Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бабруйску за Народны сход чакаюць суд, а ў Магілёве — адказаў на скаргі


У Бабруйску на сябра аргкамітэту Народнага сходу Галіну Сьмірнову склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня. Актывістку вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, якое адбылося 8 кастрычніка.

У гэты дзень на пляцоўцы перад гандлёвым цэнтрам «Вэстэрн» некалькі дзясяткаў грамадзян спрабавалі правесьці Народны сход. Сярод удзельнікаў была і Галіна Сьмірнова:

«Міліцыянт прыйшоў да мяне дамоў, бо я адмовілася сама ісьці ў міліцыю. Я хварэю. Спачатку ён склаў пратакол апытаньня, а потым пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня. Я адмовілася пратаколы падпісваць. Папрасіла копію пратаколаў. Ён мне пакінуў толькі пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня. Я ня ведаю, чаго яны хочуць ад мяне. Я спрабавала прысароміць міліцыянта, але ён на мае нараканьні маўчаў. Мне падалося, што ён адчувае сваю віну, што прыйшоў да хворай жанчыны й склаў свае пратаколы. Відаць, ёсьць загад „зьверху“. Відаць, будзе цяпер і суд».

Галіну Сьмірнову затрымлівалі, калі яна зьбірала подпісы за Народны сход. Тады яе адпусьцілі, не складаючы пратаколу.

Акрамя Сьмірновай, пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня за Народны сход раней быў складзены на старшыню бабруйскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктара Бузінаева. Ён таксама чакае суду.

У Магілёве тым часам сябра аргкамітэту мясцовага Народнага сходу Ўладзімер Шанцаў чакае адказаў на свае скаргі з абласной пракуратуры й аблвыканкаму. Напярэдадні сходу гарвыканкам і пракуратура Ленінскага раёну пісьмова папярэдзілі яго пра адказнасьць за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах. Гэтыя папярэджаньні актывіст і абскардзіў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG