Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мілінкевіч сабраў подпісы для рэгістрацыі на выбарах

абноўлена

Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

Патэнцыйны кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня, лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч першым зь вядомых апазыцыйных палітыкаў сабраў 1000 подпісаў выбарцаў. Гэта той мінімум, які дастатковы для рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты.

Пра тое, як патэнцыйныя прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты ад апазыцыі праводзяць гэты этап выбарчай кампаніі.

Лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч зьбіраецца балятавацца па 109-й Уруцкай выбарчай акрузе ў Менску. Кіраўнік ягонай ініцыятыўнай групы Юрась Меляшкевіч распавядае:

«У мінулы панядзелак нам былі ўручаныя пасьведчаньні аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. І мы ў той жа дзень пачалі зьбіраць подпісы. За гэты час мы сабралі тысячу подпісаў, выставілі чатыры пікеты. Зараз мы працягваем зьбіраць подпісы абыходам ад дзьвярэй да дзьвярэй, а таксама працягваем выстаўляць пікеты».

У адрозьненьне ад папярэдніх парлямэнцкіх выбараў сёлета заканадаўства дазваляе зьбіраць подпісы ў падтрымку патэнцыйных кандыдатаў і празь пікеты, адзначае сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік:

Мікалай Лазавік
Мікалай Лазавік
«Я не сказаў бы, што гэта вельмі эфэктыўная форма працы.Таму што не заўжды каля пікету будзе праходзіць выбарца з тваёй акругі, не заўжды ў яго будзе з сабою пашпарт. А пашпартныя дадзеныя абавязкова трэба паказаць у падпісным лісьце.

Але гэта вельмі добрая форма прапаганды ідэяў патэнцыяльных кандыдатаў у дэпутаты. І, напэўна, вельмі добрая форма партыйнай працы для тых кандыдатаў, якія зьяўляюцца сябрамі якіхсьці палітычных партыяў».

Каманда Аляксандра Мілінкевіча скарыстоўвае кампанію так, каб праз свайго лідэра распавесьці людзям і пра рух, пра яго мэты і задачы, кажа Юрась Меляшкевіч:

«Мы хочам сабраць як мага болей подпісаў. Найперш для таго, каб як мага болей людзей даведалася, што наш кандыдат вырашыў праводзіць сваю выбарчую кампанію ў гэтай акрузе. Таму мы будзем працаваць вельмі актыўна аж да апошняга дня падачы подпісаў, то бок да 13 жніўня. Зараз час ня вельмі спрыяльны, бо шмат людзей у разьездах. Мы гэта разумеем. І таму мы будзем ня проста абыходзіць яшчэ раз гэты раён, а будзем паўторна заходзіць у тыя кватэры, дзе нам не адчынілі і дзе людзей мы не знайшлі».

А вось патэнцыйны кандыдат у дэпутаты — старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, які балятуецца па 92-й Аўтазаводзкай акрузе сталіцы, перад сваёй ініцыятыўнай групай задачу сабраць шмат подпісаў ня ставіць:

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
«Збор подпісаў, на маю думку, адбываецца нармальна. У прынцыпе, размовы з выбарцамі адбываюцца вельмі пазытыўныя. І гэта пры тым, што ў нас не стаіць на мэце масавасьць збору подпісаў, бо мы ў любым выпадку будзем дубляваць вылучэньне кандыдатаў праз партыю. А сабраныя подпісы нават не плянуем здаваць у выбарчыя камісіі. І нават з улікам усяго гэтага на сёньня мы маем ужо каля 200 подпісаў».

Што тычыцца іншых партыйных лідэраў, то, як паведамілі «Свабодзе» ў партыі «Справядлівы сьвет», яе лідэр Сяргей Калякін наагул не плянуе вылучацца кандыдатам у дэпутаты. АГП у мінулую суботу вылучыла 57 так званых сьпікераў, сярод якіх і Анатоль Лябедзька. Яны здымуцца з выбарчай гонкі 15 верасьня. У сувязі з гэтым партыя яшчэ ня вырашыла, ці будуць яе «сьпікеры» наагул зьбіраць подпісы выбарцаў.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прызначаныя на 23 верасьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG