«Жывуць людзі, пачынаючы з маладосьці і заканчваючы старасьцю: адзінокія і сямейныя, зь дзецьмі. Дзеці з інтэрнату ходзяць у школу, а малыя прыходзяць з садку — увечары бегаюць тут, у калідоры. Тут хлопчык з бабуляй жылі на першым паверсе, а дзяўчынка з бацькамі на пятым. Пасябравалі, вырасьлі і пажаніліся. Бабуля памерла, дык яны перайшлі жыць у яе пакой, але так і засталіся ў інтэрнаце. У мяне прыяцелька сына праводзіла ў войска з інтэрнату — ды там усе пажылыя жывуць. Многія на пэнсіі — гадоў па 55–60. Старэйшы адзін быў, памёр — я якраз на зьмене была — дзьверы адчыняла, каб труну вынесьлі. Некаторыя яшчэ і бацькоў хворых зь вёсак забіраюць. Пакоі невялікія, кухня на паверсе адна, прыбіральні жахлівыя, бялізну мыюць у ракавінах, душ — таксама адзін на паверх і таксама страшны. Як там людзі бедныя жывуць — ня ведаю. У канцлягеры, пэўна, людзі лепш жылі, чым у наш час у інтэрнатах людзі жывуць».
Вылучэньне жыхароў інтэрнатаў у асобную катэгорыю людзей, якія маюць патрэбу ў першачарговым будаўніцтве жыльля пры дзяржаўнай падтрымцы, сёлета адбылося ўпершыню. 450 кватэр для іх — мізэр ад сапраўднай запатрабаванасьці, памеры якой нікому нават невядомыя, кажа кіраўнік управы жыльлёвага будаўніцтва Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры Аляксандар Горваль.
Карэспандэнтка: «450 кватэр, пэўна, не задаволяць патрэбы ўсіх людзей, якія пражываюць у інтэрнатах»
«Ды не — і блізка не задаволяць, вы што?! Такіх людзей тысячы і тысячы. Гэта першы крок. Ды раней нават і ўліку такога не вялося — хто жыве ў інтэрнаце. Пакуль гэта лічбы даволі ацэначныя. Вы ж бачыце — агулам зьменшыліся формы дзяржаўнай падтрымкі, з эканамічных прычынаў так адбываецца. Таму зараз такая тэндэнцыя, што падтрымліваць адрасна самых, самых сірых і ўбогіх, а астатнім трэба самім напружвацца. Прэзыдэнт жа што сказаў? Трэба павялічваць долю ўдзелу грамадзян у будаўніцтве жыльля і паляпшэньні сваіх жыльлёвых умоў».
…астатнім трэба самім напружвацца. Прэзыдэнт жа што сказаў?
Паводле спадара Горваля, таксама ўпершыню зь дзяржаўнай дапамогай і паводле прынцыпу першачарговай неабходнасьці будзе пабудавана 750 кватэр для жыхароў аварыйных дамоў, а ўсяго — 2 мільёны 300 квадратных мэтраў жыльля. Тым ня менш цягам дзесяцігодзьдзяў жыльлёвая праблема ў Беларусі застаецца найвастрэйшай.
Эканаміст Міхась Залескі: «Дзяржава павінна дапамагаць у будаўніцтве жыльля тым грамадзянам, якія ня могуць даць сабе рады інакш. Не паводле катэгорый, а паводле іх пэрсанальных запатрабаваньняў — яны свабодныя людзі, не зважаючы на тое, што маюць абмежаваныя магчымасьці. А другое, пра што павінна рупіцца дзяржава — пра тое, каб людзі зараблялі гэтулькі, каб яны маглі набыць кватэру ў той дзень і той час, калі ім гэта патрэбна. А далей чалавек дамаўляўся б з забудоўнікам і банкам, а не з чыноўнікам. Хвароба гэтая вельмі застарэлая ў нас. І таму павінна быць нейкая 20-гадовая пасьлядоўная рынкавая праграма выйсьця з жыльлёвага крызісу».
Чарга на паляпшэньне жыльлёвых умоў у Беларусі цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў стала застаецца ў межах 600 тысяч чалавек.