Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца параўноўвае сытуацыю Каваленкі і Лінкуса


Павал Левінаў
Павал Левінаў

Віцебскі праваабаронца Павал Левінаў перадаў у Першамайскі райсуд пісьмовае патрабаваньне, каб судзьдзя Алена Жук зьмяніла меру стрыманьня для віцебскага актывіста.

Паколькі крымінальная справа віцебскага апазыцыянэра Сяргея Каваленкі перададзена на разгляд судзьдзі Алене Жук, яна правамоцная зьмяніць для падсуднага меру стрыманьня. Гэтага і патрабуе праваабаронца Павал Левінаў, які лічыць, што зьняволеньне Каваленкі ў СІЗА — гэта палітычная замова:

«Сяргей Каваленка не зрабіў нічога небясьпечнага — нікому не пагражаў, нікога не забіў, вёў звычайны лад жыцьця. Да таго ж ён трымае галадоўку, і калі нават цяпер захоча зь яе выйсьці, то ва ўмовах зьняволеньня ня зможа гэтага зрабіць правільна і можа на ўсё жыцьцё застацца інвалідам. А ў яго на ўтрыманьні жонка і двое дзетак, меншаму няма і году».

Праваабаронца параўноўвае сытуацыю Каваленкі і нядаўна асуджанага супрацоўніка міліцыі Лінкуса, які публічна зьнявечыў свайго падначаленага. На думку Паўла Левінава, гэты міліцыянт быў нашмат больш небясьпечны для грамадзтва, чымсьці апазыцыянэр Каваленка. Між тым Лінкуса трымалі ўсяго толькі пад хатнім арыштам, тады як Каваленку з 19 сьнежня зьмясьцілі спачатку ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а потым перавялі ў СІЗА. Да ўступленьня судовага прысуду ў сілу міліцыянт Лінкус можа знаходзіцца дома, а вось Сяргея Каваленку зьняволілі нават на час сьледзтва.

Павал Левінаў перадаў свае патрабаваньні ў Першамайскі райсуд, хоць сам ня дужа верыць у тое, што іх выканаюць:

«Судзьдзя можа зьмяніць меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе, вызваліць
Утрыманьне Сяргея Каваленкі ў СІЗА — гэта відавочна палітычная замова!

пад грашовы заклад, перавесьці на хатні арышт. Наколькі я ведаю, родныя ўжо зьвярталіся, каб Каваленку выпусьцілі пад заклад, але гэтае хадайніцтва не было задаволенае. Я лічу, што ўтрыманьне Сяргея Каваленкі ў СІЗА — гэта відавочна палітычная замова!»

Сяргей Каваленка таксама пратэстуе супраць зьняволеньня і крымінальнага абвінавачаньня, якое ініцыявалі супрацоўнікі крымінальна-выканаўчай інспэкцыі. Яго вінавацяць у парушэньнях рэжыму адбываньня «хатняй хіміі», прысуджанай яму ў 2010 годзе за вывешаны на гарадзкой навагодняй ёлцы бел-чырвона-белы сьцяг. Сябар КХП БНФ лічыць, што гэта помста за грамадзкую актыўнасьць, таму і распачаў доўгатэрміновую галадоўку, якую трымае зь першага дня затрыманьня — з 19 сьнежня.

Жонка зьняволенага Алена Каваленка, якая бачыла мужа 17 лютага, лічыць,
што стан Сяргея крытычны і яму неадкладна патрабуецца дапамога мэдыкаў ва ўмовах стацыянару. Аднак намесьнік начальніка віцебскага СІЗА падпалкоўнік Дубко кажа, што стан Каваленкі дазваляе яму ўдзельнічаць у судовым працэсе: Пра гэта ён заявіў праваабаронцу Паўлу Левінаву:

«Таксама ён спрабаваў мяне пераканаць у тым, што ніякае прымусовае кармленьне ў дачыненьні да Сяргея Каваленкі не прымянялася. Казаў, што цяпер Сяргей па-ранейшаму трымае галадоўку».

Сяргей Каваленка знаходзіцца ў віцебскім СІЗА ад 22 сьнежня. За гэты час прайшло сьледзтва па ягонай крымінальнай справе, яе вывучалі пракуратура Першамайскага раёну, сам актывіст разам з адвакатам, цёзкам па прозьвішчы, Пятром Каваленкам.

Віцебскаму актывісту паводле артыкула 415 пагражае да трох гадоў турэмнага зьняволеньня. Суд мае распачацца 21 лютага ў 10.30 у Першамайскім райсудзе Віцебску. Для працэсу адвялі самую вялікую залю № 8, бо справа галадоўніка Сяргея Каваленкі набыла вялікі грамадзкі розгалас.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG