Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Тэндэнцыя ў бок аслабленьня рубля пайшла, і гэта добра для эканомікі»


Сяргей Чалы
Сяргей Чалы

Экспэрты заяўляюць пра пачатак пэрыяду аслабленьня беларускага рубля. Якія тэндэнцыі спрыяюць аслабленьню беларускай валюты, як да гэтага ставіцца дзяржава? Якім можа быць курс беларускага рубля на канец гэтага году? На гэтыя пытаньні адказвае фінансавы аналітык Сяргей Чалы.

— У газэце «Белорусы и рынок» выйшаў даволі грунтоўны артыкул пад загалоўкам «Пачынаецца пэрыяд аслабленьня беларускага рубля». Там прыводзіцца некалькі аргумэнтаў на карысьць гэтага тэзісу. Ці сапраўды зараз пераважаюць тэндэнцыі, якія вядуць да аслабленьня беларускай валюты? Ці можна сказаць, што ўлада даволі спакойна ставіцца да аслабленьня рубля?

— Думаю, так. Больш за тое, я лічу, што пачатак гэтага працэсу зацягнуўся. Фундамэнтальныя прычыны такія, што для рэальнага сэктару беларускай эканомікі залішняе ўмацаваньне рубля шкоднае. Ёсьць і спэкулятыўныя чыньнікі, бо падзеньне працэнтных ставак адставала ад тэмпаў запавольваньня інфляцыі. Таму былі вельмі выгадныя фінансавыя апэрацыі, калі выгадна было прадаваць валюту, рублі класьці на рублёвыя дэпазыты, і потым зноў пераўтвараць іх у валюту.

Цяпер насельніцтва па-ранейшаму застаецца прадаўцом валюты, а вось нерэзыдэнты разварочваюць новую тэндэнцыю. І паколькі зьніжэньне працэнтных ставак працягваецца, яны пачалі падвышаць попыт якраз на замежную валюту. І насельніцтва стала менш класьці грошай на рублёвыя дэпазыты. Так што паціху тэндэнцыя ў бок аслабленьня рубля пайшла, і з пункту гледжаньня эканомікі гэта карысна.

— Улады казалі пра курс 8500-9000 рублёў за даляр на канец году. Ці актуальны гэты прагноз, ці гэта занадта малая дэвальвацыя, і давядзецца аслабіць рубель значна больш?

— Я думаю, гэта быў «шкодны» прагноз, бо ён прадугледжваў умацаваньне рубля ў рэальным выражэньні. Што такое 8500 на канец году, калі год пачынаўся фактычна з гэтай лічбы? Пры тым, што інфляцыя заплянаваная 20 працэнтаў, а магчыма, будзе істотна вышэй. Гэта азначае ўмацаваньне рубля, што для рэальнага сэктару эканомікі ня вельмі добра.

Было б лягічным аслабленьне намінальнага выражэньня рубля на столькі ж, колькі будзе інфляцыя. Таму лягічна чакаць да канца году лічбу каля 9500 рублёў за даляр.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG