Дакладныя вынікі па ўсіх акругах і ўчастках пакуль не вядомыя, хоць агульная тэндэнцыя відавочная ўжо цяпер: прадстаўнікоў апазыцыі зноў масава не ўключаюць у склад камісій. Трапляюць тады толькі адзікавыя апазыцыйныя вылучэнцы.
Гарадок
«З палітычных партый, якія насамрэч павінны займацца выбарамі — не ўключылі»
Пра пасяджэньне ў райвыканкаме, дзе фармавалася камісія, апавёў актывіст Леанід Аўтухоў, які зьбіраецца балятавацца па Віцебскай-Сельскай акрузе № 21:
«Усяго 31 выбарчы ўчастак, 390 заяваў было. У тым ліку ад двух партыйцаў — з Партыі БНФ і ад сацыял-дэмакратаў з Грамады. Не ўключылі. Уключылі з грамадзкага аб’яднаньня „Белая Русь“, з прафсаюзаў, іншае, іншае, іншае... А з палітычных партый, якія насамрэч павінны займацца выбарамі — не ўключылі».
Як і падчас мінулых, прэзыдэнцкіх выбараў, ва ўчастковую камісію ня трапіў Леанід Гаравы, прадстаўнік БСДП (Грамада). Не ўключылі і Вольгу Аўтухову, прадстаўніцу Партыі БНФ. Гэтаксама беспасьпяхова яна спрабавала трапіць раней у акруговую камісію, працягвае гарадоцкі актывіст:
«На ўчастку Савецкім № 34, дзе мы вылучалі чалавека, будзе ў камісіі 19 чалавек. І была 21 заяўка. Двух чалавек не ўключылі, у тым ліку прадстаўніка Партыі БНФ. Я зрабіў заўвагу: „Як вам ня сорамна! Адзінага прадстаўніка партыі не ўключылі!“ У адказ усе толькі прамаўчалі. Мы б маглі і болей вылучыць, але вырашылі так, і на гэтых двух участках мы б зрабілі сапраўдныя выбары!»
Ворша
«Мы ня толькі вам — мы і іншым адмаўляем!»«Аршанскі райвыканкам з нашых 8 вылучэнцаў 6 прыняў, а 2 не прыняў. А па горадзе так: з нашых 16 вылучэнцаў узялі толькі 7. АГП вылучала 10, дык 8 чалавекам адмовілі. Затое адмовілі «для выгляду дэмакратыі» двум вылучэнцам ад БРСМ і аднаму — ад «Белай Русі». І старшыня гарвыканкаму Лісоўскі сказаў: «Вось бачыце, мы ня толькі вам — мы і іншым адмаўляем!»
На Берасьцейшчыне першыя са складам участковых выбарчых камісіяў вызначыліся рэгіёны. Толькі адзінкавыя апазыцыянэры трапілі ў камісіі ў Пінску, Бярозе. Адзінага прапанаванага сябра БНФ у камісію ў Кобрыне адмовіліся ўключыць.
Берасьце
А вось па Берасьцейскай акрузе № 1 у камісіі сярод 517 чалавек трапілі ўсяго 4 апазыцыянэры. Пра гэта расказаў каардынатар руху «За Свабоду» па Берасьці Дзяніс Турчаняк. Ніводнага з 5 сябраў руху «За Свабоду» у камісіі не ўключылі. Прайшлі толькі два сябры «Справядлівага сьвету» і два ад БСДП(Г). Цікава, што 72,5% сябраў камісій — жанчыны.
Дзяніс Турчаняк кажа, што людзі, якія вылучалі яго ў камісію, плянуюць абскарджваць ягонае няўключэньне.
Пінск
«Калі мы вас 100 адсоткаў уключым ад БНФ, то пакрыўдзяцца іншыя»«Матывавалі, што калі, маўляў, мы вас 100 адсоткаў уключым ад БНФ, то пакрыўдзяцца іншыя. А яны падалі вельмі шмат людзей. Там агучаныя сотнямі былі сьпісы БРСМ, „Белай Русі“... І нас як бы, бачыце, не пакрыўдзілі, аднаго чалавека ўключылі... І калі ўжо далі мне слова, то я папрасіў пры фармаваньні камісіяў зьвярнуць увагу на тое, што амаль што ўсе сябры камісіяў зьяўляюцца сябрамі аднаго калектыву, нягледзячы на тое, якім чынам яны вылучаліся і ад каго. Але гэтая заўвага была адхіленая».
Спадар Рамановіч паведаміў, што ўсяго ў Пінску ўключаныя 2 апазыцыянэры — пры тым, што па акрузе сфармаваныя 49 участкаў. Акрамя сябра каманды Рамановіча, у камісію трапіў яшчэ адзін вылучэнец ад партыі левых «Справядлівы сьвет»:
«Там былі спрэчкі па ім крыху. Старшыня гарвыканкаму паставіў пад сумнеў, што аднаго вылучылі і аднаго ўключылі, што атрымліваецца 100 адсоткаў».
Бяроза
«Вельмі хуценька, за 6 хвілін управіліся. Выступіў начальнік арганізацыйна-кадравай працы. Усе сябры райвыканкаму мелі перад сабой сьпісы складу камісіяў, да іх не было ніякіх заўвагаў ды пярэчаньняў, яны пагадзіліся ды прынялі тыя сьпісы...»
Кобрынь
«Мы прапанавалі аднаго чалавека, і гэтага чалавека не ўключылі. Пасьля ўсяго спыталі ў мяне, ці няма якіх пытаньняў, заўвагаў. То я кажу, што не ўключылі нашага чалавека ў камісію, то, вядома, мы будзем незадаволеныя...»
Горадня
«Чальцам райвыканкаму раздалі загадзя падрыхтаваныя сьпісы складу ўчастковых камісіяў»
Апавядае мясцовы актывіст партыі левых Анатоль Сьцепаненка, які браў удзел у сумесным паседжаньні выканкаму й прэзыдыюму райсавету:
«Усё яны загадзя падрыхтавалі. Чальцам райвыканкаму раздалі загадзя падрыхтаваныя сьпісы складу ўчастковых камісіяў. Нам нічога не паказалі. Дакладаў намесьнік старшыні райвыканкаму па ідэалягічнай працы Касьцяйкоў. Зь „непатрэбных“ прадстаўнікоў нікога ў камісіі не пусьцілі. Да прыкладу, з нашай партыі 12 чалавек было прапанавана — нікога не пусьцілі, з БНФ — нікога не пусьцілі. Толькі з праўладных — Фонд міру, „Белая Русь“, саюз жанчын і таму падобных».
Як лічыць актывіст, гэта яшчэ адзін паказьнік незацікаўленасьці ўлады ў правядзеньні справядлівых выбараў:
«Гэта лішняе пацьвярджэньне таго, што ўлада нават не імкнецца паказаць, што гэта выбары. Яна паказвае, што гэта адміністрацыйная апэрацыя прызначэньня чарговай партыі „сядзельцаў“ у Палату прадстаўнікоў. Прысутнасьць любога нармальнага чалавека ў камісіі — гэта будзе фактычны матэрыял для пацьвярджэньня фальшаваньня гэтых выбараў».
Ва ўчастковыя камісіі ў Буда-Кашалёве, Сьветлагорску, Рэчыцы мясцовыя ўлады не ўключылі нікога з дэмакратычных прадстаўнікоў
Рэчыца
«Быць пешкамі ніхто ўжо ня хоча»Пуціцкі: «Ва ўчастковыя камісіі мы ў Гомельскай вобласьці вылучылі пяцёх. У Рэчыцы ўжо было паседжаньне, і дваіх нашых не ўключылі ў камісіі. Раней заўсёды ўключалі. У Рэчыцы ўжо няма сябра партыі, які б ня быў сябрам камісіі. Адзін раз пабылі, пабачылі той бардак — і больш не захацелі. Апрача дваіх, ніхто ў нас не захацеў вылучацца ў камісіі, бо ніхто ўжо ня верыць у гэтыя выбары. І быць пешкамі ніхто ўжо ня хоча».
Гомель
«Нашы кандыдаты будуць здымацца з выбараў і ня браць удзелу ў гэтым фарсе»Палякоў: «Прынцыпова нічога не зьмянілася. Як раней не ўключалі ў склад камісіяў прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў, так і зараз не ўключаюць — каб не было вачэй, якія могуць пабачыць фальшаваньні. Гэта было чакана, таму мы й зрабілі выснову. Калі практыка не мяняецца, застаюцца палітзьняволеныя, не ўключаюць у выбарчыя камісіі — адпаведна й нашы кандыдаты будуць здымацца з выбараў і ня браць удзелу ў гэтым фарсе».
З 818 сябраў камісій — толькі 2 апазыцыянэры
Горадня
«Не галоўнае тое, што намалюе гэтая камісія…»Ва ўчастковыя камісіі Кастрычніцкага раёну Горадні ўсяго было пададзена 1235 заяваў, у тым ліку ад партыі БНФ — 9 заяваў, ад партыі «Справядлівы сьвет» — 12, і 24 заявы падалі прадстаўнікі АГП. Зацьвердзілі 818 чалавек, зь іх адну кандыдатуру ад партыі БНФ і адну ад АГП.
Раман Юргель, які назірае за выбарчым працэсам, зьвяртае ўвагу на тое, што колькасны склад камісіяў сёлета зьменшыўся з прычыны недахопу сродкаў. Паводле Юргеля, пра гэта заявіў падчас фармаваньня камісіяў начальнік аддзелу арганізацыйна-кадравай працы адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Горадні Віталь Шут.
Актывіст кампаніі «Гавары праўду» Зьміцер Бандарчук, які мае намер удзельнічаць у выбарчай кампаніі да канца, калі яго зарэгіструюць кандыдатам, ня дзівіцца, што гэтым разам апазыцыянэраў ізноў няма ў камісіях:
«Заканадаўства выбарчае не зьмянілася ні перад выбарамі, ні цяпер, і практыка яго прымяненьня — таксама. Але для мяне не галоўнае тое, што намалюе гэтая камісія. Галоўнае — гэта нашы сустрэчы з выбарцамі падчас кампаніі».
Слонім
Іван Шэга: «Адмовіліся казаць нам, каго ўключылі. Праўда, было сказана, што ад усіх партыяў ёсьць прадстаўнікі. На ўсе пытаньні адмовіліся адказваць. Маўляў, чытайце ў прэсе».
Менск
Аляксандар Мілінкевіч: «Старая сыстэма працуе!»
Кіраўнік руху «За свабоду», былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч бярэ ўдзел у выбарах у Менску па Ўруцкай выбарчай акрузе № 109. Тут у склад участковых камісіяў былі вылучаныя 52 прадстаўнікі Аляксандра Мілінкевіча. Актывісты прадстаўляюць Беларускую партыю «Зялёныя», Партыю БНФ і грамадзкае аб’яднаньне «БНФ «Адраджэньне». Ніхто зь іх у склад участковых выбаркамаў ня ўключаны. Чаму?
Аляксандар Мілінкевіч: «Сытуацыя і тэндэнцыі на сёньня абсалютна зразумелыя: улада імкнецца страхаваць выбары пад сваім поўным кантролем і таму незалежных сябраў у камісіях практычна ня будзе, альбо будзе вельмі-вельмі мала й рэдка. Старая сыстэма працуе!
Іншая справа — задаць пытаньне: ці патрэбныя ўладзе кантакты з Эўропай? Бо не атрымаецца супрацоўніцтва з Эўропай, пакуль ня будуць вызваленыя палітвязьні і пакуль ня будуць праведзеныя лепшыя выбары. Таму пра дэмакратыю на гэтым этапе няма чаго гаварыць...»