Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Левыя вылучылі 36 кандыдатаў і 250 назіральнікаў


Сяргей Калякін, старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет»
Сяргей Калякін, старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет»

Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» вылучыла кандыдатамі ў дэпутаты 36 чалавек. Такое рашэньне прыняў 5 жніўня зьезд партыі ў Менску.

Галасаваньне адбылося па кожнай кандыдатуры асобна.


Найбліжэйшым часам вылучаныя кандыдаты ў дэпутаты пададуць дакумэнты ў адпаведныя дзяржаўныя структуры для рэгістрацыі.


Лідар партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін не вылучаецца кандыдатам у дэпутаты. Ён прыняў такое рашэньне, таму што будзе прадстаўляць партыю ў Цэнтральнай выбарчай камісіі.


Варта адзначыць, што да некаторых прэтэндэнтаў на зьезьдзе ўзьніклі пытаньні: адзін чалавек зарэгістраваў свае ініцыятыўныя групы адразу ў трох выбарчых акругах. Там ён зьбірае подпісы за сваё вылучэньне. У той жа час партыя вылучыла яго кандыдатам у дэпутаты і па чацьвёртай акрузе. У выніку дэлегаты зьезду вырашылі, што гэты чалавек будзе кандыдатам у дэпутаты па той акрузе, у якой яму будзе больш зручна балятавацца.

Зацьвердзілі новую эмблему партыі


Як паведаміў намесьнік старшыні партыі Валеры Ухналёў, для стварэньня эмблемы быў абвешчаны конкурс.

«Мы яго абвясьцілі адразу пасьля перайменаваньня Партыі камуністаў беларускай у Беларускую партыю левых „Справядлівы свет“. Нам паступіла прыкладна 20 прапановаў. Адзначу, што камісія, якая выбірала эмблему, складалася не з сябраў партыі, а з прафэсіяналаў — мастакоў, дызайнэраў, журналістаў, геральдыстаў. Тайным галасаваньнем яны выбралі гэту эмблему», — сказаў Ухналёў.

Эмблема партыі ўяўляе сабою дзьве стылізаваныя літары «С», упісаныя ў чырвоны квадрат. Бакавую і цэнтральную літару падзяляе чырвоная паласа. Цэнтральная літара стылізаваная пад птушку — белага голуба, які сымбалізуе імкненьне да дасканаласьці і шчасьця, зьяўляецца знакам міру, любові і надзеі. Чырвоны квадрат сымбалізуе дасканаласьць і стабільнасьць.

Як адзначыў Ухналёў, абгрунтаваньне эмблемы склалі спэцыялісты, у тым ліку і па фэн-шуй.

Эмблема выклікала гарачую дыскусію на зьезьдзе. Паводле слоў Ухналёва, ён меркаваў, што камусьці гэта эмблема не спадабаецца, але ў партыі ёсьць фактычна толькі адзін выбар: або прыняць гэтую эмблему, або працаваць безь яе.

Лідар Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін адзначыў, што эмблема — гэта брэнд.

«Усе эмблемы і брэнды спачатку ўспрымаліся людзьмі ў штыкі. Але брэнд на тое і брэнд, яго трэба спачатку раскруціць. Мы можам пражыць без эмблемы. Але мы многае тады страчваем», — падкрэсьліў Калякін.

У выніку эмблема была зацьверджана падчас галасаваньня.

Вылучаць 250 назіральнікаў

Назіральнікі ад партыі павінны супрацоўнічаць зь іншымі назіральнікамі ў межах кампаніі «За справядлівыя выбары». Ён адзначыў, што гэта кампанія мае намер выставіць каля дзьвюх тысячаў назіральнікаў.

«Такім чынам, партыя „Справядлівы свет“ выставіць восьмую частку ўсіх назіральнікаў», — сказаў Калякін.

Акрамя таго, ён адзначыў, што кампанія ўсіх кандыдатаў у дэпутаты ад «Справядлівага сьвету» будзе праходзіць кансалідавана.

«Усе кандыдаты пойдуць пад адным лёзунгам: „Патрабуем справядлівасьці“. Аналітычным аддзелам партыі распрацаваны тыпавыя выступы кандыдатаў у дэпутаты на радыё і ў прэсе, тыпавыя ўлёткі кандыдатаў у дэпутаты», — паведаміў Калякін.

Палітык дадаў, што 18 жніўня партыя правядзе заключны трэнінг для кандыдатаў у дэпутаты, пасьля чаго пачнецца актыўная агітацыйная кампанія.

«Я ўпэўнены, што партыя справіцца з выбарчай кампаніяй і дасягне тых мэтаў, якія мы перад сабой ставім», — заявіў Калякін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG