прызнае правамернасьць экстрадыцыі, старшыня Суду паведаміць пра гэта міністру ўнутраных справаў.

Гэты міністар, на даручэньне прэзыдэнта, прымае рашэньне аб перадачы асобы або аб адмове ў экстрадыцыі ў адпаведнасьці з палажэньнямі артыкулу 14 Закону,

Калі Нацыянальны Суд адмаўляе ў экстрадыцыі, справа не падаецца прэзыдэнту Рэспублікі.

Прытулак для Асанжа

Урад кажа, што да справы Баранкова падыход будзе такі самы, як і да справы Джуліяна Асанжа. «Калі будзе ўстаноўлена, што існуе пагроза жыцьцю грамадзяніна, што да яго можа быць ужыта пакараньне сьмерцю або пажыцьцёвае зьняволеньне, мы будзем дзейнічаць у тых самых парамэтрах, што і ў справе сп. Асанжа», сказаў намесьнік міністра замежных спраў Марка Альбуха.

Баранкоў заявіў, што калі адбудзецца экстрадыцыя, ягонаму жыцьцю можа пагражаць небясьпека. Восем дзён таму ўрад Эквадору даў прытулак Асанжу, які таксама заявіў, што пасьля арышту ягонае жыцьцё будзе ў небясьпецы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG