Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даніэла Каляда: Зрабіце толькі адзін цуд...


Даніэла Каляда ў брытанскім парлямэнце. Фота: kilgor-trautt.livejournal.com
Даніэла Каляда ў брытанскім парлямэнце. Фота: kilgor-trautt.livejournal.com

13-гадовая Даніэла Каляда, дачка ўдзельнікаў «Свабоднага тэатру» Мікалая Халезіна і Натальлі Каляды, выступіла на слуханьнях па Беларусі ў брытанскім парлямэнце.

Мяне зваць Даніэла Каляда. Бацькі завуць мяне Данусік або Данжубас. Хутка мне споўніцца 13. Мае бацькі займаюцца тэатрам - адной з самых мірных прафэсій. Але нават тут, у Лёндане, я ўвесь час баюся за іх. Гэта пачуцьцё нарадзілася ўва мне ў 1999 годзе, калі Анатоля, мужа маёй хроснай маці, выкралі і забілі разам з яго сябрам. Гэта пачуцьцё страху вярнулася да мяне позна ўвечары 19 сьнежня мінулага году. Пасьля доўгіх угавораў мама пагадзілася ўзяць мяне з сабой на плошчу. Я патлумачыла маме і тату, што мая будучыня залежыць ад гэтага, і што я павінна быць там. Я прыгатавала тэрмасы з гарачай гарбатай з малаком, таму што мы плянавалі правесьці ноч на плошчы. Усё гэта адбывалася за тыдзень да Калядаў, усе былі ўсхваляваныя і спадзяваліся весела адсьвяткаваць Новы год ... Пачаць новае жыцьцё ...

Урэшце я не пайшла на плошчу - бацькі пакінулі мяне ў кватэры сваіх сяброў. Потым мама растлумачыла, што пакінуць мяне ў сяброў ёй падказала інтуіцыя... Пазьней маю маму арыштавалі, а тату ўдалося таемна пакінуць нашу кватэру незадоўга да таго, як да нас уварваліся супрацоўнікі КДБ. Незадоўга да гэтага дня я сказала тату, што ў мяне было адчуваньне, што сёлета ў нас ня будзе ні Калядаў, ні навагодніх сямейных абедаў. Ня будзе ні калядных падарункаў, ні торта, ні сьмеху, ні сяброў за сталом. Нічога.

Усе сябры маіх бацькоў: Андрэй Саньнікаў, Дзіма Бандарэнка, Іра Халіп, Наташа Радзіна, а таксама многія іншыя: тыя, хто заўсёды дарыў падарункі і прымушаў мяне сьмяяцца, - знаходзяцца ў турмах. Трыццаць першага сьнежня іншыя нашы сябры падпольным шляхам вывезьлі нас з краіны.

З таго часу ў нас ужо не было дому. Я не хадзіла ў школу на працягу 10 месяцаў (шчыра кажучы, гэта адзінае, па чым я не сумавала, але мама была гэтым вельмі засмучаная).

Калі сур'ёзна, не было бабулі з блінамі і гарачым шакалядам у ложак па раніцах, не было дзядулі, зь якім мы разам глядзелі снукер, не было другога дзядулі, які гатаваў найлепшыя ва ўсім сьвеце пяльмені. Было вельмі шмат сьлёзаў. І пастаянныя навіны пра ўсё новыя рэйды КДБ у кватэру бабулі і дзядулі ў пошуках бацькоў. У лютым сёлета яны наляцелі ў пошуках мяне. Супрацоўнікі КДБ хацелі забраць мяне, каб прымусіць бацькоў замаўчаць. Тое самае было зроблена з маім сябрам Данікам, чатырохгадовым хлопчыкам, сынам Андрэя і Іры,чые мама і тата знаходзіліся ў турме КДБ.

Мама абяцала мне, калі мы ад'яжджалі, што на наступныя Каляды ў нас будзе сапраўднае сьвята. Але яна не стрымала свайго абяцаньня. Нішто ўжо ня можа быць такім, як раней. Мой дзядуля, які рабіў найлепшыя пяльмені ў сьвеце, і быў самым вясёлым чалавекам, якога я калі-небудзь ведала, памёр ад сардэчнага прыступу ў жніўні, пасьля чарговага рэйду КДБ.

Андрэй і Дзіма, два вялікія чалавекі, як вялікія мядзьведзі, зь вялікай колькасьцю дабрыні і заўсёднай гарой падарункаў, цяпер у турме. Андрэй піша з турмы казкі для Даніка. З дапамогай сваіх казак ён спрабуе выхаваць яго чулым і добрым чалавекам.

Я маладая. Як правіла, маладых ніхто ня слухае. Я ведаю, што і вы не чараўнікі і ня можаце вярнуць мне майго дзядулю. Але я прашу вас толькі аб адным: зьдзейсьніць усяго адзін цуд і зрабіць усё магчымае, каб вярнуць гэтых людзей, якія ўсё яшчэ жывыя і знаходзяцца ў турмах, назад - да іх дзяцей і бацькоў.

Дзякуй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG