Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Жадан: Ва Ўкраіне перадрэвалюцыйная сытуацыя


Сяргей Жадан
Сяргей Жадан

Украінскі паэт і празаік Сяргей Жадан прыехаў у Беларусь, каб прэзэнтаваць беларускі пераклад сваёй кнігі «Anarchy in the UKR».

Раман, значная частка якога апісвае падзеі Памаранчавай рэвалюцыі ва Ўкраіне, замацаваў за Жадана статус аднаго з самых аўтарытэтных украінскіх літаратараў. Дарэчы, сам Сяргей Жадан падчас Памаранчавай рэвалюцыі быў камэндантам намётвага мястэчка ў Харкаве. Беларускі пераклад тэксту зрабіў Алег Жлутка. Пасьля дзьвюх прэзэнтацый у Менску Сяргей Жадан даў кароткае інтэрвію Радыё Свабода:

— Якія ўражаньні ад паездкі ў Беларусь?

— Апошні раз я быў гады чатыры таму. І вельмі хацеў ізноў прыехаць, бо ў мяне ў Беларусі і ў Менску шмат сяброў. Мне бракуе зь імі камунікацыі. Надзвычай спадабалася беларуская публіка — яна прыемная і адкрытая. Цудоўныя былі прэзэнтацыі, і прыемна было пабачыць даўніх знаёмых.

— Як вы ахарактарызуеце тое, што адбываецца ва Ўкраіне?

— Мне здаецца, што ва Ўкраіне цяпер перадрэвалюцыйная сытуацыя. Пытаньне толькі ў тым, калі пачнуцца супольныя перамены. Мне хочацца спадзявацца, што яны пачнуцца вельмі хутка.

— Ці голас пісьменьнікаў, прадстаўнікоў культурнай эліты заўважаны цяпер украінскім грамадзтвам?

— Я б вельмі асьцярожна ставіўся да выкарыстаньня слова «эліта». Але ў прынцыпе да пісьменьнікаў ёсьць пэўны інтарэс, да іх прыслухоўваюцца, на іх рэагуюць, іх падтрымліваюць. Так ці інакш яны ўплываюць на сытуацыю. Ад пісьменьнікаў часам вымагаюць зусім не літаратурных заяваў, учынкаў і пазыцый. Час ад часу ў нас здараюцца такія сытуацыі, калі да пісьменьнікаў спрабуюць ставіцца як да правадыроў. Мне гэта ня вельмі падабаецца. Мне здаецца, што гэта адбываецца выключна празь недахоп аўтарытэтаў у палітыцы, у грамадзкай думцы. Праз адсутнасьць пазытыўных пэрсанажаў, да якіх можна прыслухоўвацца.
Ад пісьменьнікаў часам вымагаюць зусім не літаратурных заяваў, учынкаў і пазыцый.

— У Беларусі крытыкі, чытачы і літаратары ламаюць коп’і наконт савецкай спадчыны беларускай літаратуры. Ці ёсьць падобная дыскусыя ва Ўкраіне?

— Украінская савецкая літаратура — гэта вельмі размаітая зьява. Там ёсьць розныя пісьменьнікі і іх вельмі шмат. Проста ўсё гэта адпрэчыць, адкінуць, на маю думку, ня вельмі канструктыўна. Ва ўсялякім разе я час ад часу перачытваю гэтых пісьменьнікаў і лічу, што да іх трэба больш уважліва ставіцца як да літаратурнай спадчыны, да клясыкі. Аўтаматычна выкідаць усіх, хто працаваў, падтрымліваючы савецкую ўладу, гэта ня вельмі разумная думка.

— Ваш раман «Anarchy in the UKR» у расейскім перакладзе ўвайшоў у Расеі ў кароткі сьпіс прэміі «Нацыянальны бэстсэлер». Як вы ставіцеся да спробаў расейскіх крытыкаў уключыць вашую творчасьць у кантэкст расейскай літаратуры?

— Я даволі іранічна стаўлюся. Думаю, што гэта хутчэй жэст ветлівасьці. Расейская літаратура сама па сабе цяпер вельмі цікавая, ня думаю, што ім кагосьці бракуе. Прыемна, што мяне нехта чытае, рэагуе на тое, што там выходзіць. Але я не сказаў бы, што ў мяне ў Расеі нейкі надзвычайны посьпех.

— Як, на ваш погляд, суіснуюць ва Ўкраіне ўкраінамоўная і расейскамоўная літаратура?

— Бясспрэчна, ёсьць расейскамоўныя папулярныя аўтары. Гэта Андрэй Куркоў, які жыве ў Кіеве, піша па-расейску і пазыцыянуе сябе як украінскі пісьменьнік. Ён папулярны як ва Ўкраіне, так і за мяжою. Да таго ж ва Ўкраіне працуе вялікая колькасьць вельмі цікавых расейскамоўных паэтаў і празаікаў. Яны, магчыма, ня так папулярныя сярод чытачоў, бо не займаюцца масавай літаратурай, але вельмі аўтарытэтныя сярод сваіх калегаў, пісьменьнікаў, літаратараў.

— Сяргей, чаму ў вас няма мабільнага тэлефона?

— Ён мне проста замінае.

— Гэта неяк зьвязана з вашымі антыглябалісцкімі поглядамі?

— Не, (сьмяецца) гэта не зьвязана з антыглябалісцкімі поглядамі, а проста з побытавымі нязручнасьцямі. Я не прыхільнік тэорыі змовы. Я ня думаю, што праз мабільныя тэлефоны і пэрсанальныя кампутары нас усіх адсочваюць і кантралююць. Мне гэта проста не патрэбна.

— Калі папрасіць вас коратка апісаць Беларусь — якой яна падалася вам у гэты прыезд?

— Ведаеце, мне здаецца, што Беларусь надзвычай чыстая. Я разумею, што я зараз выказваю пэўны стэрэатып кшталту «Беларусь уся вычышчаная, усе гэтыя постсавецкія штукі», але вось гэты стэрэатып якраз адпавядае рэчаіснасьці. Я ўчора ехаў па Беларусі, і мне адразу кінулася ў вочы, што ў параўнаньні з Украінай Беларусь сапраўды прыбраная. У вас няма сьмецьця ўздоўж дарог, на самім памежных пункце. Украіна ў гэтым пляне больш паўднёвая. Яна нагадвае хутчэй Турэччыну альбо які Эгіпэт, якіясьці арабскія краіны, дзе людзі, скарыстаўшы які посуд ці ўпакоўку, проста кідаюць яе побач. У гэтым адрозьненьне паміж беларусамі і паміж украінцамі: украінцы больш паўднёвыя, больш эмацыйныя і меней рацыянальныя. Гэта сапраўды кідаецца ў вочы ў Беларусі.

ВІДЭА: ПРЭЗЭНТАЦЫЯ БЕЛАРУСКАГА ПЕРАКЛАДУ КНІГІ ЖАДАНА Ў МЕНСКУ 29 ТРАЎНЯ
Прэзэнтацыя беларускага перакладу кнігі Жадана
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:50 0:00
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG