Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея дасьць Беларусі 10 мільярдаў даляраў на «мірны атам»

абноўлена

Дзьмітрый Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка
Дзьмітрый Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка

Беларусь і Расея сёньня падпісалі генэральны кантракт на будаўніцтва АЭС у Астраўцы паводле расейскага праекту і за расейскія грошы.

З гэтай нагоды ў Менск прыехаў прэм’ер ураду Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў.

Дзьмітры Мядзьведзеў у Менску правёў паседжаньня Савету міністраў так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, у парадку дня якога было два дзясяткі пытаньняў.

Перад пачаткам паседжаньня Дзьмітрыя Мядзьведзева прыняў Аляксандар Лукашэнка. Абодва выказалі жаданьне працягваць праект саюзнай дзяржавы. Лукашэнка назваў сымбалічным прыезд у нядаўнім мінулым свайго калегі па прэзыдэнцтве менавіта ў Беларусь:

«Гэта таксама вельмі важна, што вы пачынаеце сваё старое новае жыцьцё зь Беларусі, з правядзеньня вельмі важнага мерапрыемства. Гэта гаворыць пра тое , што мы інтэграцыйным працэсам надавалі і будзем надаваць увагу. І вось гэтаму ядру, нашаму галоўнаму праекту саюзнай дзяржавы мы будзем надаваць ня толькі ўвагу, але і будзем прасоўваць гэты праект. Мы гатовыя да размовы па ўсіх пытаньнях — і ў сфэры абароны, і фінансаў, і з улікам тых трывожных тэндэнцый, якія насоўваюцца на нас з вамі ня тое з Захаду, ня тое ў Поўдня, з усіх канцоў».
Мы гатовыя да размовы па ўсіх пытаньнях — і ў сфэры абароны, і фінансаў, і з улікам тых трывожных тэндэнцый, якія насоўваюцца на нас з вамі ня тое з Захаду, ня тое ў Поўдня, з усіх канцоў.

Дзьмітрый Мядзьведзеў гэтаксама выказаў спадзяваньне на далейшы плён ад інтэграцыйных праектаў, якія сумесна рэалізуюць Масква і Менск:

«За апошні год, можа крыху больш, мы прайшлі вельмі важны шлях і выйшлі на абсалютны іншы ўзровень стратэгічнага партнэрства, які ня можа ні радаваць ні нас у Расеі і, спадзяюся, у Беларусі такія ж настроі. Ёсьць цалкам канкрэтныя лічбы, якія паказваюць, што мы працавалі не дарэмна. Гандлёвы абарот паміж нашымі краінамі выйшаў на беспрэцэдэнтны ўзровень. Гэта вынік і сумеснай дзейнасьці, і інтэграцыйных працэсаў. Я маю на ўвазе і ў рамках саюзнай дзяржавы і, канечне, у рамках Мытнага саюзу».

Пасьля гэтага Дзьмітрый Мядзьведзеў выправіўся ў Заслаўе, дзе распачалося сумеснае паседжаньне кіраўнікоў урадаў і ведамстваў. Адзін з галоўных пунктаў — падпісаньне генэральнага кантракту на будаўніцтва АЭС у Беларусі. Расея бярэцца цалкам пракрэдытаваць маштабную будоўлю. Кошт пытаньня — 10 мільярдаў даляраў.

Актывіст ядзернага супраціву з Астраўца Мікола Ўласевіч наракае, што рэалізацыя глябальнага праекту адбывалася закулісна, без шырокага грамадзкага абмеркаваньня, а гэта недапушчальна ў выпадку з аб’ектам, які нясе патэнцыйную небясьпеку для мільёнаў людзей:

«Як жыхары Астравецкага раёну, як людзі, якім найбольш балюча ад рашэньня будаваць тут АЭС, мы, вядома ж, супраць. Хацелі б яшчэ раз данесьці некаторыя важныя моманты. Перш за ўсё зьвярнуць увагу грамадзкасьці на такую акалічнасьць. У адпаведнасьці з артыкулам 18 нашай Канстытуцыі Беларусь абвешчана бязьядзернай зонай. Натуральна, Асноўны закон краіны патрабуе і адпаведнага стаўленьня да гэтага заканадаўчага палажэньня. Але ў нашым выпадку рашэньне будаваць АЭС прынятае вузкім колам асобаў, дакладней — Радай бясьпекі яшчэ пры канцы 2008 году, а ўжо затым пайшлі рашэньні іншых органаў. Па сутнасьці, гэта келейнае рашэньне, яно не абмяркоўвалася шырока сярод грамадзкасьці, адмыслоўцаў. Тое нібыта „абмеркаваньне“, якое было 9 кастрычніка 2009 году ў Астраўцы, дык гэта не абмеркаваньне, а зьдзек. Абмеркаваньне такога лёсавызначальнага пытаньня павінна быць усенародным».


Гэтаксама Масква настойвае на абмеркаваньні пытаньня, якое апошнім часам не дае спакою Крамлю. Гаворка пра экспарт Беларусьсю растваральнікаў і разбаўляльнікаў, атрыманых зь бязмытнай расейскай нафты. Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што калі ёсьць парушэньні ў працэсе паставак нафтапрадуктаў, то вінаватыя павінны панесьці адказнасьць: «Нават калі рашэнне будзе вельмі цяжкім. Але эканамічныя інтарэсы павінны быць адноўленыя».

Згодна з апошняй справаздачай Нацыянальнага статыстычнага камітэту, за студзень-травень Беларусь экспартавала ў Эўразьвяз амаль 2,5 мільёна тон гэтай прадукцыі, зарабіўшы больш за 2 мільярды даляраў. Пры тым, што, прыкладам, у 2010 годзе аб’ём паставак быў у 10 разоў меншы. Расейскі прэм’ер-міністар, які адначасна ўзначальвае саюзны ўрад, распарадзіўся высьветліць акалічнасьці экспарту па-беларуску. Як кажа экспэрт у энэргетычных пытаньнях Тацьцьяна Манёнак, адметна, што бакі пачалі абмяркоўваць пытаньне публічна:
Справа ў тым, што расейскі бюджэт сапраўды страчвае даволі сур’ёзныя, істотныя грошы.

«Справа ў тым, што расейскі бюджэт сапраўды страчвае даволі сур’ёзныя, істотныя грошы. Канечне, насамрэч будзе вельмі складана даказаць, што гэта і ёсьць рээкспарт, таму што беларускі бок разумее ўсю гэтую адказнасьць, і нейкія фармальнасьці ўзгодненыя з рознымі існуючымі пагадненьнямі, зь беларускім заканадаўствам. Яшчэ раз кажу, што расейцам нешта даказаць будзе ня так проста. Але факт ёсьць факт: расейскі бюджэт сапраўды досыць істотна страчвае, гэта сур’ёзныя грошы нават для Расеі. Таму, я так разумею, нейкім чынам пытаньне будзе абмяркоўвацца, магчыма, нават паспрабуюць знайсьці нейкае выйсьце з гэтай сытуацыі, націснуць нейкім чынам на беларускі бок, каб гэты бізнэс быў хутчэй або прыпынены, або скарочаны, або зусім згорнуты».

Расейскі бок абяцае Беларусі шырокую фінансавую падтрымку. Намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Старчак заявіў, што краіна мае ўсе шанцы атрымаць да канца гэтага году чацьвёрты транш крэдыту антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. Нават нягледзячы на тое, што праграма прыватызацыі дзяржаўнай уласнасьці ў Беларусі «ідзе зь цяжкасьцю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG