Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будоўля закрываецца: усе зьехалі ў Расею


Чаму нават ва ўмовах беспрацоўя людзі не сьпяшаюцца на шматлікія вакансіі? Дасьледаваньне сытуацыі — у рэгіянальным аглядзе «Свабоды».

Улады ў Менску і ў іншых буйных гарадах краіны заяўляюць пра недахоп будаўнікоў, вадзіцеляў грамадзкага транспарту, мэдыкаў ды іншых спэцыялістаў.

МЕНСК

Паводле дадзеных Менгарвыканкаму, колькасьць вакансіяў на сталічных прадпрыемствах перавышае цяпер колькасьць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных больш чым у 6 разоў, а на прадпрыемствах грамадзкага транспарту — яшчэ больш. Пра прычыны гэтага — у карэспандэнта нашага радыё.

Вадзіцель менскага тралейбуса 60-гадовы Іван кажа, што цяпер у кожным зь пяці тралейбусных паркаў Менску не хапае працаўнікоў. Таму, хоць спадар Іван ужо даўно на пэнсіі, але па просьбе начальства па-ранейшаму амаль штодзень за рулём:

«Ужо 36 гадоў працую на адным месцы. Праца цяжкая — гэта праўда. Але мне 1 мільён рублёў пэнсіі тут плацяць і яшчэ 4–5 мільёнаў рублёў заробку атрымліваю. То не пайду ж я шукаць іншую працу, праўда?»

Сваю працу спадар Іван лёгкай ня лічыць:

«Калі я некалі толькі ўладкоўваўся на працу, то нейкі чалавек папярэджваў, што, маўляў, табе спадабалася езьдзіць за рулём у гарнітурыку зь белай кашуляй — нібыта й добра. А як не пашанцуе, ды дзе ў аварыю трапіш... А народ усё піша пра ўсё, ды на кожную скаргу трэба адказы пісаць... Цяжкая ў нас праца!»

«Масквічы на гэтай працы не застаюцца...»

Па словах суразмоўцы, асабліва не шыкуюць і тыя, хто зьехаў у Маскву:

там атрымліваюць за месяц больш як 50 тысяч расейскіх рублёў, а гэта больш як 1500 даляраў ...

«Там таксама ўсё дорага. Нават за інтэрнат трэба плаціць 300 даляраў. Здараецца, што на двух ці трох чалавек наймаюць кватэру. Але там атрымліваюць за месяц больш як 50 тысяч расейскіх рублёў, а гэта больш як 1500 даляраў. Па-другое, мы тут працуем строга па 170 гадзінаў, а ў Маскве — колькі пажадаеш. Але ж масквічы на гэтай працы не застаюцца...»

Калі ў Менску пачало не хапаць вадзіцеляў, то аплату працы ў выходныя паднялі ў тры разы

Сыход значнай часткі транспартнікаў зь Беларусі ў Маскву прымусіў тутэйшых чыноўнікаў пайсьці на саступкі вадзіцелям. Зноў тлумачыць спадар Іван:

«Калі ў Менску ня стала хапаць вадзіцеляў, то ў выходны дзень пачалі плаціць у трайным памеры»

ГОМЕЛЬШЧЫНА

«Прэстыж мэдыцыны — пад плінтусам»

На Гомельшчыне, нягледзячы на існаваньне мэдычнага ўнівэрсытэту, так і ня вырашана праблема ўкамплектаваньня лекарамі паліклінік і шпіталяў. Паводле інфармацыі абласной управы аховы здароўя, мэдычным установам рэгіёну бракуе цяпер звыш 750 лекараў. 226 з гэтага ліку — вакансіі так званых вузкіх спэцыялістаў.

Адсутнасьць лекараў, і асабліва ў моцна заражаных радыяцыяй раёнах, шмат хто зьвязвае зь неспрыяльнай экалягічнай сытуацыяй.

Апрача таго, маладыя лекары пасьля разьмеркаваньня сутыкаюцца й зь нявырашанымі бытавымі пытаньнямі. І гэта таксама не спрыяе замацаваньню іх на першым месцы працы.

Малады лекар: «Я пасьля ўнівэрсытэту быў разьмеркаваны ў Жлобін, і ўжо ў Жлобіне сутыкнуўся з тым, што мне не далі жытла. Я вымушаны быў жыць у гатэлі. Ну, і яшчэ малыя заробкі ў маладых спэцыялістаў. Не хапае штуршка, каб пачаць жыць самастойна».

Бракуе лекараў і ў абласным цэнтры. Пра гэта распавядаюць у цэнтральнай паліклініцы абласнога цэнтру:

Гомель мае патрэбу ў больш як паўтары сотні лекараў

«Патрэба ў нас на 2012 год — 151 лекар. На сёньня самыя запатрабаваныя
Патрэба ў нас на 2012 год — 151 лекар ...

ўчастковыя лекары-тэрапэўты, лекары-пэдыятры, лекары „хуткай дапамогі“, якіх мала выпускаюць, а таксама лекары рэўматолягі-анэстэзіёлягі, лекар траўматоляг-артапэд. Астатнія — гэта адзінкавыя выпадкі, вузкія спэцыялісты, як лор, афтальмоляг, нэўроляг. Яны таксама патрэбныя, але ў нязначнай колькасьці».

Нястачу спэцыялістаў у цэнтральнай паліклініцы тлумачаць сямейнымі абставінамі, пераездамі — звычайнай цякучкай.

«Нізкія заробкі й сабачыя ўмовы працы»

У сваю чаргу, гомельскі лекар спадар Сяргей называе й іншую прычыну дэфіцыту кадраў, найперш у паліклініках:

«Нізкія заробкі й сабачыя ўмовы працы. Лячыць няма чым, людзі скардзяцца, але ад гэтага лекаў не прыбаўляецца. Крайнімі ўсё адно застаюцца лекары».

Наконт прыбаўкі да заробку суразмоўца выказваецца так: дабавілі столькі, каб пра гэта можна было пагаварыць.

Яшчэ адзін лекар , спадар Дзьмітры, маючы за плячыма 30-гадовы досьвед, кажа пра катастрафічнае падзеньне прэстыжу прафэсіі мэдыка:

«З маіх сяброў два маладыя лекары сышлі ў будаўнічыя фірмы. Заробкі не задавальняюць. Маладому чалавеку за гэтыя заробкі не падняць сям’ю. Гэта адназначна. Прэстыж, рэйтынг мэдыцыны — пад плінтусам. Гэта павінна прайсьці гадоў трыццаць, каб ён аднавіўся».

МАГІЛЁЎШЧЫНА

На Магілёўшчыне нестае будаўнікоў. Нізкія заробкі на радзіме вымушаюць іх выяжджаць на будоўлі ў Расею.

Дакладнай колькасьці зьбеглых будаўнікоў няма. Такой статыстыкі не вядзецца. Тым ня менш цякучасьць кадраў назіраецца ўва ўсіх будаўнічых арганізацыях:

«Моладзь кідае заявы й сыходзіць»

«Народ коціць на Расею. І нашы паехалі туды рабочыя, у нас яны працавалі і брыгадзірамі, цяпер яны ў Расеі працуюць майстрамі. Што ж мы будзем у Беларусі будаваць? Моладзь не разумее — кідае заявы й сыходзяць. Кідаюць і працоўныя кніжкі. Па справядлівасьці, цяпер фінансавых праблемаў вышэй над дах», — камэнтуе сытуацыю прадстаўнік адміністрацыі аднаго з магілёўскіх будаўнічых трэстаў.

«Як пацяплее, адток кадраў узрасьце»

Брыгады за рэдкім выключэньнем не ўкамплектаваныя, кажуць на будоўлях. Заробак спэцыяліста вышэйшага разраду ў два мільёны рублёў задаволіць ня можа, кажа муляр Мікалай. Як пацяплее, адток кадраў узрасьце, цьвердзіць ён.

«Нестае кваліфікаваных работнікаў. Маладыя такія хлопцы працуюць. Кваліфікаваныя зьехалі. Яны за такія грошы не працуюць. Многія чакаюць, пакуль пацяплее, каб зьехаць на заробкі. Такой цяпер актыўнай працы на будоўлях няма. Аб’ёмаў мала. Няма грошай. Чакаем інвэстыцыяў».

Зваршчык Аляксандар працуе ў Расеі рознарабочым паўгода. Аб тым, што падаўся з радзімы ўпрочкі, не шкадуе.

«Усе знаёмыя й родныя ўжо ў Расеі...»

Умовы працы там, канечне ж, горшыя, нашмат горшыя, чым у нас, але заробкі нашмат вышэйшыя ...

«Усе знаёмыя й родныя ўжо ўсе ў Расеі. Умовы працы там, канечне ж, горшыя, нашмат горшыя, чым у нас, але заробкі нашмат вышэйшыя. Мільёнаў пятнаццаць-дваццаць зарабіць можна. Мы працавалі па дванаццаць гадзін. Сьвету белага ня бачылі, але ж грошы трэба».

Улады патрабуюць, каб мясцовыя будаўнічыя арганізацыі самі займаліся пошукам працы ў Расеі. Старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік на адной з нарадаў заявіў:

«Нам можна будаваць у нашых суседзяў, у Смаленскай, Бранскай абласьцях, за расейскія рублі, за валюту. У тым ліку тыя ж аграгарадкі, якія мы ўмеем будаваць, і прамысловыя аб’екты».

На будоўлі і рамонт аб’ектаў да «Дажынак» сёлета кінуць студэнтаў

Заняпад у будаўнічай галіне тлумачыцца рэзкім скарачэньнем бюджэтнага фінансаваньня ільготнага жытла. За якія сродкі зьбіраюцца ўзводзіць жыльлё ў рэгіёне, сёлета зьвестак вобмаль. У 2012 годзе ўлады абяцаюць яго здаць 380 тысяч квадратных мэтраў. Летась, паводле афіцыйнай інфармацыі, жыльля здалі 500 тысяч квадратных мэтраў, а ў 2010-м годзе — 700 тысяч. На будоўлі і рамонт сельскагаспадарчых аб’ектаў сёлета кінуць студэнтаў. Працы на вёсцы абяцаюць скончыць да 1 верасьня — да «Дажынак» у Горках.

Камэнтар «Свабоды:

Адзін зь лідэраў незалежнага працоўнага руху ў Беларусі Генадзь Быкаў прагназуе масавыя ўцёкі ў Расею найбольш высокакваліфікаваных і дасьведчаных беларускіх спэцыялістаў:

«Пачнецца зь вясны вельмі сур’ёзны адток дарожных будаўнікоў. Масква выдзяляе вельмі вялікія бюджэтныя сродкі на будоўлю й рэканструкцыю старых дарог. Але ж у Расеі для гэтай працы засталіся толькі буйныя чыноўнікі, а няма шараговых працаўнікоў і нават кадраў сярэдняга зьвяна — майстроў, прарабаў і іншых працаўнікоў, якія не алькаголікі. Гэтым плацяць вельмі прыстойныя заробкі. Прараб, ды прыкладу, можа атрымліваць да 2000 даляраў. Прыклад гэтага я ведаю асабіста. Акрамя таго, спэцыяліста забясьпечваюць жытлом.

Словам, Расея будзе зманьваць да сябе лепшых беларускіх спэцыялістаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG