Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мая вайна, нацыяналізм і калябарацыянізм


Вайна


Напярэдадні 30-х угодкаў увядзеньня ваеннага становішча ў Польшчы, мы з жонкай абмяняліся згадкамі, як мы правялі той памятны дзень – 13 сьнежня 1981 году.

Жонка тады была студэнткай першага курсу польскай філялёгіі Варшаўскага ўнівэрсытэту, я быў студэнтам пятага курсу фізыкі. Яна жыла ў інтэрнаце па правы бок Віслы, наш студэнцкі дом стаяў па левы бок. Мы тады былі зь ёю знаёмыя, хоць пакуль яшчэ цалкам павярхоўна.

Напрыканцы 1981 году практычна ўсе студэнты-беларусы з Падляшша ў Варшаве былі згуртаваныя ў сябрыне, якая называлася БАС (Беларускае аб’яднаньне студэнтаў). БАС узьнік у першай палове таго году, як першая незалежная беларуская арганізацыя ў пасьляваеннай камуністычнай Польшчы. Мы падалі на афіцыйную рэгістрацыю ў Міністэрства вышэйшай адукацыі, але камуністы летам, падчас вакацый, адмовілі нам. Яны не хацелі, каб нейкія беларусы арганізацыйна высьлізнулі з-пад кантролю спэцслужбаў. У беларускай меншасьці ў Польшчы была тады толькі адна арганізацыя – Беларускае грамадзка-культурнае таварыства (БГКТ) – якой кіравалі лялькаводы з МУС. Вось дзядзькі зь Міністэрства вышэйшых школаў, адмаўляючы нам у рэгістрацыі студэнцкай беларускай арганізацыі, сказалі па-сутнасьці выразна – ідзеце і разьвівайце сваю беларускасьць у БГКТ, то бок пад вокам спэцслужбаў.

Але мы туды не пайшлі.



Запушчаны махавік беларускага жыцьця сярод студэнтаў набіраў абароты. У кастрычніку або лістападзе 1981 году старэйшыя студэнты БАС-у арганізавалі для першакурсьнікаў з Падляшша, паводле ўзору з жыцьця польскіх студэнтаў, гэтак званыя беларускія «атрэсіны» – цырымонію прыняцьця ў студэнцкія рады пасьля некалькі гадзін жартаўлівых зьдзекаў і выпрабаваньняў, якім гэтыя першакурсьнікі былі паддадзеныя ў клюбе БГКТ у Варшаве. Восеньню 1981-га мы таксама зрабілі першы крок у кірунку заснаваньня студэнцкай выдавецкай справы – выпусьцілі два інфармацыйныя лісткі пад назвай «Апошнія паведамленьні». Першы лісток размножылі нам у колкасьці 50 ксэракопій у Варшаўскім унівэрсытэце, другі – на нейкім ксэраксе Службы бясьпекі (у аднаго студэнта з Падляшша дзядзька быў палкоўнікам СБ, і я, як нефармальны лідэр БАС-у, цынічна вырашыў выкарыстаць гэтае знаёмства). А трэці выпуск «Апошніх паведамленьняў» мы занесьлі ў галоўную сядзібу Незалежнага згуртаваньня студэнтаў (арганізацыі, якую камуністы былі прымушаныя зарэгістраваць у лютым 1981 году пасьля працяглых і масавых страйкаў у польскіх унівэрсытэтах). Хлопцы з НЗС абяцалі зрабіць нам 100 ксэракопій на панядзелак, 14 сьнежня. Але 13 сьнежня, у нядзелю, генэрал Войцех Ярузэльскі аб’явіў ваеннае становішча, і НЗС, разам з «Салідарнасьцю» і ўсім іншым, падпала пад забарону. Усе паперыны, якія былі ў сядзібе НЗС, разам з нашым кірылічным лістком, трапілі ў лапы Службы бясьпекі.

Дзень 13 сьнежня 1981 году я правёў, разьяжджаючы па студэнцкіх інтэрнатах у Варшаве і правяраючы, ці ўсе нашы студэнты з Падляшша не пацярпелі ў «першы дзень вайны» і ня маюць праблемаў з выездам дадому. Камуністы, выводзячы на вуліцы танкі і бронетранспарцёры супраць свайго народу, распарадзіліся, каб усе студэнты выехалі дахаты. Зрабілі нам прымусовыя вакацыі.

Мала што засталося ў памяці ад вечара 13 сьнежня. Прымкнуўшы да адной роты польскіх знаёмых з інтэрнату, я напіўся ўдрызг пад акампанэмэнт патрыятычных вершаў ды выбухаў дзявочага плачу і апакаліптычных прароцтваў, што вось Польшчы ўрэшце надышлі капцы. Некаторыя зь дзяўчат падалі ў гістэрыку, і трэба было іх ратаваць. То бок, на фронце як на фронце. Толькі прачнуўшыся ранкам у панядзелак у траншэі свайго пакоя, я разгледзеў дакладна, з кім працягваў змаганьне пасьля таго, як рота, так бы мовіць, разьдзялілася на ўзводы і залягла на стралковых пазыцыях.

Сам я падаўся на Беласточчыну ў аўторак, раніцай 15 сьнежня, калі канчаткова ўпэўніўся, што генафонд беларускай будучыні ў Варшаве не пацярпеў ніякіх стратаў. Прыехаў у Беласток сюррэалістычным цягніком, набітым да адказу людзьмі, якія не адзываліся адзін да аднаго. Няйначай, баяліся шпіёнаў і дывэрсантаў. Па цягніку шнарылі патрулі, складзеныя са спэцназаўцаў МУС (гэтак званае ZOMO) і жаўнераў рэгулярнай арміі з аўтаматамі. Час ад часу яны правяралі пропускі (мне таксама, каб прыехаць з Варшавы ў вёску Ляхі на Падляшшы, выдалі пропуск у адміністрацыі студэнцкага інтэрнату). Я дайшоў на свой родны хутар позьнім вечарам, застаўшы бацьку і сябра майго дзяцінства, Колю, за саліднай бутляй самагонкі і кумпяком. Яны абмяркоўвалі палітычную сытуацыю. Брату Аляксандру было тады 15 гадоў, і бацька яшчэ не дапускаў яго да дыскусій аб палітыцы. Я прысеў да стала і выклаў свой погляд на падзеі. Маці, пашарэлая з твару, увесь астатак вечара глядзела на мяне дакорлівым позіркам: чаму не прыехаў у нядзелю, мы думалі, ты ўжо там даўно нежывы...

У тэлевізары паказвалі наогул навіны з дыктарамі ў вайсковай форме і прапагандысцкія перадачы пра «Салідарнасьць», якая нібыта хацела дэстабілізаваць краіну і праліць кроў. Недзе ў палове студзеня, позна вечарам, паказалі перадачку аб Незалежным згуртаваньні студэнтаў. Паказалі і архіў НЗС-у, захоплены Службай бясьпекі. Наш лісток «Апошнія паведамленьні Н-р 3», дзе мы пісалі пра супольныя сьпевы і танцы, на якіх хлопцам з Падляшша можна было паціскаць сваіх дзяўчат, камуністычныя прапагандысты акрэсьлілі як адну з падрыўных лістовак, якія НЗС выдаваў на мовах суседніх з Польшчай народаў, каб дэстабілізаваць сытуацыю і там. Карацей, наш БАС патрапіў у лік ворагаў сацыялізму ня толькі ў Польшчы, але і БССР. Зразумела, я нічога не сказаў пра гэтую перадачку бацькам.

Неўзабаве пасьля майго вяртаньня на ўнівэрсытэт у Варшаву мяне выклікалі на допыт у Службу бясьпекі, галоўны офіс якой знаходзіўся ў цэнтры польскай сталіцы ў гэтак званым Палацы Мастоўскіх. Але афіцэр, які вёў маю справу, ня надта цікавіўся маёй дзейнасьцю ў БАС-е. Яны і так пра яе ўсё ведалі, бо, па-першае, мы нічога не хавалі, а па-другое, у нашай арганізацыі было дастаткова стукачоў, пра некаторых зь якіх ведалі ня толькі яны, але і мы. А таму гульня ў падпольле ня мела ніякага сэнсу. Афіцэр задаў мне адно ці два пытаньні наконт таго, ці ведаю я, адкуль да мяне прыходзяць падпольныя бюлетэні «Беларускія дакумэнты» (іх, пры падтрымцы «Салідарнасьці», потайкам выпускаў Сакрат Яновіч), і адразу разьвітаўся. Я зразумеў, што мне ў Службе бясьпекі завялі маю пэрсанальную тэчку, і чэкіст, якому далі заданьне сачыць за беларускім студэнцкім рухам, захацеў проста пабачыць у твар лідэра гэтага руху.

Гэта было маё адзінае сутыкненьне са Службай бясьпекі камуністычнай Польшчы. Я ніяк не магу сябе лічыць ахвярай перасьледу, а таму я не магу на гэтай падставе запатрабаваць доступу да маёй пэрсанальнай тэчкі. Аднак потым у Польшчы прынялі закон, які дазваляе заглянуць у тэчкі ня толькі ахвярам камуністычнага перасьледу, але і навукоўцам ды журналістам. Але я ўсё яшчэ вагаюся – пакарыстацца гэтым правам ці махнуць рукой? Пра свае ваганьні я сказаў Аляксандру Лукашуку, які замест таго, каб іх разьвеяць, толькі ўзмоцніў. Добра падумай, Ян, ці сапраўды табе будзе лепш, калі ты дазнаесься, хто на цябе стукаў і падаваў інфармацыю, больш-менш так сказаў мне дырэктар беларускай службы Радыё Свабода. Мудрасьць, верагодна, часам палягае і ў тым, каб выбіраць, што ведаць, а што не... Я і дасюль не наважыўся напісаць просьбу пра дазвол заглянуць у маю тэчку...


Нацыяналізм


Беларусы на Беласточчыне ўспрынялі ўвядзеньне ваеннага становішча з палёгкай, як думаю, амаль паўсюднай.

Справа ў тым, што «Салідарнасьць», разам з надзеяй на дэмакратызацыю жыцьця ў краіне, падняла і вялікую хвалю польскага нацыяналізму. Агульная нянавісьць да саветаў, «рускіх» і «кацапаў» пераносілася ў значнай ступені і на беларускую нацменшасьць на Падляшшы, у якой палякі бачылі перш за ўсё апору камуністычнай улады, а ня братні народ зь несавецкай культурай і мэнталітэтам.

Службе бясьпекі на Падляшшы ня трэба было шмат старацца, каб супрацьставіць праваслаўных беларусаў каталіцкім палякам. У народ запусьцілі чутку, што каталікі ў Бельску і Гайнаўцы стаўляюць на дзьвярах сваіх праваслаўных суседзяў знакі праваслаўнага крыжа, каб лягчэй было ідэнтыфікаваць «рускіх», калі надыдзе дзень расплаты. І гэтага хапіла аж надта.

Адасобленасьць рэлігійнай лацінскай і бізантыйскай традыцыі на Падляшшы існавала зь незапамятнага часу. Да яе дайшла незагойная памяць разьні, якую ў праваслаўных вёсках на Беласточчыне (між іншым, Заляшаны, Зані) неўзабаве пасьля ІІ сусьветнай вайны ўчыніла польскае нацыяналістычнае падпольле, якое выводзілася з Арміі Краёвай. А таму ня толькі я, але бадай ці ня ўсе мае калегі з БАС-у ў такой ці іншай форме чулі ад сваіх бацькоў, калі мы выпраўляліся ў гарадзкое жыцьцё, нейкія такія словы: асьцерагайся палякаў, жаніся толькі са сваёй дзяўчынай (выходзь замуж толькі за свайго хлопца), і ня лезь у палітыку. Гэта народная мудрасьць, закадаваная на генэтычным узроўні.

Каб выжыць, меншасьці трэба гета. І генэтычнае, і культурнае. Няма іншага паратунку.

І трэба яшчэ свая зямля, не ў мэтафарычным, а ў прамым сэнсе. Як зямля для Міхала ў «Новай зямлі» Якуба Коласа. Пра гэта неяк мне сказаў мой калега Пятро з Падляшша, зь якім у 1981 годзе мы арганізавалі БАС і думалі над нашым паратункам. Запомнілася на ўсё жыцьцё. Мы на Беласточчыне застанемся датуль, казаў Пятро, пакуль зямля нашых бацькоў будзе належаць нам, іх нашчадкам. А таму, Ян, не прадавай бацькавай зямлі палякам, нават калі ня будзеш на ёй гаспадарыць.

Я не прадаў бацькавай зямлі. Мы з братам – юрыдычныя ўласьнікі 12 гектараў родавай зямлі, якая ляжыць аблогай і парастае маладым лесам. Яна не дае плёну, але гэта нашая зямля, беларуская.

Пятро пасьля вышэйшай школы ў Варшаве вярнуўся ў родную вёску, узяў бацькаву гаспадарку ў свае рукі. Я нядаўна пабываў у яго ў гасьцях. У яго трое дзяцей, так як і ў мяне. Яны, як і мае, гавораць па-падляску, то бок, на мове нашых бацькоў і дзядоў. Мы пажаніліся са сваімі дзяўчатамі, мы маем сваю зямлю і мы ўсё яшчэ змагаемся за сваё гета. Магчыма, гэтага хопіць на самаапраўданьне...

Калябарацыянізм


Пасьля ўвядзеньня ваеннага становішча ўся арганізацыйна дзейнасьць у беларускім студэнцкім руху спынілася. Мы былі заслабыя, каб бавіцца ў нейкае падпольле, як хлопцы з забароненага НЗС-у. Нам трэба было прыдумаць нешта іншае, каб не растраціць той беларускі патэнцыял, які мы назьбіралі за няпоўны год да «вайны». Як мы тады ацэньвалі, у польскіх вышэйшых школах магла быць і тысяча нашых студэнтаў. У чэрвені 1981 году, калі я прыехаў на сходку беларускіх студэнтаў у Беластоку, я ледзь не абамлеў, убачыўшы дзьве сотні студэнтак-беларусачак, якія аж пішчалі, каб пазнаёміцца са сваімі хлопцамі. Іх, зразумела, бацькі таксама настаўлялі наконт таго, за каго трэба выходзіць замуж, а за каго не...

Восеньню 1982 году камуністы пачалі арганізоўваць новую агульнапольскую студэнцкую арганізацыю, каб замяніць Сацыялістычны саюз польскіх студэнтаў, да якога ніхто ўжо не хацеў належаць, акрамя штатных функцыянэраў.

Я вырашыў, што каб не растраціць наш «генафонд будучыні», беларускаму студэнцкаму руху трэба падчапіцца да гэтай нібыта новай арганізацыі, каб, па-першае, знайсьці цалкам афіцыйную шапку для сваёй дзейнасьці, а па-другое, знайсьці крыніцу фінансаў на ўсе студэнцкія імпрэзы, на якіх так зручна знаёміцца сваім хлопцам са сваімі дзяўчатамі. Разам са студэнтамі-ўкраінцамі і студэнтамі-літоўцамі мы пралезьлі чорным ходам на ўстаноўчы зьезд той нібыта новай арганізацыі і пралабіявалі ў запісе яе статуту фінансаваньне і падтрымку для студэнцкіх групаў з нацменшасьцяў. На падставе гэтага запісу я давёў да рэгістрацыі гэтак званай Рады культуры студэнтаў беларускай нацыянальнасьці ў Варшаве як часткі Саюзу польскіх студэнтаў; потым гэтым сьледам пайшлі студэнты-беларусы ў Беластоку і Ольштыне. Мы атрымалі крыніцу фінансаваньня ўсялякіх студэнцкіх рэйдаў і лягераў на Беласточчыне, якія спрычыніліся ня толькі да падмацаваньня нацыянальнага духу, але і дэмаграфічных паказьнікаў беларускай меншасьці...

Мне яшчэ ўдалося заснаваць беларускі студэнцкі часопіс «Сустрэчы» і выдаць, усё яшчэ ў ваенным становішчы, два нумары, у колькасьці 1500 асобнікаў кожны. Адчуваеце, які ў нас тады быў патэнцыял? Як жа мне было адмовіцца ад калябарацыянізму з камунізмам?

Пра віялянчэль...


Дык вось, распавёўшы збольшага жонцы, што я рабіў 13 сьнежня 1981 году ўдзень і спаслаўшыся на частковае забыцьцё таго, што насамрэч адбывалася ўвечары і ноччу, я выслухаў і яе згадку. Аказваецца, удзень, калі на вуліцах зьявіліся танкі і салдаты з аўтаматамі, яна зь некалькімі калегамі-католікамі паехала ў царкву, каб паказаць ім праваслаўную літургію. А вечарам яны напіліся ўдрызг у інтэрнаце, нехта чытаў патрыятычныя вершы, дзяўчаты плакалі і гістэрычна сьмяяліся, а адна дзеўка ўвесь час іграла на віялянчэлі... Я ўжо не помню, чым уся гэтая фантасмагорыя закончылася, сказала мне жонка. Як вы разумееце, я асабліва і не настойваў на высьвятленьні ўсіх дэталяў... Гэта называецца мудрасьць, ці неяк так...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG