Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашук: Сёлета пабачыць сьвет новая кніга


Ляўрэат літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» за 2011 год — дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук. Узнагародай адзначана яго апошняя кніга «Сьлед матылька. Освальд у Менску».

Аляксандар Лукашук: Кнігі сэрыі «Бібліятэка «Свабоды» выходзяць ужо 10 гадоў, і ў год дзесяцігодзьдзя нашага юбілею некалькі кнігаў былі адзначаныя літаратурнымі экспэртамі, спэцыялістамі ў Беларусі. І гэта прыемнае сьведчаньне таго, што ёсьць якасьць у нашым прадукце. І для мяне асабіста прафэсійная ацэнка калег гэтаксама важная, як і ацэнка шырокага чытача.



Аляксей Знаткевіч: А наколькі, як вы думаеце, ацэнка прафэсіяналаў паўплывае на ацэнку чытача? Наколькі гэта дапаможа кнізе ў доступу да чытача?

Я кажу не пра маштаб, а пра сілу яго бачаньня. Я аддаў бы Андрэю Федарэнку
.

Лукашук: Я думаю, што гэта вельмі правільнае пытаньне. І я ўпэўнены, што гэта толькі можа быць пазытыўны эфэкт. Тыя прэміі, якія прысуджаюцца, прэмія Гедройца літаратару Касьцюкевічу і фіналістам Бахарэвічу, Федарэнку, яна спрыяе ўсё ж папулярнасьці імёнаў. У нас кампутарны час, час перагружанасьці, калі вельмі шмат назваў перакладной літаратуры, канечне, абсалютнай колкасьці рускай, раптам на нешта зьвяртаецца ўвага, і гэта вялікая дапамога чытачу. Таму што іначай гэтую дапамогу, падказку знайсьці для беларускага чытача вельмі цяжка.

Знаткевіч: Я задаваў гэтае пытаньне ляўрэату прэміі Гедройца Паўлу Касьцюкевічу, задам і вам — каму б вы аддалі «Глінянага Вялеса», калі б была ваша воля, неабавязкова сярод намінантаў?

Лукашук: Цяжкае пытаньне. Мне вельмі спадабалася кніга Андрэя Федарэнкі «Мяжа». Я прачытаў яе зь вялікім захапленьнем. Андрэй, як на мой погляд, гэта пісьменьнік ужо новага пакаленьня, новага старэйшага пакаленьня. Па ўзроўню сваёй прозы, па ўзроўню сьветаадчуваньня ён насамрэч бачыць такія рэчы, да якіх падымаліся такія гіганты як той жа там Талстой, Зошчанка, Брыль . У розных аспэктах. Я кажу не пра маштаб, а пра сілу яго бачаньня. Я аддаў бы Андрэю Федарэнку.

Знаткевіч: А сам вы працуеце ўжо над нечым новым, над нейкай новай кнігай?

Лукашук: Я спадзяюся, што сёлета пабачыць сьвет новая для мяне кніга — зборнік, у які ўвойдуць мае гістарычныя досьледы, дакумэнтальная проза, якую я пісаў апошнія 20 гадоў. Гэтыя кнігі выходзілі невялікімі накладамі, некалькі тысячаў асобнікаў, і імгненна зьнікалі. Іх можна знайсьці ў Нацыянальнай бібліятэцы, але гэта быў яшчэ даінтэрнэтны час, і я іх перачытаў, пераглядзеў, спытаўся ў спэцыялістаў, гісторыкаў, у Віталя Скалабана нябожчыка, і ён сказаў, што нічога мяняць ня трэба, ён дагэтуль імі карыстаецца. І я вырашыў сабраць іх і выдаць. Думаю, што сёлета выйдзе такі вялікі том гістарычных досьледаў.

Знаткевіч: У вас напэўна пыталіся пра гэта, але ўсё ж хто забіў Кэнэдзі?

Лукашук: Адказ на гэтае пытаньне можна знайсьці на 386 старонцы той самай кнігі, якая атрымала сёньня прэмію Таварыства вольных літаратараў. Кніга называецца «Сьлед матылька».

Дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук — аўтар кнігаў «Зьдзек», «Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста», «За кіпучай чэкісцкай работай», «У фіялетавай ночы вугал крыла», «Прыгоды АРА ў Беларусі», «Сьлед матылька» і шэрагу апавяданьняў.

Папярэднюю літаратурную прэмію Аляксандар Лукашук атрымаў у 1998 годзе ад Беларускага ПЭН-Цэнтру за кнігі "Філістовіч. Вяртаньне нацыяналіста" і "За кіпучай чэкісцкай работай". Прэмію імя Францішка Багушэвіча аўтару ўручыў Васіль Быкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG