Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 10


У большасьці людзей, якія трапляюць за краты, у якасьці вострай рэакцыі на стрэс узьнікаюць характэрныя псыхічныя наступствы.

Юры Бандажэўскі

Перадусім гэта дрэнны настрой, млявасьць, апатыя, эмацыйная абыякавасьць. Зьнікае цікавасьць да навакольнага жыцьця, жаданьне атрымліваць задавальненьне, прападае імкненьне пазнаваць новае. Людзі пазьбягаюць вялікіх кампаній, аддаюць перавагу адзіноце. (Падрабязьней пра гэта можна будзе прачытаць у далейшым разьдзеле «Навуковае абгрунтаваньне выкарыстаньня сыстэмы ў стрэсавай сытуацыі»). Адрозна ад практыкаваньняў энэргетычнага трэнінгу, псыхатэхнікі не абавязкова выкарыстоўваць цалкам — можна выбраць тое, што падабаецца.

ПСЫХАТЭХНІКІ

Ігар Вагін, псыхоляг
Ігар Вагін, псыхоляг
Для таго, каб захаваць сябе псыхічна, вельмі карысныя і дзейсныя, на мой погляд, псыхатэхнікі, распрацаваныя расейскім лекарам-псыхатэрапэўтам, сэксапатолягам, адмыслоўцам у галіне ірацыянальнай псыхалёгіі Ігарам Вагіным (И.Baгин, 2001). Яго кнігу «Выйграй у лёса ў рулетку» я знайшоў у турэмнай бібліятэцы. З дазволу аўтара прыводжу яго псыхатэхнікі ў маёй «Сыстэме выжываньня чалавека». Лічу сваім абавязкам пазнаёміць зь імі тых зьняволеных, якія імкнуцца выжыць у вязьніцы ня толькі фізычна, але і маральна.

Перамагчы страх

Перш за ўсё неабходна перамагчы страх. Пачуцьцё страху ўзьнікае практычна ў кожнага чалавека, які ўпершыню сутыкнуўся з сытуацыяй пазбаўленьня волі. Ад яго немагчыма пазбавіцца проста так. Іншая справа, што людзей у такім стане можна падзяліць на дзьве групы.
Як зьняволенаму выстаяць у экстрэмальных умовах беларускай турмы? Былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі на падставе ўласнага досьведу напісаў за кратамі ў 2003 годзе дапаможнік «Сыстэма выжываньня чалавека».

Да першай групы варта аднесьці асоб, якія яшчэ ў дзяцінстве атрымалі ўнікальны досьвед і навучыліся зьмяншаць свой страх. Бацькі і блізкае ім атачэньне заахвочвалі іх пераадольваць страх і трывогу. Па меры росту і разьвіцьця гэтыя людзі назапашвалі і ўдасканальвалі навыкі ўнутранай і зьнешняй працы са страхам.

Асобы, якія ўваходзяць у другую групу, не атрымалі ў дзяцінстве або юнацтве ўнікальнага досьведу барацьбы са страхам. Усё жыцьцё яны імкнуліся ўхіліцца ад сытуацый, зьвязаных зь пераадоленьнем страху, замест таго каб паводзіць сябе актыўна, змагацца з гэтым пачуцьцём і дамагацца сваіх мэтаў. Такім людзям псыхалягічны трэнінг асабліва неабходны. Ім трэба здабыць упэўненасьць, жаданьне рызыкаваць і пераадольваць перашкоды.

Але спачатку паспрабуем адказаць на пытаньне: што ж такое страх?

Гэта непрыемнае адчуваньне, быццам нас нешта душыць, абмяжоўвае нашу свабоду, прымушае нас быць ахвярай нейкіх сытуацый і акалічнасьцяў. Страх — гэта стан малой сьмерці.



Што адчувае чалавек падчас страху?

Цялесныя адчуваньні — няспыннае трымценьне, слабасьць ва ўсім целе, скаванасьць рухаў, «ватныя» ногі, нуда каля сэрца, нерытмічнае дыханьне, часьцейшае сэрцабіцьце, халодны пот або раптоўны жар, слабы голас або ўвогуле яго страта, «камяк» у горле, «тунэльны» зрок — бачыш толькі тое, што перад табой.

Эмоцыі — разгубленасьць і бездапаможнасьць, варожае ўспрыманьне сьвету, жах, трывога, адчуваньне ўласнай слабасьці.

Думкі — разумовы хаос, разгубленасьць, «пустая» галава, адна і тая ж думка «ходзіць па коле», разумовы скачок у нэгатыўную будучыню, фіксацыю на адным, часьцей за ўсё самым кепскім выйсьці з сытуацыі, асэнсаваньне сябе як ахвяры ў жорсткім сьвеце.

Страх можа разьвівацца ў трох напрамках:


  • Ступар, поўная затарможанасьць: фізычная, эмацыйная, разумовая.
  • Паніка. Некантраляванае псыхаматорнае ўзбуджэньне.
  • Агрэсія, нярэдка не адэкватная пагрозе.


Небясьпека страху ў тым, што ён адымае ў чалавека энэргію, разбурае поле нашай абароненасьці — наша энэргетычнае поле. Страх дазваляе лёгка маніпуляваць людзьмі. І, натуральна, страх не дазваляе людзям дамагацца сваёй мэты. Ён спараджае боязь паўторнага ўзьнікненьня нэгатыўнай сытуацыі.

Дзейсны сродак, каб змагацца са страхам і аб’ектыўна ацэньваць сытуацыю, — інтэнсыўная тэхніка дыханьня «шарыкам». Яна дапамагла пераадолець страх многім вядомым у сьвеце людзям, якія рызыкавалі ўласным жыцьцём.








У пэрыяд страху чалавек уяўляе сабе толькі негатыўны варыянт будучыні. Каб эфэктыўна зьменшыць перажываньні, неабходна ўявіць сабе пазытыўны варыянт будучыні і ўбачыць сябе ў ім бясстрашным чалавекам, які эфэктыўна дасягае сваёй мэты. Дапамагае яму ў гэтым наступная тэхніка, якая запускае мэханізмы бясстрашнасьці.

«Герой з будучыні»

Уявіце сабе, што ў будучыні вы робіце тое, чаго баіцеся, але пасьпяхова, дасягаючы сваёй мэты. Спачатку ўявіце, як гэта рабіў бы нехта іншы, сьмялейшы, чым вы. Затым уявіце, як гэта робіце вы, бачачы сябе з боку. Наступны этап — уявіце, што гэта робіце вы самі, знаходзячыся ўнутры сябе, і што вы гэта нарэшце абавязкова зробіце.

Вельмі эфэктыўнае, на думку І. Вагіна, наступнае практыкаваньне для кантролю і зьмяншэньня страху. Ён прапануе вучням, седзячы на крэсьле, упасьці разам з крэслам назад на падлогу. Гэта сапраўды страшна зрабіць упершыню. Перад гэтым ён паказвае, як падаць з крэслам. Чалавек павінен дакладна ўявіць, як ён падае. Потым вучні бачаць, дакладней — уяўляюць, як падаюць яны самі. Пасьля чаго ўяўляюць, як яны сябе адчуваюць падчас падзеньня, як устаюць цэлыя і здаровыя.

Потым ім прапануецца ўявіць сабе, як яны падалі падобным чынам сотні, тысячы разоў у дзяцінстве і як ім падабалася падаць з крэслам назад. Толькі пасьля гэтага трэнэр знаёміць іх з правіламі бясьпекі пры падзеньні з крэслам назад. І вучні пачынаюць падаць самастойна. Практыкаваньне — унікальны досьвед працы зь любым страхам.

Падзеньне з крэсла
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:24 0:00


Людзі, якія ўмеюць самастойна зьніжаць узровень страху, кажуць, што ў іх ёсьць свае эмацыйна значныя фразы — кодавыя каманды, якія яны пракручваюць у галаве і якія дзейнічаюць на іх як «удар бізуна». Можна выкарыстоўваць фразы кшталту «наперад», «прарвемся» ці іншыя падобныя.

У той жа час трэба разумець, што страх — натуральная чалавечая рэакцыя на рэальную небясьпеку. І гэтым страхам можна і трэба кіраваць.

Упэўненасьць — аснова посьпеху. Людзі, ня ўпэўненыя ў сабе, ня здольныя прааналізаваць і ацаніць аб’ектыўна складаную сытуацыю, ня могуць своечасова прыняць адказнае рашэньне. Ім невядомае такое паняцьце, як сіла духу. Упэўненасьць — гэта стан духу. І па веры аддасца вам.


Працяг будзе...

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 9.
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 8.
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 7.
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 6.
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 5.
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 4.
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 3.
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 2.
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 1.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG