Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аксана Пачобут: «Гэтым разам улады яго не адпусьцяць»


Аксана Пачобут пасьля сустрэчы з мужам у турме
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:28 0:00

Аксана Пачобут пасьля сустрэчы з мужам у турме

Андрэй Пачобут у гарадзенскай турме ў якасьці падазраванага. Яго вінавацяць у паклёпе на прэзыдэнта.

Са сьледзтвам ён супрацоўнічаць адмаўляецца. Напрыканцы тыдня сканчаецца 10-дзённы тэрмін яго затрыманьня, і сьледчы павінен прад’явіць абвінавачаньні. Пра гэта «Свабодзе» распавяла жонка Андрэя Пачобута Аксана, якая мела сёньня зь ім спатканьне ў гарадзенскай турме.

Аксана Пачобут распавядае, што ейнае спатканьне працягвалася амаль дзьве гадзіны. Андрэй распавёў, што сядзіць адзін у камэры, якая разьлічаная на чатырох чалавек. Ні на што ня скардзіўся, наадварот — падтрымліваў яе. Але, тым ня менш, вельмі рэальна глядзіць на тое, як можа скласьціся сытуацыя ў будучыні.

«Ён перадаваў усім прывітаньне, казаў, што трымаецца нармальна і чакае прысуду. Думае, што прысуд будзе суровы. Гэтым разам улады яго не адпусьцяць, бо, як ён сказаў, загад на гэта аддадзены зь Менску».

Спадарыня Аксана дадае, што Андрэй пакуль у статусе падазраванага, але ўжо 29 чэрвеня яму павінны прад’явіць абвінавачаньні.

«Ён адмовіўся супрацоўнічаць са сьледзтвам, і таму яго ніхто не чапае, ён папросту адзін сядзіць у камэры. Толькі ўчора да яго прыходзіў адвакат. А сёньня ён быў вельмі зьдзіўлены, што дазволілі сустрэчу».

Карэспандэнт: «А ці сказаў Андрэй, за якія канкрэтна публікацыі яго падазраюць у паклёпе?»

«Яго пазнаёмілі з тым, у чым вінавацяць. Гэта ягоныя артыкулы пра расстраляных віцебскіх хлопцаў, пра маўклівыя акцыі, якія летась адбываліся, потым пісаў ён артыкул „Яйцы. Блеф. Лукашэнка“ — гэта пра тое, як Лукашэнка зьняважліва выказваўся ў бок заходніх палітыкаў. І гэта яшчэ артыкулы пра гандаль жывым таварам. Ён шмат называў...»

Карэспандэнт: «Вы сказалі, што Андрэй зьдзівіўся, што вам дазволілі спатканьне — чаму?»

«Цяжка сказаць. Можа, нават больш і не дадуць. Яны робяць там нейкія запісы на стужку, магчыма, аналізуюць інфармацыю. Бо і летась, калі ён сядзеў падчас спатканьня, націскалі гузік на запіс, і гэтым разам таксама».

Карэспандэнт: «А як ягонае здароўе?»

«Апошнім часам, яшчэ ў хаце, ён прымаў лекі, сачыў за здароўем, рыхтаваўся. Казаў, што адной нагой знаходзіцца ў турме, а цяпер ён там дзьвюма нагамі. Ён ня скончыў лячыцца дома, і зараз яму нельга перадаць неабходныя лекі. Трэба ісьці ў паліклініку, рабіць выпіскі, якія пацьвярджаюць, што ён лекаваўся».

Карэспандэнт: «А ці мае ён нейкую сувязь са сьветам — газэты, радыё?..»

«Ён абсалютна там нічога ня ведае. Газэты яму перадалі, калі я насіла перадачу ў суботу, а так чытае кніжкі. Я яму напісала два лісты, а яшчэ сёньня ён іх не атрымліваў. Ён толькі сёньня даведаўся, як выглядае сытуацыя. Ён дзякуе ўсім тым людзям, хто яго падтрымлівае».

Андрэя Пачобута арыштавалі 21 чэрвеня. Супраць яго завялі крымінальную справу і вінавацяць паводле крымінальнага артыкула 367, частка 2 — «Паклёп у адносінах да прэзыдэнта, які ўтрымліваецца ў публічным выступе, альбо ў друкаваным ці публічна дэманстраваным творы, альбо ў СМІ, учынены асобай, якая раней была асуджана за паклёп альбо зьнявагу».

Паводле Крымінальнага кодэксу, журналіста могуць пакараць абмежаваньнем волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленьнем волі на такі ж тэрмін.

5 ліпеня 2011 году Ленінскі суд Горадні вынес рашэньне, згодна зь якім Пачобут быў апраўданы паводле часткі 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэксу (абраза прэзыдэнта Беларусі), але прызнаны вінаватым паводле часткі 1 артыкула 367 Крымінальнага кодэксу (паклёп на прэзыдэнта).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG