Віцебск
Каля калёніі ў пасёлку Віцьба, дзе адбывае тэрмін зьняволеньня Андрэй Саньнікаў, увечары 19 сьнежня актывісты «Эўрапейскай Беларусі» запалілі сьвечкі.
«Запаленыя сьвечкі паставілі уздоўж дарогі, якая вядзе ў бок Віцебску, а на аўтобусным прыпынку павесілі партрэт Андрэя Саньнікава», — распавёў актывіст Уладзіслаў Варанецкі.
Нягледзячы на позьні час, транспартны рух на дарозе быў досыць актыўны, кіроўцы зьвярталі ўвагу на запаленыя сьвечкі. Але актывістаў адсачыла і ахова калёніі. З будынку выйшлі двое ахоўнікаў са службовымі сабакамі ды кінуліся тушыць сьвечкі і здымаць партрэт, але удзельнікаў акцыі затрымаць ім ужо не ўдалося.
Гомель
У Гомелі грамадзкія актывісты паасобку й сем’ямі прыйшлі 19 сьнежня ў Петрапаўлаўскі сабор, каб памаліцца й паставіць сьвечкі за здароўе ўдзельнікаў Плошчы-2010.
Такім чынам адзначана гадавіна разгону мітынгу пратэсту, які адбыўся ў Менску 19 сьнежня 2010 году.
Сярод тых, хто год таму выйшаў пратэставаць супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і пацярпелі за гэта, было і шмат гомельскіх актывістаў. Праз суды прайшлі ў тым ліку рэгіянальныя кіраўнікі штабоў апазыцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта: Юры Клімовіч, Валер Сьляпухін, Юрась Захаранка. У шэрагу актывістаў былі праведзены ператрусы, канфіскаваная аргтэхніка.
Гомельская журналістка Тацьцяна Бублікава, якую схапілі на плошчы Незалежнасьці, правяла 10 сутак за кратамі ў сьледчым ізалятары Менскага раёну.
Давераная асоба Мікалая Статкевіча Віктар Канцавенка з Рэчыцы эміграваў ва Ўкраіну, а адтуль у Польшчу, дзе папрасіў палітычнага прытулку.
Абраны ў Гомелі фармат памяці пра Плошчу-2010 не вымагаў масавай акцыі. Аднак ля Петрапаўлаўскага сабору й побач зь ім дзяжурыла багата міліцэйскіх нарадаў, людзей у цывільным і супрацоўнікаў ДАІ. Зьвестак пра затрыманых на гэты час няма.
Магілеў
У Магілёве адзначылі гадавіну разгону Плошчы ў падземным пераходзе, што на перакрыжаваньні цэнтральных вуліц гораду — праспэкце Міра і Першамайскай. Пра гэта паведаміла «Свабодзе» адна з удзельніц, якая назвалася Аленай. Як найменей, аднаго ўдзельніка затрымалі, зазначыла яна.
Паводле спадарыні Алены, калі яна праходзіла празь пераход, то ўбачыла дваіх хлопцаў, якія трымалі ў руках сьвечкі. Некалькі запаленых сьвечак стаялі побач. Пры сабе яна таксама мела сьвечку, бо прыйшла ў цэнтар гораду са спадзевам, што тут адбудзецца акцыя прымеркаваная да гадавіны разгону 19 сьнежня 2010 году Плошчы ў Менску .
«Аднак, акрамя міліцыі, я нікога ня ўбачыла. Міліцыі было дужа шмат. Я далучылася да хлопцаў. Запаліла сьвечку. Так мы стаялі некалькі хвілінаў. Прыйшоў нарад міліцыі. Запытаўся, што мы тут робім. Я адказала, што ў нас акцыя. У іх неяк па нядобраму загарэліся вочы. Зьявіўся міліцыянт з камэрай. Пачалі высьвятляць. Мы патлумачылі, што акцыю праводзім з нагоды сьмерці Вацлава Гавэла. Нам сказалі, што гэта трэба рабіць у царкве. Загадалі пагасіць сьвечкі. Мы гэта рабілі зь неахвотай, тады яны самі загасілі. Адзін хлопец не хацеў тушыць. Яго й забралі. Другі пайшоў зь імі сам. Пазнаёміцца мы не пасьпелі», — паведаміла спадарыня Алена.
Падземны пераход, дзе адбылася акцыя, знаходзіцца побач са сквэрам, дзе праходзілі ўлетку маўклівыя акцыі пратэсту. Непадалёк ад яго — будынак аблвыканкаму.
Высьветліць лёс хлопцаў пакуль не ўдаецца. Месца іх знаходжаньня невядома. Міліцыянты іх забралі прыкладна а палове восьмай вечара.