Юры Бандажэўскі
У рэспубліканскім турэмным шпіталі мне даводзілася сустракаць спэцыялістаў, якія пайшлі працаваць туды адмыслова дзеля таго, каб удасканальвацца прафэсійна. Узровень некаторых зь іх, як лекараў, магу назваць вельмі высокім. Што да мэдыкаў мэдсанчастак калёніяў, то яны збольшага далёкія ад таго, каб аказваць адэкватную дапамогу. У лепшым выпадку гэта паліятыўнае лячэньне. Хоць падобная праблема характэрная для практычнай аховы здароўя і на волі.
Замоўчваньне прычынна-выніковых сувязяў захворваньняў (перш за ўсё ігнараваньне ролі радыяцыйнага фактару ва ўзьнікненьні сардэчна-сасудзістай і анкалягічнай паталёгіі) прывяло да высокай дынамікі захворваньня беларускага насельніцтва ў цэлым. Як на волі, так і ў няволі. Толькі ў няволі гэтыя выпадкі выглядаюць яшчэ больш драматычна. Сьведчу як прафэсіянал.
З майго турэмнага дзёньніка за 3 лістапада 2002 году
«Холадна, сыра, няўтульна! Хто пра што, а я пра рэгуляцыю. Гэта стала маёй справай, сэнсам жыцьця. Я і ўзьдзеяньне радыенуклідаў разглядаю з пазыцыі парушэньня рэгулятарных працэсаў. Бо, сапраўды, жывы арганізм — гэта складаная рэгулятарная сыстэма, створаная Богам. І гэтая сыстэма пастаянна сутыкаецца з вонкавым сьветам, пракручвае яго празь сябе, „цярпіць“ ад узьдзеяньня яго фактараў. Але гэтая сыстэма, зарадзіўшыся ў чэраве маці, здольная падтрымліваць жыцьцё досыць доўга. Складнік агульнай рэгулятарнай сыстэмы — імунная рэгуляцыя. Пра яе вядома, на жаль, вельмі мала... Чым больш вывучаю і аналізую гэтую праблему ўзьдзеяньня пашкоджвальных агентаў на арганізм, тым больш пераконваюся, што аднымі зь першых ад узьдзеяньня радыяцыі на арганізм церпяць менавіта рэгулятарныя сыстэмы, і, у прыватнасьці, імунная сыстэма».
Людзі, якіх мы маглі б выратаваць
...Я ў атрадзе, дзе разам са мной на вельмі малой тэрыторыі і ў жудасных антысанітарных умовах пражываюць яшчэ 70 чалавек. Паводле бытавых умоваў утрыманьня атрад — адзін з найгоршых у калёніі. Многія сядзельцы вельмі нездаровыя. Такое маё візуальнае назіраньне мэдыка-прафэсіянала. Мяркуючы па ўрыўках з таго, што людзі кажуць (як лекар, маю звычку слухаць), па іхніх агульных скаргах, узьдзеяньне чарнобыльскага фактару прысутнічала ва ўсіх, без выключэньня, выпадках. Так, багата зьняволеных мелі язву страўніка і дванаццаціперснай кішкі. Прычынай таму, наколькі я мог меркаваць зь іх расказаў, — ежа. Мала таго, што не хапала неабходных вітамінаў і мінэралаў, дык яшчэ і ўзьдзеяньне прысутных у прадуктах радыенуклідаў Cs-137 і Sr-90. Усё гэта нэгатыўна адбівалася на функцыянаваньні такіх жыцьцёва важных сыстэм арганізму, як імунная і эндакрынная.
Бадай ва ўсіх зьняволеных у турэмных умовах кепска гаіліся раны і скура. Працэсам клеткавага аднаўленьня, ізноў жа, перашкаджала наяўнасьць у арганізьме радыёактыўных элемэнтаў.
За найбольш сумнымі выпадкамі я назіраў, калі знаходзіўся ў Рэспубліканскім турэмным шпіталі. Я бачыў маладых людзей зь цяжкімі анкалягічнымі працэсамі, у прыватнасьці, лімфагранулематозам, злаякаснымі новаўтварэньнямі ўнутраных органаў. Для мяне было відавочным, што прычынай узьнікненьня гэтых паталёгіяў ва ўзросьце 25–40 гадоў стала радыяцыйнае ўзьдзеяньне. Многія з тых хворых да зьняволеньня пражывалі на тэрыторыі, пацярпелай ад аварыі на ЧАЭС. Вязьніца толькі пагоршыла іхні стан.
На жаль, аказаць эфэктыўную лячэбную і прафіляктычную дапамогу ў падобных выпадках ва ўмовах беларускай турмы немагчыма.
Вельмі часта ў галаве круцілася адна думка. Калі б там наверсе, а яшчэ ў асяродку маіх суайчыньнікаў — лекараў і навукоўцаў, маглі разумець усе тонкасьці той працы, якую ў 1990-я правёў наш Гомельскі мэдычны ўнівэрсытэт — маю на ўвазе дасьледаваньні ўзьдзеяньня інкарпараваных радыенуклідаў на арганізм чалавека і выяўленьне мэханізмаў разьвіцьця паталягічных працэсаў, — хворых людзей як на волі, так і ў турмах магло б быць нашмат менш.
Пасьля раптоўнага майго арышту 13 ліпеня 1999 году адразу ж згортваюцца ўсе навуковыя праграмы, зьвязаныя з вывучэньнем уплыву радыяцыйнага выпраменьваньня на здароўе людзей, зьнішчаюцца ўсе базы дадзеных (у тым ліку ўнікальная калекцыя прэпаратаў загінулых пасьля аварыі на ЧАЭС дарослых, дзяцей і чалавечых зародкаў), таксама касуецца катэдра паталёгіі — ядро ўнівэрсытэцкага Цэнтру радыяцыйнай паталёгіі. З гэтага часу вывучэньне ў Гомельскім мэдычным унівэрсытэце ўплыву інкарпараваных радыеактыўных элемэнтаў на жыцьцёва важныя сыстэмы чалавечага арганізму спынілася. Затое ў заходнеэўрапейскіх навуковых цэнтрах такія дасьледаваньні пачынаюць праводзіць зь вялікай інтэнсіўнасьцю. У сваіх артыкулах многія заходнія адмыслоўцы і дагэтуль спасылаюцца на дасьледаваньні, праведзеныя супрацоўнікамі ГМУ ў 1992–1999 гадах.
Можна толькі меркаваць, якія б яшчэ адкрыцьці маглі зрабіць мае калегі з Гомельскага мэдычнага ўнівэрсытэту, калі б працягвалі свае навуковыя дасьледаваньні. Аднак, на жаль, гэтага не адбылося. Беларуская дзяржава сваімі рукамі зьнішчыла той навуковы напрамак, якім па праву магла б ганарыцца.
Пра дэпрэсіі
...Большасьць сядзельцаў у атрадзе надламаныя псыхічна. Настрой зьняволеных (і я не выключэньне) надзвычай зьменлівы, заўсёды з арыштантам адно пытаньне: а што будзе далей? Працягласьць гэтага псыхалягічна цяжкага стану індывідуальная. Нярэдка ўсё залежыць ад таго, ці прыйшоў у турэмную адміністрацыю загад з самага верху: зламіць волю канкрэтнага вязьня і растаптаць яго як асобу. Турэмнікі няспынна чапляюцца да чалавека, нярэдка кіраўніцтва папраўчых установаў прэсуе зьняволенага з дапамогай некаторых зэкаў. Гэта зазналі на сабе многія палітвязьні. Ня быў выключэньнем і я.
Увогуле дэпрэсія за кратамі — вельмі распаўсюджаная зьява. Думкі пра марнасьць жыцьця наведваюць ледзь ня кожнага вязьня. Калі ж дэпрэсія робіцца хранічнай, яна нярэдка прыводзіць да суіцыдальных вынікаў.
У 2011 калёнію № 1 на Кальварыйскай у Менску зруйнавалі, каб пабудаваць жылы мікрараён. У розныя гады тут адбывалі пакараньні прафэсар Юры Бандажэўскі, былы генэральны дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў, былы маладафронтавец Аляксей Шыдлоўскі, дэпутаты Вярхоўнага савету 13-га скліканьня Уладзімер Кудзінаў і Андрэй Клімаў.
Аднойчы, з дапамогай прачытаных мной кнігаў па псыхалёгіі, я зразумеў: сапраўдная крыніца пакут чалавека за кратамі — не турэмныя абставіны, а тая ўвага, якую ён ім аддае. Нэгатыўныя акалічнасьці той ці іншай сытуацыі выклікаюць у нас цяжкі стан, калі мы канцэнтруем на іх увагу. У няволі гэта ператвараецца ў звычку. Горш за ўсё думаць: за што мяне пакараў лёс, за што мне здрадзілі блізкія і сябры, за што гэта я такі няшчасны? Простае выйсьце — паставіць пытаньне па-іншаму: навошта? Можа, я магу яшчэ штосьці зрабіць у той справе, якую ў іншых абставінах дарабіў бы або проста кінуў няскончанай.
Мне пашанцавала, што навука для мяне была любімай справай жыцьця. За кратамі я спрабаваў адказаць на пытаньні, якія засталіся без адказу падчас маёй дасьледчай працы на волі. Гэта выратавала мяне. Як і кнігі з турэмнай бібліятэкі, дзякуючы якім я прыйшоў да ўласнай сыстэмы выжываньня.
Дарэчы, у літаратуры па турэмнай псыхіятрыі (зноў жа турэмная бібліятэка!) я знайшоў наступныя зьвесткі: пасьля пяці гадоў зьняволеньня ў чалавека пачынаюцца незваротныя псыхічныя зьмены. Я рыхтаваў сябе на поўны турэмны тэрмін (восем гадоў). Таму і зьвярнуўся да псыхатэхнік: у тых умовах як нідзе патрэбны сталы кантроль уласнага псыхалягічнага стану.
Працяг будзе...
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 8.
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 7.
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 6.
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 5.
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 4.
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 3.
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 2.
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 1.