Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэны не пакідаюць шанцаў спажыўцам


Ад 20 кастрычніка, калі беларускі ўрад, падцягнуўшы афіцыйныя паказьнікі Нацбанку да рынкавых, адрапартаваў пра выхад на адзіны раўнаважны курс, рубель толькі ўмацоўваецца. Сёньня па выніках таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы ён зафіксаваўся на ўзроўні 8520 за даляр — ад 8680 на мінулым тыдні. Праўда, на тле вонкавай стабілізацыі кошты на тавары і паслугі працягваюць імкліва расьці.

Уніфікацыя адзінага курсу на камэрцыйным узроўні, які і надалей мяркуецца вызначаць на падставе біржавога попыту і прапановы, прывяла ня толькі да чарговай дэвальвацыі рубля, але і да новага вітка коштаў. Экспэрты такі ланцужок тлумачаць проста: калі дагэтуль валюта для набыцьця лекаў, энэргарэсурсаў і г.д. прадавалася па афіцыйным курсе 5700 рублёў за даляр, то пасьля выхаду на раўнаважны курс той жа прыродны газ у рублёвым вымярэньні падаражэў больш як на 50%. У выніку вытворцы вымушаныя закладаць выдаткі ў кошт прадукцыі, што наўпрост адбіваецца на ўсім іншым.



І калі камунальныя плацяжы мяркуецца падвышаць ня так рэзка, бо ў перадзімовы сэзон гэта можа выклікаць сацыяльнае незадавальненьне, то плата за праезд у грамадзкім транспарце да канца году вырасьце ўдвая. З 1 лістапада адна паездка будзе каштаваць 1300 рублёў, у сьнежні — ужо 1850. Рэкамэндаваны кошт для маршрутных таксі — 4500 рублёў за паездку. Асноўнай прычынай называецца падаражэньне "расходных матэрыялаў": цэны на паліва ад пачатку году вырасьлі ў 2,1 раза, на цеплавую энэргію — у 2 разы, электрычную — у 1,8 раза, а на запчасткі — амаль утрая.

Рост кошту транспартных паслугаў, вядома ж, выкліча неадкладную ланцуговую рэакцыю ўва ўсіх сэгмэнтах эканомікі, але кошты працягваюць падвышацца і незалежна ад яго. Ад сёньня адразу на 17% падаражэў цукар — важны кампанэнт значнай часткі харчовай прадукцыі. Адпаведна, неўзабаве трэба чакаць зьмены цэньнікаў і на іншыя харчы.

Між тым, як кажа аналітык фінансавага рынку Андрэй Карпунін, пры адпаведнай эканамічнай палітыцы кошты цэлага шэрагу тавараў і паслугаў можна ня толькі ўтрымаць прынамсі на цяперашнім узроўні, а нават адкруціць назад:

Андрэй Карпунін
Андрэй Карпунін
"Цэны цяпер завышаныя ня толькі на вельмі многія імпартныя тавары, але і на тавары беларускія, у якіх высокая доля замежнай сыравіны і камплектуючых. Таму што ў кошт закладзены курс з улікам усіх нэгатыўных чаканьняў па курсаўтварэньні. І калі ўлады ня будуць гуляць усьляпую, пускаць сытуацыю на самацёк, дапускаць больш як 3—4% адхіленьня ваганьняў курсу ад намечанай імі ж самімі нейкай стратэгіі, тады празь некалькі месяцаў, наадварот, вельмі многія тавары ў крамах могуць патаньнець. І патаньнець досыць істотна — працэнтаў на 20, а то і 30. Справа ў тым, што дэвальвацыйныя чаканьні закладаліся дзесьці ў вілцы 12 000—13 000, а часам і 14 000 беларускіх рублёў за 1 даляр. І калі ўдасца ўсталяваць курс у прамежку паміж 8000 і 9000, то якраз розьніца ў 3000 і складзе гэтае патаньненьне ў раёне 30%".

Лягічным наступствам замаруджваньня з выхадам на адзін курс стане чаканы рост цэнаў на паліва. Экспэрты не сумняюцца, што ўжо днямі канцэрн "Белнафтахім" наблізіць кошт літра бэнзіну ў эквіваленце да даляра, а гэта значыць, — як мінімум да 7000—7500 рублёў. Цяпер паліва апусьцілася ў сярэднім да паўдаляра, што заганяе нафтаперапрацоўчыя заводы ў вялізны мінус. Пасьля прэзыдэнцкай крытыкі была абраная тактыка падвышэньня коштаў малымі дозамі, але цяпер, як лічыць дырэктар Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан, трыма адсоткамі ўжо не абысьціся. Да таго ж ён ня верыць, што курс стабілізуецца на цяперашнім узроўні, таму коштам у пэрспэктыве нічога не застанецца, як зноў даганяць абясцэненую нацыянальную валюту:

Валянцін Лопан
Валянцін Лопан
"Колькі гэта пратрымаецца? Магчыма, ня рэзка, але ўсё роўна плаўна рубель будзе абясцэньвацца і надалей. То бок калі цяпер ён у раёне 8500—8600, то неўзабаве ўсё адно будзе 9000, праз паўгода — 10 000, потым яшчэ і яшчэ ніжэй. Іншымі словамі, курс будзе ўвесь час падаць, бо прынцыповыя пытаньні па сальда зьнешняга гандлю ня вырашаныя. І яны ня могуць быць вырашаныя хутка без структурнай перабудовы эканомікі. А значыць, усё будзе адбывацца павольна, паўзуча. Гэта як, бачыце, бэнзін павольна даражэе, і мы да гэтага паступова прызвычаіліся. Ужо і праблема падаецца не такой значнай, асабліва перад пагрозай чарговага падаражэньня. І гэта пры тым, што 10 разоў паліва за год ужо даражэла. Вось калі за адзін раз на 30% — ай, ай, балюча. Таму Лукашэнка мае рацыю: трэба ўздымаць пакрысе, народ прызвычаіцца і ня будзе бухцець. Тое самае будзе і зь беларускім рублём".

Профільныя спэцыялісты гавораць пра перагляд і іншых цэньнікаў, некалі прывязаных да афіцыйнага курсу. Прыкладам, істотна зьмяніліся ў бок падвышэньня кошты на страхаваньне аўтамабіляў, уключна з КАСКА, а таксама афармленьне турыстычных страховак. Яшчэ больш вырасьце мыта на імпартаваныя аўтамабілі, якое дагэтуль спаганялася па курсе Нацыянальнага банку. Істотна падаражэюць лекі ад замежных фармацэўтычных кампаній, пастаўшчыкі якіх цяпер гэтаксама вымушаныя набываць валюту па рынкавым курсе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG