Цыганкоў: Апошнія тыдні Аляксандар Лукашэнка ўжо ня раз заяўляў, што цэны ўжо настолькі падняліся, што вышэй ім няма куды расьці. Але цяпер білет на праезд у грамадзкім транспарце ў Менску будзе каштаваць 1300 рублёў, а да канца году, як абвешчана, — 1800. Амаль у два разы больш, чым цяпер — 950. Ці існуе аб’ектыўная неабходнасьць падвышаць кошты?
Залескі: У гэтым пытаньні ёсьць небясьпечнае словазлучэньне — «аб’ектыўная неабходнасьць». Рэч у тым, што наша ўлада не кіруецца «аб’ектыўнай неабходнасьцю», яна кіруецца «рэвалюцыйнай мэтазгоднасьцю». Бо аб’ектыўна ўжо даўно павінна быць прыватызаваная ўся камунальная гаспадарка, і кошты павінны вызначацца попытам і прапановай. А не рашэньнямі ў адміністрацыі прэзыдэнта ці ў Міністэрстве жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.
Цыганкоў: Нядаўна прагучала інфармацыя, што шмат якія аўтобусныя маршруты ў Менску будуць адмененыя альбо скарочаныя. Як вядома, багата кіроўцаў цяпер звальняюцца, бо не жадаюць працаваць за тыя мізэрныя заробкі, якія існуюць у гэтай сфэры. Ці можна сказаць, што грамадзкі транспарт пачынае зазнаваць пэўную дэградацыю?
Мы жывем у горадзе і ня ведаем, што трэцяя частка вёсак у Менскай вобласьці ня мае ніякіх аўтобусных зносін з горадам.
Залескі: Яна ідзе ўжо даўно. Мы жывем у горадзе і ня ведаем, што трэцяя частка вёсак у Менскай вобласьці ня мае ніякіх аўтобусных зносін з горадам — ані зь Менскам, ані з райцэнтрамі.
Тое, што адбываецца ў сталіцы, ідзе ня толькі ў транспартнай галіне, але і ў будаўніцтве. Чыстае скарачэньне занятых — 7 тысяч чалавек. Яны пераважна паехалі ў Расею. Мы з нашымі заробкамі ня вытрымаем канкурэнцыі на рынку працы. І гэта пацягне за сабой дэградацыю тых галінаў, дзе аплата ў суседніх краінах будзе істотна большая, чым у нас.
Цыганкоў: У чым тады выйсьце? Толькі ў зьмене формы ўласнасьці, пра што вы казалі?
Залескі: На сёньняшні момант рэзкая зьмена форма ўласнасьці нічога добрага не прынясе. Бо нас завялі ў такую багну, што вылазіць зь яе трэба вельмі асьцярожна. Адзінае рацыянальнае выйсьце — гэта падвышэньне прадукцыйнасьці працы ў краіне. Адразу гэтага ня зробіш. Але чым далей мы ідзем нейкім сваім своеасаблівым шляхам, тым цяжэй будзе адгэтуль выходзіць.