Скрушлівы сьпіс у кожнай сям’і свой. З найбольш знакавых асобаў складаецца агульнанацыянальны мартыралёг Беларусі. У прамінулым годзе ў ім апынулася вельмі шмат вядомых імёнаў.
Пачатак году прынёс вестку пра сьмерць публіцыста, былога супрацоўніка нашага радыё Віталя Тараса. Прыгадвае шэф-рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько:
«Віталь Тарас быў узорам прынцыповасьці. Як толькі зьявілася магчымасьць, ён сьмела выбраў працу ў незалежных СМІ. Пасьля ён зробіць яшчэ адзін прынцыповы выбар — ён вернецца ў Беларусь і пяройдзе да супрацоўніцтва з „Нашай Нівай“ і з падпольнымі выданьнямі. Гэта давала малыя грошы, а падпольныя выданьні былі рызыкай, і тым ня менш ён лічыў, што ў сытуацыі, якая існуе цяпер, ён павінен гэта рабіць. Гэта быў унікальны публіцыст са стылем, які немагчыма зблытаць».
У сакавіку ня стала аднаго з самых яркіх айчынных кінарэжысэраў Валерыя Рубінчыка, якога кінакрытык Андрэй Расінскі назваў паэтам беларускага кіно:
«Тонкім кінапаэтам, стваральнікам кінасанэтаў, чалавекам з унікальным аўтарскім позіркам, мэлянхалічным, карункава-празрыстым, паветраным. Стваральнікам паэтычных сусьветаў, абсалютна аўтарскіх, абсалютна сваіх, і ў той жа час усіхніх. Чалавекам, які экранізаваў „Дзікае паляваньне караля Стаха“, якое ўвайшло ва ўсе энцыкляпэдыі па „страшным“ кіно. Чалавекам, які ствараў дзівосныя кінапаэмы пра наш час, пра нашу рэальнасьць і пра кінарэальнасьць. Жыцьцё як кіно і кіно як жыцьцё — гэта тое, што ён рабіў».
У красавіку ня вытрымала сэрца маці лідэра «Маладога фронту» палітвязьня Зьмітра Дашкевіча. Ягоная нарачоная і паплечніца Наста Палажанка распавядае:
«Мы знаёмыя з Вольгай Дашкевіч ня з самых лепшых нагодаў нашага жыцьця — з часу затрыманьня Зьмітра ў 2007 годзе. Я магу ахарактарызаваць Вольгу Васілеўну як вельмі вясёлага і жыцьцярадаснага чалавека. Мы зь ёй вельмі часта стэлефаноўваліся — яна жартавала і адначасна зь вялікім болем успрымала ўсё, што адбываецца зь яе сынам. Пры гэтым яна старалася падтрымліваць і нас, і спадара Вячаслава, і свайго сына ў лістах».
Сьпякотным чэрвенем беларуская інтэлектуальная грамада разьвіталася зь філёзафам Уладзімерам Конанам, якога ягоны маладзейшы калега Валянцін Акудовіч назваў рыцарам беларускага духу:
«Ён — беларускі Дон Кіхот, прыгожы і ўзьнёслы ў сваіх парываньнях, неўпрыкмет трывушчы і нязломны ў сваёй веры. Яшчэ за савецкім часам я прачытаў ягоную кніжыцу пра нашага цудоўнага крытыка Бабарэку. Я быў надзвычай захоплены. Я не ўяўляў, што ў тыя часы так адважна і ярка можна было і думаць, і пісаць. Пасьля той кніжыцы я зразумеў: няма ніякага іншага часу акрамя таго, які ты выбераш сам для сябе. Уладзімер Конан выбраў сабе час духу, у якім ён усе гады сьпеліў любоў да мысьленьня, Айчыны і Бога. І ён застанецца ў гэтым часе навечна».
Улетку сьмерць забрала аднаго з самых выбітных палітолягаў новага пакаленьня Віталя Сіліцкага. Творчая спадчына Сіліцкага беспрэцэдэнтная. Ён быў чалавекам, які прапускаў праблемы ня толькі праз мозг навукоўца, але і праз сэрца, быў неабыякавы да таго, што вывучае, неабыякавы да лёсу Беларусі.
Пры канцы ліпеня вернікі разьвіталіся з кардыналам Казімірам Сьвёнткам. Прыгадвае актывіст Саюзу палякаў Андрэй Пачобут:
«Сьвёнтак — гэта чалавек-легенда, гэта легенда касьцёлу. Зь яго сьмерцю адыходзіць пакаленьне сьвятароў, якое за свае перакананьні, за веру мусіла даць сьведчаньні. Гэта быў сьвятар зь вялікай літары, і вялікі ў яго быў уплыў на вернікаў, на каталікоў Беларусі».
На зыходзе лета пакінуў гэты сьвет архівіст Віталь Скалабан. Гэта быў чалавек-энцыкляпэдыя, якога цікавіла ўсё, што тычылася беларушчыны.
А ў верасьні ня стала дэпутаткі першага незалежніцкага Вярхоўнага Савету краіны Галіны Сямдзянавай. Сябра па парлямэнцкай дзейнасьці Лявон Дзейка згадвае:
«Гэта быў такі стрыманы аптыміст, да яе заўсёды можна было зьвярнуцца па падтрымку. Гэта рэдкая якасьць у чалавека. Калі мы, група дэпутатаў, былі ў 1994 годзе з паездкай у ЗША, на ўсіх сустрэчах, у грамадзкіх арганізацыях, у дзяржаўных структурах, як я бачыў па рэакцыі аўдыторыі, Галіна рабіла на іх самае станоўчае ўражаньне як кампэтэнтны, дасьведчаны і эрудыраваны чалавек, чалавек дэмакратычных поглядаў і прынцыпаў».
Сёлетняя восень стала апошняй для тэатральнага рэжысэра Валерыя Раеўскага. Гаворыць кіраўнік Беларускага саюзу тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў:
«Самае галоўнае, што ўсе знакавыя творы беларускай драматургіі празь яго руку, празь яго душу і сэрца праходзілі. Скончылася эпоха важная і таленавітая, эпоха акадэмічнага і клясычнага тэатру. І ён аддаў гэтаму тэатру сваё жыцьцё і свой талент».
Папоўніў сёлетні сьпіс стратаў і стваральнік аднаго зь першых клюбаў творчай інтэлігенцыі «Спадчына» калекцыянэр Анатоль Белы. Алесь Марачкін пра яго:
«Для мяне, як мастака, гэта фігура такога апантанага чалавека, які зьбіраў творы мастацтва і які арганізаваў у Старых Дарогах унікальны музэй па сваёй накіраванасьці да беларушчыны — там амаль што кожнага мастака ёсьць творы — увойдзе ў гісторыю як зьбіральнік, як арганізатар найперш гэтага музэю ў Старых Дарогах».
Згадаць усе імёны тых, хто не дажыў да сьветлых дзён вольнай радзімы, мы, на жаль, ня маем мажлівасьці. Але яны застануцца ў памяці родных, сяброў, паплечнікаў, калегаў, а іхныя справы назаўжды ўвойдуць у гісторыю і культуру незалежнай Беларусі.