Юры Бандажэўскі
У 1995 годзе аўстрыйскі навуковец Герхард Эгецбэргер адкрыў, што існуе сувязь паміж цягліцай Pubococcygeus (PC), разьмешчанай у доле таза, і мозгам. Шматразовае напружваньне гэтай цягліцы ўзмацняе энэргетычнае сілкаваньне галаўнога мозгу. Гэта дазваляе кіраваць плынямі энэргіі ў арганізьме.
Падобна ўсходнім вучэньням Кама-сутра, Тантра—ёга ды іншым, трэнінг Эгецбэргера мае на мэце сублімацыю (перанос) сэксуальной энэргіі, якая зьяўляецца фундамэнтам здароўя і якасьці жыцьця чалавека, у сфэру несэксуальнай дзейнасьці.
Калі чалавек можа кіраваць такой энэргіяй, гэта дапамагае яму палепшыць уласнае здароўе і якасьць жыцьця ў цэлым, а таксама ўдасканаліцца духоўна. Да таго ж, набыць тое, што называюць шармам, асабістым магнетызмам. У аснове гэтага ляжыць уласная энэргетыка чалавека.
Практыкаваньне на разьвіцьцё РС-цягліцы
Яна цягнецца ад лабковай косткі да хвастца, падтрымлівае анус (задні праход) і сумежныя зь ім унутраныя органы, не даючы ім апусьціцца. Мышцай кіруе нэрв, які кантралюе актыўнасьць анусу і палавых органаў. PC-мышца зьвязаная з органамі таза нэрвовымі спляценьнямі. Скарачэньні РС-мышцы стымулююць таксама прастату ў мужчын і матку ў жанчын. PC- цягліцу можна ўмацаваць пэўнымі практыкаваньнямі.
Сядзьце на падушку, крэсла або на пяты. Хрыбетнік павінен быць цалкам выпрастаны, мышцы сьпіны, плячэй, шыі, рук і твару расслабленыя. Нахіліце галаву зьлёгку наперад, заплюшчыце вочы. Напружце мышцу на 3 сэкунды. Гэта адбываецца, калі скарачаюцца цягліцы вакол задняга праходу. Адначасова рабіце павольны ўдых. Калі на першым часе вам цяжка напружваць мышцу на працягу 3-х сэкундаў, рабіце гэта 1 ці 2 сэкунды. Падчас выдыху цалкам расслабце мышцу. Паўтарайце гэты цыкл спачатку ня менш як 10 разоў, але ня больш за 10 хвілін. Па меры таго як будзе ўзрастаць сіла і цягавітасьць (прыкладна праз тыдзень), павялічвайце пэрыяд напругі, адлічваючы ў думках ад 1 да 10. Расслабляйце цягліцу гэтаксама павольна, як і напружвалі. Паўтарайце гэта раз за разам на працягу 5 хвілін. Пасьля гэтага зрабіце хвілінную паўзу, а затым паспрабуйце 10 разоў у хуткім тэмпе напружыць і расслабіць мышцу. Паўтарыце два разы поўны цыкль павольных і хуткіх напружваньняў і расслабленьняў.
Пасьля некалькіх практыкаваньняў вы павінны адчуць лёгкі сьверб або пацягваньне ў хрыбетніку, а таксама каля пераносься. Гэтае адчуваньне нагадвае слабое ўзьдзеяньне электрычнага току.
Практыкуйце сама меней двойчы ў дзень па 15 хвілін. Прыкладна праз тыдзень, максымум праз 2–3 тыдні, вы павінны бязь цяжкасьцяў выконваць на працягу дня да 300 скарачэньняў.
Пасьля таго як РС-мышца зробіцца дужэйшаю, можаце ўключыць у свой трэнінг наступнае энэргетычнае практыкаваньне.
Практыкаваньне на рэгенэрацыю крыніцы энэргіі
Пасьлядоўнасьці ў выкананьні практыкаваньняў энэргетычнага комплексу трымацца не абавязкова. Час сутак, тым больш ва ўмовах зьняволеньня, ролі не адыгрывае.
Аднак толькі выкананьне поўнага комплексу, у які ўваходзяць 5 прыведзеных вышэй тыбэцкіх рытуальных дзеяньняў “Вока Ўсходу”, 6 рунічных практыкаваньняў ды практыкаваньні з РС-мышцай, дапаможа актывізаваць нашу энэргетычную сыстэму і аднавіць пашкоджаны ў экстрэмальных ўмовах няволі энэргетычны мэтабалізм.Дадам, што за кратамі, дзе вязьні гадамі ня маюць сэксуальных кантактаў з жанчынамі, гэтыя практыкаваньні робяць супакаяльны ўплыў і ў пэўнай меры здымаюць сэксуальнае напружаньне..
Другая частка энэргетычнага практыкаваньня завяршае трэнінг. Ад першай часткі да другой пераходзьце безь перапынку. Хутка напружце РС-мышцу і адначасова хутка ўдыхніце носам. Напруга і ўдых не павінны доўжыцца больш за 1–2 сэкунды. Пасьля гэтага адразу ж расслабце PC-мышцу і рэзка выдыхніце. Гэты цыкл трэба паўтарыць сама меней 30 разоў.
Пасьля заканчэньня ўсіх практыкаваньняў працягвайце спакойна сядзець ня менш за хвіліну. Затым вярніце вочы і язык у нармальнае становішча. Павольна расплюшчыце вочы. Глыбока і энэргічна ўдыхніце і выдыхніце, патрыце далоні адна аб адну і павольна ўстаньце. Паўтарайце гэтае практыкаваньне не радзей як праз 12 гадзін.
Практыкаваньні энэргетычнага комплексу трэба выконваць цалкам. Пасьлядоўнасьці ў выкананьні трымацца не абавязкова. Час сутак ролі не адыгрывае.
Працяг будзе...
*****************
Біяграфічная даведка.
Юры Бандажэўскі нарадзіўся ў 1957 годзе на Гарадзеншчыне. Выпускнік Гарадзенскага дзяржаўнага мэдычнага інстытуту. У 26 гадоў абараніў кандыдацкую дысэртацыю, у 31 – доктарскую, у 33 атрымаў навуковае званьне прафэсара. Навуковая спэцыяльнасьць – паталягічная анатомія і паталягічная фізыялёгія. Навуковыя інтарэсы – радыяцыйная біялёгія і мэдыцына, генэтыка і імуналёгія.
1990-1999 – заснавальнік і першы рэктар Гомельскага дзяржаўнага мэдычнага інстытуту (пазьней унівэрсытэту). Заснаваў катэдру паталёгіі, стварыў пры інстытуце навукова-дасьледчы Цэнтар радыяцыйнай паталёгіі, які займаўся вывучэньнем уплыву радыяцыйнага выпраменьваньня на здароўе людзей. Навуковы кіраўнік 30 кандыдацкіх ды доктарскіх дысэртацый.
Зьяўляецца аўтарам больш як 280 навуковых работ, у тым ліку 17 манаграфіяў, 2 даведнікаў, 7 вынаходніцтваў і патэнтаў.
Арыштаваны ў ліпені 1999 году. У 2001-м ваенная калегія Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь прызнала Бандажэўскага вінаватым у атрыманьні хабару. Быў асуджаны на 8 гадоў. «Міжнародная амністыя» назвала Бандажэўскага вязьнем сумленьня, лічачы, што яго пасадзілі за крытыку дзеяньняў беларускіх уладаў пасьля катастрофы на ЧАЭС. У тым жа 2001 стаў 25-м чалавекам у сьвеце, які атрымаў Пашпарт свабоды Эўразьвязу. Ганаровы грамадзянін 17 францускіх гарадоў, у тым ліку Парыжу. Ганаровы доктар Марсэльскага ўнівэрсытэту.
Вызвалены ў 2005. Ад 2006 жыў і працаваў спачатку ў Францыі і Літве, ад 2009 ва Ўкраіне, дзе арганізаваў і ўзначаліў міжнародны каардынацыйны аналітычны цэнтар “Экалёгія і здароўе”, у склад якога ўваходзяць вядомыя навукоўцы і грамадзкія дзеячы, сябры Эўрапарлямэнту і парлямэнту Ўкраіны. Лідэр міжнароднай арганізацыі дапамогі ліквідатарам аварыі на ЧАЭС і ахвярам ядзернага ўзьдзеяньня.
Жанаты, мае дзьвюх дачок.
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 7.
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 6.
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 5.
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 4.
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 3.
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 2.
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 1.