Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ажароўскі абскардзіць рашэньне аб дэпартацыі


Андрэй Ажароўскі
Андрэй Ажароўскі

Яўген Маслаў, адвакат расейскага фізыка-ядзершчыка Андрэя Ажароўскага, высланага зь Беларусі, абскарджвае рашэньне аб яго дэпартацыі. У які орган, пакуль невядома, сказаў абаронца у інтэрвію БелаПАН.

Андрэя Ажароўскага, які адбыў 28 ліпеня 10-сутачны адміністрацыйны арышт па абвінавачаньні ў дробным хуліганстве, учора раніцай дэпартавалі з Беларусі. Яму забаронены ўезд у краіну на працягу 10 гадоў.

Паведамленьне пра высылку было падпісанае часовым выканаўцам абавязкаў начальніка Маскоўскага РУУС. У гэтым дакумэнце ўказана, што разгляд пытаньня аб дэпартацыі будзе праходзіцьу у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў каля 8 гадзін раніцы і Ажароўскі можа прысутнічаць пры гэтым. Аднак пытаньне аб дэпартацыі было разгледжана пры адсутнасьці расейца, бо яго ўжо пасадзілі на цягнік і адправілі ў Смаленск.

Маскоўскае РУУС вырашыла гэтае пытаньне ў пазасудовым парадку на той падставе, што Ажароўскі быў асуджаны за дробнае хуліганства. Гэта адбылося нягледзячы на тое, што ў адпаведнасьці з заканадаўствам пастанова аб адміністрацыйным арышце яшчэ не набыла моц, бо была абскарджана ў пяцідзённы тэрмін. Касацыйная скарга на пастанову суда аб адміністрацыйным арышце Ажароўскага будзе разглядацца 30 ліпеня Менскім гарадзкім судом.

«У Менску засталіся мае рэчы і патрэбныя мне дакумэнты. Маю крэдытную карту канфіскавалі з маіх асабістых рэчаў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў і купілі мне па ёй без майго ведама квіток на цягнік да Смаленску», — расказаў БелаПАН Ажароўскі.

Здарэньне ён расцэньвае як правакацыю ўладаў, накіраваную ня толькі супраць яго асабіста, але і супраць усяго антыядзернага руху Беларусі.

«У прыхільнікаў АЭС у Беларусі не засталося іншых аргумэнтаў, акрамя хлусьні і правакацыяў», — гаворыць вучоны.

Нагадаем, экалягічныя актывісты Таццяна Новікава і Андрэй Ажароўскі былі затрыманыя ў Мінску 18 ліпеня. У 12.00 Новікава, Ажароўскі і старшыня праўленьня грамадзкага аб`яднаньня «Экадом» Ірына Сухій зьбіраліся перадаць у пасольства РФ у Менску адкрыты зварот супраць падпісаньня генэральнага кантракту на будаўніцтва АЭС.

Каб сустрэць Ажароўскага, яго сябры, калегі і журналісты, яшчэ ня ведаючы пра дэпартацыю, сабраліся раніцай 28 ліпеня каля ЦІП на вул. Акрэсьціна. Тут ужо дзяжурылі два супрацоўнікі ў цывільным. Яны падышлі да прысутных і папрасілі іх не наладжваць акцыяў, не даставаць расьцяжкі і транспаранты.

Прысутныя адказалі, што і не зьбіраліся гэтага рабіць. Адзін з супрацоўнікаў папрасіў дакумэнты ў кожнага з прысутных, у тым ліку журналістаў. Затым перапісаў іх зьвесткі і задакумэнтаваў іх на відэакамэру.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG