Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роля тандэмкратыі ў лёсе Беларусі


Заканчваецца дзіўнае, парадаксальнае прэзыдэнцтва Дзьмітрыя Мядзьведзева, якое спарадзіла фэномэн тандэмакратыі.

Ня спраўдзіліся прагнозы і разважаньні наконт таго, што ў расейскай гісторыі не было пасьпяховых прэцэдэнтаў, каб зіц-старшыня, месцаахоўнік зьбярог вышэйшую дзяржаўную пасаду дзеля нейкага «шэрага кардынала», не скарыстаў свой статус, каб захапіць рэальную ўладу. Цяпер такі прэцэдэнт зьявіўся.

Кіраваньне Мядзьведзева стала пэрыядам найбольш крутых паваротаў у беларуска-расейскіх дачыненьнях. Ён прыйшоў да ўлады ў той момант, калі Масква рэзка зьмяніла палітыку ў адносінах да Беларусі. Расейскае кіраўніцтва рашуча ўзяло курс на скарачэньне субсыдыяў беларускай эканоміцы, абвясьціла пераход на рынкавыя адносіны з найбліжэйшым саюзьнікам.

Кіраваньне Мядзьведзева стала пэрыядам найбольш крутых паваротаў у беларуска-расейскіх дачыненьнях

Рэакцыяй на такую палітыку стаў курс афіцыйнага Менску на дыялёг з ЭЗ. Гэты курс трываў з 2008 па 2010 гады. Беларусь тады прынялі ў праграму Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства». Гэта была самая значная спроба Беларусі дыстанцыявацца ад Расеі, праводзіць палітыку балянсаваньня паміж Усходам і Захадам, збудаваць вонкавую палітыку ў поўным сэнсе гэтага слова. Усё гэта адбывалася на тле расейска-грузінскай вайны, рэзкага абвастрэньня адносін Расеі з ЗША і Эўропай. Адмова Беларусі прызнаць незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі прывяла да таго, што ў расейскіх мэдыях Лукашэнку пачалі называць здраднікам.

Пачаўся самы востры канфлікт у гісторыі беларуска-расейскіх адносін. Лукашэнка пайшоў на тое, каб паставіць пад сумнеў сьвятое сьвятых у дачыненьнях саюзьнікаў — ваенна-палітычныя пытаньні. Ён адмаўляўся ўдзельнічаць у саміце АДКБ, доўга не хацеў падпісваць дамовы аб калектыўных сілах апэратыўнага рэагаваньня гэтай арганізацыі. У адказ Расея распачала беспрэцэдэнтную інфармацыйную атаку на Лукашэнку. Як заявіў расейскі пісьменьнік А. Праханаў, пасьля такога кіно («Хросны бацька») звычайна абвяшчаюць вайну. Горш у Расеі пісалі толькі пра Саакашвілі. Здавалася б, усё, масты спалены, хаўрус скончыўся, дарогі назад няма.

Мядзьведзеў не сыходзіць з расейскай палітыкі

Аднак раптам усё памянялася. Пасьля 19 сьнежня 2010 году адбылося замірэньне, беларуска-расейскі саюз рэанімаваўся. Расея вярнулася да субсыдыяваньня саюзьніка, выступіла ў абарону афіцыйнага Менску ў канфлікце Беларусі з ЭЗ.

Трэба адзначыць, што Лукашэнка імкнуўся раскалоць расейскі тандэм, сутыкнуць двух лідэраў Расеі, згуляць на іхніх супярэчнасьцях. Паколькі ягоныя адносіны з Пуціным ня склаліся з самага пачатку, то ён спрабаваў зрабіць стаўку на Мядзьведзева. Зразумела, з гэтага нічога выйсьці не магло. З 2011 году Лукашэнка, зразумеўшы, куды дзьме вецер, наадварот, стаў хваліць Пуціна і крытыкаваць Мядзьведзева.

Лукашэнка пайшоў на тое, каб паставіць пад сумнеў сьвятое сьвятых у дачыненьнях саюзьнікаў — ваенна-палітычныя пытаньні

Можна канстатаваць, што, нягледзячы на самы востры канфлікт, залежнасьць Беларусі ад Расеі за часы прэзыдэнцтва Мядзьведзева павялічылася. Тут можна ўзгадаць і продаж «Белтрансгаза», і ўступленьне Беларусі ў Мытны саюз і Адзіную эканамічную прастору з Расеяй і Казахстанам, і ўзмацненьне ролі АДКБ, і стварэньне сумеснай сыстэмы супрацьпаветранай абароны. І галоўнае — пачатак будаўніцтва АЭС. Гэта азначае, што на дадатак да нафтавай, газавай залежнасьці цяпер зьявіцца залежнасьць атамная. І, што прынцыпова важна, фінансавая залежнасьць, бо крэдыт у 10 млрд даляраў зацягвае даўгавую пятлю. Драма 19 сьнежня ўзмацніла гэты трэнд.

Канец спробаў Беларусі дыстанцыявацца ад Расеі падчас кіраваньня Мядзьведзева дае падставу зрабіць выснову, што пры цяперашняй беларускай сацыяльнай мадэлі і цяперашнім палітычным рэжыме гэтая задача ня мае рашэньня. Бо нерэфармаваная эканоміка Беларусі ня можа нармальна існаваць без расейскіх субсыдыяў. Дзеля сяброўскіх адносін з Захадам патрэбна палітычная дэмакратыя. А Лукашэнка і рэформы — рэчы несумяшчальныя. Таму ня санкцыі ЭЗ, а палітыка Лукашэнкі аб’ектыўна прывязвае Менск да Масквы.

А Мядзьведзеў не сыходзіць з расейскай палітыкі. Ён робіцца лідэрам партыі «Адзіная Расея», верагодна, прэм’ерам РФ. Вось жа, фармальна тандэмакратыя працягваецца. І, значыць, будуць працягвацца спробы ўтрымаць Беларусь у статусе залежнай тэрыторыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG