Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Кастрычніцкай плошчы затрымалі ўдзельнікаў малітвы за палітвязьняў

абноўлена

На Кастрычніцкай плошчы Менску затрымалі сем грамадзкіх актывістаў, якія спрабавалі правесьці малітву за палітвязьняў. Сярод іншых — Ганну Шапуцьку, Ніну Багінскую, Тацяну Кім, Аляксандра Макаева. Пяць чалавек былі адпушчаныя позна ўвечары без складаньня пратаколаў. Двое — сярод якіх Аляксандар Макаеў — засталіся ў пастарунку на ноч.

Як паведаміла адна з удзельніц малітоўнай акцыі Тацяна Зялко, людзі падышлі да адзнакі нулявога кілямэтра на Кастрычніцкай плошчы, але не пасьпелі распачаць малітву. Да іх адразу падскочылі невядомыя ў чорным на чале з палкоўнікам менскай міліцыі Ігарам Яўсеевым і пачалі заштурхоўваць людзей у аўтобус, які пад’ехаў. Яны адмаўляліся прадставіцца і назваць прычыну затрыманьня. Затрыманыя знаходзяцца ў Цэнтральным РУУС.

Грамадзкія актывісты і вернікі праводзяць штодзённыя малітвы на Кастрычніцкай плошчы на знак салідарнасьці з палітвязьнямі. Затым удзельнікі акцыі праходзяць сымбалічны шлях ад Кастрычніцкай плошчы да плошчы Незалежнасьці і завяршаюць малітву каля Чырвонага касьцёлу.

Апошнімі днямі за хадою малітоўнай акцыі пільна назіралі супрацоўнікі спэцслужбаў. Напярэдадні да малітоўнікаў падыходзіў кіраўнік РУУС Цэнтральнага раёну Менску Радзевіч і загадаў, каб «гэты цырк» быў апошні раз. Каб «на цырк хадзілі ў цырк, а на малітву ў касьцёл». У сваю чаргу ўдзельнікі вулічнай малітвы заяўляюць, што намерваюцца праводзіць малітву і надалей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG