Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы ўцякаюць на заробкі за мяжу


Паводле афіцыйнай статыстыкі, штогод каля 5 тысяч беларусаў ад'яжджаюць за мяжу на сталае месца жыхарства ці на заробкі. Між тым незалежныя экспэрты называюць лічбы ў разы большыя, таму што абсалютная бальшыня працоўных мігрантаў, ад'язджаючы, не паведамляе пра гэта дзяржаўным органам.

Згодна з інфармацыяй МУС Беларусі, геаграфія беларускай прысутнасьці ў сьвеце перавышае 80 краінаў. Асноўныя прычыны ад'езду – працаўладкаваньне і шлюб з замежнікамі. На 90% міграцыя мае расейскі вэктар. З улікам палёгкаў у межах так званай Саюзнай дзяржавы і Мытнага саюзу легалізавацца ў Расеі не складае ніякіх праблемаў – дзеля ўладкаваньня на працу патрэбна толькі працоўнае пагадненьне з наймальнікам. Экс-дэпутат Вярхоўнага Савету Вячаслаў Герасіменка, ня меўшы альтэрнатывы, сам некалькі гадоў адпрацаваў на падмаскоўных будоўлях і цяпер назірае, як новая хваля землякоў скіроўваецца на Ўсход:

"Так, пабеглі зноў. І будуць ехаць, пакуль сытуацыя будзе заставацца такой, а хутчэй за ўсё, яна будзе толькі пагаршацца. Я нават па сваім Петрыкаве г
я бюджэтнік, у мяне меней за 200 даляраў выходзіць ...

ляджу: было, што пачалі заставацца на месцы, бо на будоўлі амаль маскоўскія расцэнкі давалі, недзе па 10 даляраў за гадзіну, а за такія грошы можна працаваць і дома. А зараз бачу, што адразу два мае суседы ў Расею ад'ехалі, потым трэці падаўся, пра іншых людзі гавораць. Карацей, зноў махнулі на заробкі, зноў дзесьці шукаюць шчасьця. А за што трымацца? Вось, прыкладам, я бюджэтнік, у мяне меней за 200 даляраў выходзіць. І ўжо папярэдзілі, што як мінімум на два гады заробак бюджэтнікам будзе замарожаны. Значыць, больш хрэн атрымаеш, а цэны – вунь якія. Дык каго такімі пэрспэктывамі ўтрымаеш?"

Жыхароў заходніх памежных рэгіёнаў больш вабіць суседняя Польшча. Берасьцеец Аркадзь Кудрашоў больш за чатыры гады будуе дамы ў Варшаве, дзе аплата і ўмовы працы непараўнальныя зь беларускімі. Палякі ўсяляк ідуць насустрач, легалізавацца цяпер таксама не складае ніякіх цяжкасьцяў:

"Першы раз я паехаў у 2007 годзе, і ўжо тады беларусам, расейцам і
тут рабіць ужо практычна няма чаго ...

ўкраінцам давалі большыя палёгкі пры легальным працаўладкаваньні. Пазьней, у 2008 годзе, яны да гэтага сьпісу дадалі Малдову, а калі зноў паехаў у 2010-м, то зьявіўся дадатак адносна Грузіі. То бок працаўнікам з гэтых краінаў выдаюцца так званае "асвядчэньне" пад запыт працадаўцы, які той пакідае ва Ўжондзе працы. Гэта бясплатны дакумэнт, і на яго падставе робіцца працоўная віза. Калі зьвяртаесься паўторна ў гэтую ж фірму, даецца тэрмінам на паўгода і, адпаведна, афармляецца дазвол на працу. Ніякіх праблемаў сама працэдура не нясе, і ўсё больш людзей нават сярод маіх знаёмых намагаюцца такую магчымасьць скарыстаць. Бо тут рабіць ужо практычна няма чаго".

Заўважна "вымываецца" і сфэра высокіх тэхналёгіяў. Менскі праграміст Андрэй Корабаў пасьпеў папрацаваць шмат у якіх краінах і сьцьвярджае, што беларускія спэцыялісты запатрабаваныя ўсюды. Па яго словах, зь цяперашнімі тэмпамі ад'езду ўладам давядзецца моцна напружыцца, каб тэндэнцыю спыніць:

"Нашы спэцыялісты заўсёды цаніліся за мяжой, гэта амаль заўсёды так
я ніколі ня чуў, каб хтосьці з нашых праграмістаў, зьехаўшы адсюль, дзесьці за мяжой мыў посуд, напрыклад, ня мог знайсьці годную працу ...

было. Каштоўнасьць іх, скажам так, стабільна высокая. Прынамсі я ніколі ня чуў, каб хтосьці з нашых праграмістаў, зьехаўшы адсюль, дзесьці за мяжой мыў посуд, напрыклад, ня мог знайсьці годную працу. Таму што нашых спэцыялістаў адрозьнівае вельмі своеасаблівы падыход да справы. Большасьць зь іх працуе, як ні патасна гэта гучыць, ня толькі галавой, але і душой. Вядома, немалаважны фактар – грошы, але ўсё ж яны робяць найперш з павагай да сваёй працы і пры гэтым пастаянна самаўдасканальваюцца, то бок шмат трацяць часу на самаадукацыю. Адказнае стаўленьне да справы – гэта самой сабой, але кожная справа – таксама і спосаб пашырыць свае веды ў той галіне, якая найбольш цікавіць, паспрабаваць новыя падыходы і г.д.".

Учора Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў навукоўцаў, якія нібыта атрымліваюць вялізную дзяржаўную падтрымку, але не даюць ніякай аддачы. Беларуская асьпірантка Оксфардзкага ўнівэрсытэту Ўладзіслава Чалей сьцьвярджае іншае: навука ў Беларусі фінансуецца паводле рэшткавага прынцыпу, і чакаць нейкага эфэкту ў такіх умовах немагчыма. Па словах суразмоўніцы, ня толькі навукоўцы, а нават студэнты намагаюцца зьехаць зь Беларусі пры першай жа магчымасьці. У гэтым яна пераканалася яшчэ падчас навучаньня ў Эдынбурскім унівэрсытэце, куды перавялася пасьля трох курсаў біяфаку Белдзяржунівэрсытэту:

Уладзіслава Чалей
Уладзіслава Чалей
"Былі людзі, якіх я ведала яшчэ тут, у Менску – чатыры чалавекі, якія паехалі на год раней за мяне. Яны таксама з майго біяфаку, а дагэтуль, як і я, вучыліся ў ліцэі БДУ. Іх я ведала яшчэ зь Беларусі. Таксама яшчэ адзін хлопец быў у асьпірантуры. Ёсьць людзі, але яны амаль усе, што тычыцца Эдынбургу, калі ехалі зь Беларусі, то выключна зь біяфаку БДУ і праз адмысловую праграму. Прынамсі, я не сустрэла нікога, хто нейкім іншым шляхам туды трапіў. Наконт астатніх проста ня ведаю, але па рэакцыі людзей, якія цікавіліся, адкуль я, і калі я казала, што зь Беларусі, амаль усе рэагавалі аднолькава: "Ты першы чалавек, якога я сустракаю з гэтай краіны. Дзе гэта?" Спачатку было неяк сумна – ну як вы можаце ня ведаць краіну пасярэдзіне Эўропы, у яе цэнтры? Але напраўду пра нас нічога ня ведаюць".

Страчвае кадры і дзяржаўная прапаганда. На маскоўскім тэлеканале ТВЦ уладкаваўся колішні вядучы праграмаў навін каналу ОНТ Аляксандар Сярэбранікаў, які яшчэ доўга будзе згадвацца забаўнай агаворкай "Добры дзень, у студыі Аляксандар Лукашэнка". На ўкраінскім "Пятым канале" пасьля вымушанага паўгадавога прастою працуе колішні вядучы ток-шоў "Выбар" Сяргей Дарафееў. Дарэчы, вялікае інтэрвію з апальным журналістам – у нашым суботнім эфіры:

Сяргей Дарафееў
Сяргей Дарафееў
"Што тычыцца маіх калегаў, тых ці іншых, якія сышлі, дык гэта права кожнага чалавека – сыходзіць ці не, шукаць для сябе нейкі іншы шлях. Але я заўсёды ў сваім прафэсійным жыцьці займаўся навінамі, інфармацыяй і грамадзка-палітычнай журналістыкай. Займацца чымсьці іншым, скажу шчыра, у мяне жаданьня няма. Таму я зараз займаюся тым і там, дзе я хачу сам. І гэтае месца не спантаннае, я выбіраў сярод пэўнай колькасьці магчымасьцяў і прапановаў. Магу сказаць, што ў кантракце зь "Пятым каналам" у мяне запісана пасада "галоўны рэдактар канала". Але зараз я займаюся канкрэтна сваёй праграмай, таму больш правільны ды адзіна магчымы варыянт, што да майго статусу, – кіраўнік і вядучы праграмы "Партрэты зь Сяргеем Дарафеевым".

Даходзяць зьвесткі, што ўлады ўсур'ёз напалоханыя маштабамі міграцыі зь Беларусі ў сувязі з рэзкім падзеньнем узроўню жыцьця. Пакуль сытуацыю прапануецца вырашаць сыстэмай стымуляваньня на месцах – пашырэньнем сацыяльнага пакету, забесьпячэньнем службовым жыльлём і г.д.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG