Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэст пад парасонамі

абноўлена

У Горадні з першага па трэцяга чэрвеня адбываецца традыцыйны ўжо дзевяты фэст нацыянальных культур.

Два дні запар у горадзе ідуць дажджы з невялікімі перапынкамі, што вельмі замінае ўдзельнікам і гасьцям фэсту, тым ня менш гарадзенцы імкнуцца хоць і пад парасонамі, але пабываць на фэсьце.

Сёлетні фэст нацыянальных культур адметны колькасьцю ўдзельнікаў: калі ў першым фэсьце бралі ўдзел толькі 11 нацыянальных аб’яднаньняў, то сёлета ў Горадні аб’явілі пра падворкі 33 нацыянальнасьці.



Упершыню адкрытыя падворкі вэнэсуэльцаў, гішпанцаў, туркмэнаў. Праўда, гэтыя падворкі, амаль увесь час былі пустыя. Таксама пуставаў і падворак аўганцаў.
Другі дзень фэсту звычайна лічыцца самым цікавым, паколькі прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў прадстаўляюць сваю культурную праграму, а таксама дэманструюць традыцыі нацыянальных кухняў, дзе частуюць нацыянальнымі стравамі ўсіх жадаючых.

Яшчэ адна адметнасьць сёлетняга фэсту: не прадаюць сьпіртных напояў, нават піва, шашлыкі людзі запіваюць квасам. І ўвесь стары горад абнесены мэталічнымі турнікетамі, міліцыянты спраўджаюць ўсіх, хто заходзіць.

Звычайна на гарадзенскім фэсьце цэнтар горада бывае перапоўнены, а сёлета ў залежнасьці ад дажджу людзей то большае, то меншае. Побач з цыганскім падворкам людзей найболей, тут гучная музыка і танцы.

Спадар: «Фэстываль харошы, мы кожны раз бываем, вось гэта ўжо дзевяты фэстываль, толькі сёлета з надвор’ем не пашэнціла...»

Спадарыня: «Нам падабаецца, асабліва цікава падворкі паглядзець, кухню іх паспрабаваць, часам нават і нешта набыць».

Карэспандэнт: «А сёньня шмат страў пакаштавалі?»

Спадарыня: «Сёньня ні на што не рашыліся з-за дажджу».

Хлопец: «Мне ня вельмі падабаецца, надвор’е дрэннае, усе нейкія зацюганыя, нічога не зразумела...».

Побач з армянскім падворкам, выступаюць танцоры. Малады юнак у нацыянальным строі просіць, перакладаць яму пытаньні пытаньне на расейскую мову.

Высьветлілася, што юнак жыве ў Менску 8 гадоў, яму надта падабаецца гасьціннасьць гарадзенцаў і нягледзячы на дождж ён усім задаволены. А чаму за 8 гадоў жыцьця ў Беларусі ён не разумее беларускае мовы?

Хлопец: «Ну, таму што тут людзі размаўляюць па-расейску, а я што чую тое і паўтараю. Я асабіста лічу, што кожная нацыя павінна гаварыць на сваёй мове, а тут 90% не гавораць на роднай мове. Я часьцей за ўсё сумоўюся з моладзьдзю, а моладзь наагул не размаўляе па-беларуску».

На казахскім падворку студэнт Ашыр, які прыехаў з Астаны на паўгады на вучобу ў Менск ў межах новай адукацыйнай праграмы Мытнага зьвязу. Распавёў, як казахі ставяцца да Мытнага зьвязу?

Ашыр: «Калі вы памятаеце, раней беларусы прыяжджалі да нас падымаць цаліну і вось цяпер як бы гэта ўсё працягнецца. І мы думаем, што Мытны зьвяз дасьць нам болей магчымасьцяў дзеля гэтага. І мы вельмі радыя, што гэтыя зьвяз лучыць нашы братэрскія краіны».

А вось на расейскім падворку спадарыні пра палітыку казаць адмовіліся.

Спадарыня: «Выдатнейшы горад, гасьцінныя людзі, заўсёды дапамогуць, гэта нават цяжка выказаць словамі. Нам вельмі падабаецца Горадня і гарадзенцы...».

Побач з цэнтральнай сцэнай сталы спадар неяк скептычна глядзіць на дзеі. Ён аказаўся з тых, каму нічога тут не падабаецца.

Спадар: «Навошта тут столькі міліцыі, навошта столькі балагану, не зразумела...».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG