Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд над Сяргеем Каваленкам. Дзень першы

абноўлена

Сяргей Каваленка распрануўся ў залі суду, каб паказаць, як ён схуднеў
Сяргей Каваленка распрануўся ў залі суду, каб паказаць, як ён схуднеў

21 лютага суд Першамайскага раёну Віцебску пачаў разглядаць крымінальную справу супраць сябра КХП-БНФ Сяргея Каваленкі. Палітвязьня накіравалі ў медычную частку СІЗА для дасьледаваньня стану здароўя. Перапынак — да 14:00 22 лютага.

17.20 Сяргей Каваленка, калі яго выводзілі з залі суда, крыкнуў у бок судзьдзі: «Ведаеце, што мне сёньня сьнілася?! Бідон мёду, горкага, з чорным хлебам і малаком!»

17:17 Абвешчаны перапынак да 14-й гадзіны 22 лютага. Судзьдзя вырашыла накіраваць Каваленку у шпіталь СІЗА для дасьледаваньня стану здароўя.

Каваленка: Мне сёньня сьніўся бідон мёду з хлебам і малаком
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:22 0:00
Наўпроставы лінк


17:15 Судзьдзя зачытвае дзьве карты выкліку «хуткай дапамогі». Лекар Дубакін піша, што стан бязь зменаў, але ёсьць зьмены ў стане крыві. Іншы лекар, Фадзееў, рэкамэнадваў больш глыбока вывучыць стан здароўя.

17:14 Людзей запусьцілі ў залю. Працэс адноўлены.

17:10 Каваленку вярнулі ў судовую залю. Ён пасьпеў крынуць: «Слава нацыі! Слава беларускаму народу!»

Наўпроставы лінк

16:46 Каваленку нікуды пакуль не адвезьлі. Яго трымаюць у каравульным памяшканьні. Суд чакае афіцыйнага заключэньня мэдыкаў.

16:30 На гарачай лініі абласной управы аховы здароўя паведмілі, што Каваленку павезьлі шпіталізаваць у лязарэт СІЗА. Сваякі абураюцца, што трэба не ў лязарэт, а ў паўнавартасны шпіталь.

16:23 Каваленку вывелі пад канвоем. Ён пасьпеў крыкнуць: «Лекар сказаў, што трэба шпіталізаваць».

16:20 Абедзьве брыгады зьехалі. Мэдыкі не паведамілі вынікі агляду Каваленкі.

15:59 Сваякі Каваленкі патэлефанавалі на гарачую лінію абласной управы аховы здароўя, заявілі, што Сяргей на мяжы жыцьця і сьмерці, страціў траціну вагі, знаходзіцца ў крытычным стане, а лекары хуткай не хочуць яго шпіталізаваць. Там запісалі іх заяву.

15:48 Урэшце да Каваленкі дапусьцілі другую брыгаду лекараў.

15:36 Прыехала новая брыгада хуткай дапамогі. Міліцыя не прапускае лекараў у залю. Міліцыянты кажуць, што трэба дазвол старшыні суду.

Людзі клічуць адвакатаў, каб дапамаглі прапусьціць лекараў другой хуткай дапамогі.

Людзі грукаюць у дзверы, крычаць, але міліцыя не пускае новых лекараў да Сяргея.

Адвакаты выйшлі да лекараў, але не змаглі дапамагчы ім увайсьці у залю. Маці Каваленкі плача, бацька сварыцца на міліцыянтаў, людзі абураюцца.

Маці Сяргея плача: «У мяне сын памірае!»


15:20 Родныя Каваленкі выклікалі яшчэ адну брыгаду «хуткай дапамогі», бо ня вераць той брыгадзе лекара Дзьмітрыя Дубакіна, якая прыяжджала раніцай і пасьля абеду. У «хуткай» абяцалі праслаць новую брыгаду.

Лекар Дубакін сышоў, нічога не сказаўшы родным Каваленкі.

15:12 Перакладчык, які працуе ў працэсе, у калідоры размаўляе з бацькамі: «Трэба, каб адвакаты патрабавалі яго перавесьці пад падпіску аб нявыезьдзе». Бацька Сяргея Каваленка Аляксандар Васільевіч кажа перакладчыку: «Вы ведаеце, што ён зрабіў»? Перакладчык Міхайлаў: «Так, ён вывесіў наш сьвяты бела-чырвона-белы сьцяг. У мяне на палову сьцяны дома такі ж вісіць».

Перакладчык Міхайлаў кажа, што быў на ўсіх пасяджэньнях ранейшага суду над Каваленкам, але цяпер не разумее, за што яго судзяць.

14:59 Працэс адноўлены. Судзьдзя адхіліла адвод Каваленкі самой сябе, як «неабгрунтаваны».

Каваленка выступіў з хадайніцтвам, каб да яго дапусьцілі лекараў. Зноў перапынак. Усіх выводзяць з залі.

14:54 Зноў прыехала хуткая дапамога, той жа лекар, паведаміў праваабаронца Павал Левінаў.

Каваленка кажа, што яму халодна. Лекары не памералі яму тэмпературу.

Бацька Каваленкі абураецца і патрабуе дапусьціць лекараў да сына.

14:30 Працэс аднавіўся. Суду прадстаўлены новы перакладчык — Сяргей Міхайлаў, які працуе ў Віцебскім унівэрсытэце на катэдры беларускай філялёгіі.

Судзьдзя агучыла зьвесткі з хуткай дапамогі, якія сьведчаць, што ў Каваленкі «зьнясіленьне» і гастрыт страўніка у стадыі абвастрэньня, але што яму не патрэбная шпіталізацыя.

Каваленка патрабуе, каб яму ўсё перакладалі, у тым ліку ягоныя правы. Новы перакладчык робіць гэта больш кваліфікавана, чым папярэдні.

Пасьля абеду судовая заля зноў поўная.

Каваленка заявіў пратэст, што міліцыянты здымалі людзей у залі пасьля забароны відэаздымкі судом.

Міліцыянт сказаў, што ён не здымаў. Судзьдзя яго пакінула ў залі.

У сувязі з гэтым Каваленка заявіў адвод судзьдзі. За тое, што яна журналістаў з відэапаратурай выдаліла, а міліцыянта — не.

Адвакаты Пятро Каваленка і Аляксандар Галіеў падтрымалі адвод судзьдзі. Пракурор — супраць.

Судзьдзя пайшла ў дарадчы пакой. Перапынак. Сяргея зноў вывелі з залі.


12:50 На затрыманых у Віцебску маладафронтаўцаў, якія ехалі падтрымаць Каваленку, склалі пратаколы «за лаянку матам». Супрацоўнікі міліцыі таксама апісалі ўсе іх рэчы, паведаміла абласная каардынатарка БХД Тацяна Севярынец.

12:40 Перапынак да 14:30.

12:35 Судзьдзя выдаліла маці Каваленкі з залі.

Судзьдзя таксама выдаліла з залі грамадзкага актывіста Хрыстафора Жаляпава.

Судзьдзя агучыла мэдычнае заключэньне: ціск нармальны, кардыяграма нармальная, падсудны можа ўдзельнічаць у працэсе.

12:10 Каваленку вывелі з залі суду. Ён пасьпеў паведаміць: усё нармальна, сказаў доктар. Маці і родныя абураюцца. Лекар хуткай Дзьмітры Дубакін ад камэнтароў пра стан Сяргея адмовіўся. Лекар не сказаў нічога ні журналістам, ні родным Каваленкі.

Дубакін сказаў аднаму зь віцебскіх апазыцыянэраў Уладзіславу Варанецкаму: паказьнікаў для экстраннай шпіталізацыі няма. Ён жа ў сьвядомасьці, усе паказьнікі ў норме.

11:50 Усіх выдалілі з залі. Лекары, якіх выклікала жонка Алена, пачынаюць агляд. Жонку Алену не пусьцілі ў залю ў часе агляду.

Алена Каваленка пра суд над мужам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:36 0:00
Наўпроставы лінк


Усе, апрача адвакатаў, пракурора і судзьдзі, стаяць у калідоры. Усе абураюцца: як так можна, Каваленку судзяць, яго трэба лячыць, яго трэба ў шпіталь, чалавек на мяжы жыцьця і сьмерці.

Маці нема крычыць, што яго забіваюць. Сваякі таксама галосяць.

Прысутныя кажуць, што ў Каваленкі дыстрафія, што ўнутраныя органы не выконваюць свае функцыі.

Імправізаваны мітынг у калідоры, пакуль лекары аглядаюць Каваленку.

Праваабаронца Павал Левінаў кажа, што такія схуднелыя целы, як у Каваленкі, ён бачыў толькі ў фільмах пра канцлягер.

Маці Сяргея галосіць: «Як мне цяжка і балюча! Я цяпер адчула, як цяжка іншым палітвязьням і іх родным. Я цяпер іх разумею».



11:48 Судзьдзя забараняе фота- і відэаздымку ў залі. Сяргей Каваленка кажа, што мае хадайніцтва да суду, каб яго агледзелі лекары: «У мяне дыстрафія, я страціў 25 кіляграмаў».

Суд над Сяргеем Каваленкам. Ч.2
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:44 0:00
Наўпроставы лінк


11:45 Судзьдзя зачытвае рашэньне па самаадводзе перакладчыцы. Суд спыніў яе працу ў працэсе.

11:42 На працэсе прысутнічае Яніс Рупэйкс, віцэ-консул Латвіі ў Віцебску. Да суду прыехала хуткая дапамога.

11:33 Сяргея зноў у кайданках выводзяць з клеткі. Маці падсуднага патрабуе выклікаць хуткую дапамогу.

«Пі ваду, інакш памрэш да раніцы!» — крычыць маці сыну наўздагон.

11:25 Судзьдзя вярнулася і заявіла, што адхіляе адвод перакладчыцы. Працэс адноўлены.

Каваленка патрабуе, каб яму пераклалі пастанову судзьдзі. Перакладчыца Шухто перакладае, але часам зьбіваецца, Сяргей яе папраўляе: «Не падляжыць, а падлягае, не абаснаваньне, а абгрунтаваньне. Адвод!»

Перакладчыца кажа, што яна ня можа выконваць сваю функцыю, што выкладае беларускую мову, але ў такім працэсе ўдзельнічае ўпершыню, не гатовая ўдзельнічаць далей: «Мне практычна не даводзілася яму перакладаць, я ня думала, што мне будзе патрэбна рабіць поўны пераклад».

Пракурора спыталі пра ягонае стаўленьне да самаадводу перакладчыцы. Але ён пачаў патрабаваць спыніць фатаздымкі. Судзьдзя яго спыніла: "У вас пацікавіліся стаўленьнем да самаадводу перакладчыцы".

Усе з залі засьмяяліся з пракурора.

Урэшце ён зразумеў, чаго ад яго патрабуюць, і заявіў, што ня супраць самаадводу перакладчыцы.

Судзьдзя зноў выйшла ў пакой для нарадаў.

11:16 Каваленку вярнулі ў клетку.

Маці пытаецца: «Ці калолі табе нешта?» Ён кажа, што не.

Сяргей крытыкуе начальніка мэдычнай часткі СІЗА, які прымусіў яго ўжываць ежу.

«Я выходзіць з галадоўкі ня буду, пакуль адсюль ня выйду, гэта прынцыпова», — заявіў Каваленка.

Сяргей кажа, што будзе хадайнічаць, каб яго адвезьлі ў шпіталь.

11:10 У залі пачалася дыскусія наконт адказнасьці за рэпрэсіі міліцыянтаў і Аляксандра Лукашэнкі, наконт дзяржаўнага статусу беларускай мовы.

10:51 У перапынку Сяргей выказвае свае палітычныя погляды — кажа, што Лукашэнку дапамагла прыйсьці да ўлады ФСБ Расеі.

Беленькі працягвае пераконваць Каваленку спыніць галадоўку, кажа, што за яго заступіліся ў Эўразьвязе. Сяргея вывелі з залі.

Уся заля запоўненая, каля 60 чалавек.

Маці працягвае плакаць: «Яны яго заб’юць!». «Не аддам сына ў СІЗА, яны яго там заб’юць, яго лячыць трэба!» — галосіць маці.

10:47 Леанід Аўтухоў заявіў, што пераклад кепскі, з памылкамі. Судзьдзя яго выдаліла з залі за парушэньне парадку.

Каваленка заявіў пра парушэньне правоў, сказаў, што пераклад дрэнны, і выступіў з адводам перакладчыцы.

«Перакладайце на беларускую мову, а не на трасянку», — сказаў Каваленка.

Адвакат Пётар Каваленка просіць адкласьці пытаньне на некалькі хвілін, калі будуць адводы. Адвакат Галіеў падтрымаў яго, што пераклад недакладны. Пракурор супраць адводу перакладчыцы, кажа што яна дастаткова кваліфікаваная.

У працэсе перапынак. Судзьдзя выйшла ў пакой для нарадаў.

10:40 Судзьдзя высьвятляе асобу Каваленкі. Той адказвае па-беларуску, перакладчыца перакладае за ім на расейскую мову.

Каваленка паведаміў суду, што ён мае дваіх дзяцей, да арышту быў ІП.

Распавядае, што раней быў судзімы за тое, што павесіў сьцяг — 14 траўня 2010 году. Яго асудзілі на тры гады ўмоўна. «Гэта была сфабрыкаваная справа. Хлусьня і няпраўда».

Судзьдзя заклікала Каваленку не дапускаць рэплік, якія парушаюць парадак вядзеньня суду.

«Я кажу праўду», — адрэагаваў Каваленка.

10:35 Суд пачаўся.

Перакладчыца — Алена Шухто, выкладчыца беларускай мовы адной зь віцебскіх школаў.

Пракурор — Лутаў.



10:30 Каваленка заявіў прысутным у залі, што ён трымае галадоўку 15 дзён, а апошнія 3 дні — сухую галадоўку.

Ён таксама паведаміў, што напярэдадні яго наведваў псыхіятар.

Каб паказаць, як ён схуднеў, Каваленка проста ў клетцы зняў кашулю.



У залі зьявіліся праваабаронцы зь «Вясны» Ўладзімер Лабковіч і Валянцін Стэфановіч.

10:26 Калі людзі пачалі заходзіць у залю, Каваленка пачаў сьпяваць гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі».

10:25 Па дарозе ў Віцебск спынілі супрацоўнікі ДАІ. У машыне ехалі Міхась Мускі, Зьміцер Крамянецкі, Уладзімер Яроменак, Рман Васільеў. Даішннікі перапісалі пашпартныя дадзеныя, разабралі й абшукалі машыну. Актывістаў МФ пакуль не не адпускаюць. Маладафронаўцы плянавалі падтрымаць палітвязьня Сяргея Каваленку.

10:22 Каваленку завялі ў будынак суду. Гэта бачыла ягоная маці. Яна плача: «Што вы зрабілі з маім сынам?! Вы яго скалечылі».

Пачынаюць запускаць у залю суду.

Суд над Сяргеем Каваленкам
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:02 0:00
Наўпроставы лінк


10:16 У Сяргея будзе два адваката: віцебскі — Пётар Каваленка і менскі — Аляксандар Галіеў.

10:09 У судзе затапіла каравульнае памяшканьне. Адтуль выпампоўваюць ваду.

Каваленку прывезьлі ў вялікім аўтазаку МАЗ.

У судзе таксама зьявіліся сакратар КХП-БНФ Валеры Буйвал і Аляксандар Мех з Кобрына.

10:05 У судзе зьявіўся намесьнік кіраўніка КХП-БНФ Юрась Беленькі.

10:00 Супрацоўнікі ДПС затрымалі Хрыстафора Жаляпава. Ён ехаў на суд да Каваленкі. ДПС спыніла ягоную машыну. Сказалі, што трэба спраўдзіць ягоныя дакумэнты і машыну.

9:57 У судзе людзьмі запоўненыя ўсе калідоры на першым і другім паверхах. Прыйшоў праваабаронца Павал Левінаў. З-за аварыі ў судзе не працуюць прыбіральні.



9:54 Намесьніца кіраўніка «Маладога фронту» Наста Палажанка ў сваім Facebook’у: На ўсіх уездах у Віцебск машыны ДАІ.

9:30 У судзе зьбіраюцца грамадзкія актывісты і паплечнікі Каваленкі. Прыйшоў Леанід Аўтухоў з гарадоцкай філіі Партыі БНФ. Менскіх палітыкаў пакуль няма.

9:25 Да будынку суду прыехала аварыйная мясцовага водаканалу. Кажуць, што недзе побач прарвала трубу.



9:20 На першым паверсе будынка суду — узмоцненая ахова. Міліцыянты ўсталявалі рамку-мэталашукальнік. Праз такія звычайна прапускаюць наведвальнікаў працэсаў у Менску. Ля будынку суду дзяжураць тры машыны ДПС. Палкоўнік міліцыі з абласной управы ўнутраных спраў перапісвае асабістыя дадзеныя журналістаў, якія прыехалі асьвятляць працэс.



8:20 Віцебск: і зноў сьцяг салідарнасьці зь Сяргеем Каваленкам

Бел-чырвона-белы сьцяг вывесілі моладзевыя апазыцыйныя актывісты. Гэта працяг абвешчанай на мінулым тыдні акцыі салідарнасьці зь Сяргеем Каваленкам ды іншымі палітвязьнямі.

Сьцяг зьявіўся ў самым цэнтры гораду — у раёне плошчы Перамогі. Ён быў вывешаны каля крамы «Веста» на самым пачатку вуліцы Леніна. Яго бачылі дзясяткі ранішніх мінакоў.

Суд над Сяргеем Каваленкам мае распачацца ў 10.30.

Працэс будзе весьці судзьдзя Алена Жук.

Каваленку пагражае да трох гадоў турэмнага зьняволеньня.

Сяргей Каваленка знаходзіцца ў СІЗА ад 22 сьнежня.

Галадоўку ён распачаў 19 сьнежня на знак пратэсту супраць зьняволеньня і крымінальнага абвінавачаньня.

Каваленку вінавацяць, што ён парушыў рэжым адбываньня «хатняй хіміі», прысуджанай яму ў 2010 годзе за вывешаны на гарадзкой навагодняй ёлцы бел-чырвона-белы сьцяг.

На час сьледзтва Сяргея Каваленку зьмясьцілі пад варту — спачатку ў ізалятар часовага ўтрыманьня, потым у віцебскі СІЗА-2. На знак пратэсту супраць зьняволеньня і крымінальнага абвінавачаньня, зь якім ён катэгарычна ня згодны, 19 сьнежня мінулага году актывіст абвясьціў галадоўку пратэсту.

Жонка зьняволенага, Алена Каваленка, якая бачыла мужа 17 лютага, лічыць, што Сяргей у крытычным стане і што яму неадкладна патрабуецца дапамога мэдыкаў. Аднак намесьнік начальніка віцебскага СІЗА падпалкоўнік Дубко заявіў учора праваабаронцу Паўлу Левінаву, што стан здароўя Каваленкі дазваляе ўдзельнічаць у судовым працэсе.




Партрэт на фоне кратаў: Сяргей Каваленка. Чалавек, адданы сьцягу

Напярэдадні суду

Праваабаронца параўноўвае сытуацыю Каваленкі і Лінкуса
Супрацоўнік СІЗА: Стан Каваленкі дазваляе прысутнічаць у судзе
Жонка Каваленкі: «Выгляд Сяргея мяне шакаваў!»
Сьведкамі на шлюбе Каваленкаў былі міліцыянты
«Укід кампрамату» супраць Сяргея Каваленкі
Сяргей Каваленка заяўляе, што гатовы перайсьці да сухой галадоўкі
Пазьняк заклікае Каваленку спыніць галадоўку
Адвакат Каваленкі: Сяргей у крытычным стане
Іваноў: «Каваленка належыць да плеяды палітвязьняў»
Міліцыя чыніць гвалт над сям’ёй Каваленкі
Каваленка: «Галадоўка — гэта цяпер мой адзіны сродак барацьбы»
Пракуратура адмовілася спыніць крымінальную справу Сяргея Каваленкі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG