Трэба ведаць, што псыхалягічны ціск на вас у гэтай установе, а зь ім і пастаяннае прыніжэньне вас як асобы, будзе працягвацца ўвесь час вашага ўтрыманьня за кратамі. Асабліва калі на тое ёсьць указаньне зьверху. Беларуская турма на тое і турма, каб ламаць чалавека. Як маральна, так і фізычна.
Ламаць
Сёньня пра пэрыяды майго найгоршага душэўнага стану ў няволі магу гаварыць рэтраспэктыўна на падставе турэмных нататкаў. Калі я іх чытаю, то ўзгадваю ўсё да самых малых дробязяў.
З майго турэмнага дзёньніку
26 кастрычніка 2001, 11 гадзін, пятніца, ПК № 1 на Кальварыйскай, Менск.
«Вельмі балюча ад чаканьня адваката, немагчымасьці давесьці сваю правату. Цяжка ад холаду і няўтульнасьці. Няўжо сыходзіць жыцьцё? А што далей?..
Абражаны і прыніжаны, я знаходжуся ў зьняволеньні, часам, даволі часта, бязь веры ў будучыню! Гэтым людзям мая навука не патрэбная!»
А вось запіс, зроблены недзе празь месяц (у дзёньніку пазначана: 25 лістапада, 16 гадзін 45 хвілін). Мае разважаньні на тэму генэтыкі, у прыватнасьці пра тое, чаму «прырода адпачывае на дзецях»:
«Перадача прыкмет з геному ідзе праз пакаленьне. Фэнатып (вонкавая праява генэтычных прыкметаў чалавека – Ю.Б.) вызначаецца не зьліцьцём генаў, а палавымі клеткамі бацькоў, якія нясуць прыкметы роду, а ў дзяцей гены праявяцца ў палавых клетках, і далей ва ўнукаў. Вось чаму прырода адпачывае на дзецях!»
Затым нечакана: «...Учора адвакат павінен быў быць на прыёме ў Вярхоўным судзе. Чаму ён сёньня не прыйшоў да мяне?»
Як зьняволенаму выстаяць у экстрэмальных умовах беларускай турмы? Былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі на падставе ўласнага досьведу напісаў за кратамі ў 2003 годзе дапаможнік «Сыстэма выжываньня чалавека».
Гэта значыць — унутраная трывога, крыўды, расчараваньні па-ранейшаму са мной, як і месяц таму, але цяпер іх удалося «засунуць глыбей». Бо ў наступным радку ізноў пішу пра навуку:
«Паняцьце родавай генэтычнай інфармацыі ўключае ў сябе наяўнасьць генаў у дадзенай асобіны, якія знайшлі рэалізацыю ў яе фэнатыпе, а таксама ў фэнатыпе яе нашчадкаў, пры адпаведных умовах: наяўнасьці палавога партнэра з адпаведным геномам, узьдзеяньні вонкавых агентаў».
Далей ідуць запісы, прысьвечаныя выключна навуцы. Гэта значыць, што псыхалягічна пайшло лягчэй, хоць прэсінг, вядома, не спыніўся. (Дзякуй табе, мая ўлюбёная навука!)
Турэмнікі ж робяць сваю звыклую справу. Задача беларускай няволі — ня проста ізаляваць чалавека ад грамадзтва, а ўзьдзейнічаць на яго так, каб зьмяніць яго сутнасьць. Ужывальныя прыёмы адпрацоўваюцца ва ўмовах дадзенай сыстэмы гадамі, дзесяцігодзьдзямі, а то і стагодзьдзямі. Перакананы, што наўрад ці наглядчыкі турмы захацелі б хоць на кароткі час апынуцца на месцы вязьняў. Хоць дзеля справядлівасьці адзначу, што падчас зьняволеньня я сустракаў сярод турэмшчыкаў і людзей, якія мелі павагу ў арыштантаў. Менавіта дзякуючы сваім чалавечым якасьцям. Але гэта хутчэй выключэньне, у большасьці турэмшчыкі злыя і вельмі агрэсіўныя. Часам нават цяжка вызначыць, хто павінен быць зьняволеным, а хто наглядчыкам.
Ананімнае інтэрвію былога вязьня Свабодзе
Амэрыканскі псыхалягічны экспэрымэнт
Адкуль столькі агрэсіі ў людзей, адказных за папраўчы працэс? Выпадкаў, калі ў вонкава нармальных, быццам бы міралюбных людзей за кароткі час разьвіваецца схільнасьць да гвалту і катаваньняў, уласьцівая, здавалася б, толькі злачынцам і садыстам, ня так ужо і мала.
Тым, хто ня ведае беларускай турмы, некаторае, вельмі слабое, уяўленьне пра гэта можа даць вядомы многім экспэрымэнт амэрыканскага псыхоляга Філіпа Зымбарда «Стэнфардзкая турма», пастаўлены і зьняты на відэа ў 1971 годзе. Яго мэта — вывучэньне псыхалёгіі чалавека ва ўмовах няволі і спроба зразумець, чым могуць быць выкліканыя злоўжываньні ў закрытых для грамадзтва турэмных установах. Адразу адзначу, што ў амэрыканскім экспэрымэнце ўсё не па-сапраўднаму. Турму зладзілі ў сутарэньнях факультэту псыхалёгіі мясцовага ўнівэрсытэту добраахвотнікі, якія пагадзіліся быць турэмнікамі або вязьнямі. Экспэрымэнтатары ведалі, што гульня скончыцца праз два тыдні і потым яны вернуцца ў звыклае асяродзьдзе.
Гульню, аднак, спынілі ўжо праз шэсьць дзён пасьля яе пачатку з-за нэрвовых зрываў удзельнікаў. «Зьняволеныя» і «ахоўнікі» нечакана настолькі ўжыліся ў свае ролі, што неўзабаве пачалі ўзьнікаць самыя непрадказальныя сытуацыі. У кожным трэцім «ахоўніку» выявіліся садысцкія схільнасьці. Што да «вязьняў», то яны атрымалі настолькі моцныя маральныя траўмы, што іхнія думкі і гаворка паступова рабіліся блытанымі, мужчыны часта плакалі, а ў аднаго з «арыштантаў» нават разьвіўся псыхасаматычны сып па ўсім целе, калі ён даведаўся, што яго «прашэньне аб памілаваньні» было «адхілена».
На падставе гэтай гульні аўтары «Стэндфардзкага турэмнага экспэрымэнту» робяць выснову, што ў закрытых, не кантраляваных грамадзтвам умовах усяго за некалькі дзён можа настаць поўная дэіндывідуалізацыя нават самай унікальнай асобы. Што ўжо тады казаць пра беларускія рэаліі, дзе турэмныя тэрміны цягнуцца, неадэкватна злачынству, гадамі, дзе зьняволеньне цягам усяго тэрміну суправаджаецца вычварэнскай маральнай і фізычнай зьнявагай вязьняў з боку канваіраў і дзе падобныя гвалтоўныя дзеяньні не караюцца?
Цікава, якую б выснову зрабілі амэрыканскія псыхолягі, зьняўшы на відэа нашу турму і паразмаўляўшы з нашымі вязьнямі ды турэмнікамі?
Ці кожны можа стаць турэмнікам?
Калі з пытаньнем, ці кожны ў Беларусі сёньня можа стаць ахвярай, для мяне больш менш ясна, то пытаньне, ці кожны ў нас можа стаць турэмнікам, застаецца без адказу? Разам з гэтым пытаньнем паўстаюць шмат іншых.
Напрыклад:
- Уласьцівыя нашым турэмнікам агрэсія, злосьць, нянавісьць закладзеныя генэтычна або гэтыя якасьці праяўляюцца толькі ў адпаведным асяродзьдзі?
- Гэтыя людзі — яны ахвяры (як у экспэрымэнце Зымбарда) пэўнай псыхалягічнай сытуацыі, калі ў сьвядомасьці чалавека сутыкаюцца супярэчлівыя ўстаноўкі? Або гэта ўплыў паноўнай ідэалёгіі, калі сацыяльная жорсткасьць апраўданая нейкімі вызначанымі дзяржавай дагматамі, а таму чалавек, які корміць сям’ю, вымушаны зьмірыцца з навязанай яму роляй, нават не адпаведнай ягоным уласным прынцыпам і ўяўленьням пра сябе самога?
- А можа тут усё разам? Што кожны з нас ведае пра другога і што кожны з нас увогуле ведае пра сябе?
У любым выпадку для мяне відавочна адно: некаторыя сытуацыі могуць уплываць на ўчынкі чалавека мацней, чым ягоны ўласны характар ды перакананьні.
...Не хачу апісваць свае турэмныя пакуты. Скажу толькі, што бескантрольныя агрэсія і садызм — гэтак тупік для любой дзяржавы і ўлады, тым больш у выхаваўча-папраўчым працэсе.
Аднак экстрэмальныя абставіны прымушаюць чалавека шукаць выйсьця.
Працяг будзе...
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 13
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 12
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 11
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 10
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 9
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 8
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 7
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 6
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 5
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 4
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 3
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 2
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 1