Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастуся Шыталя аштрафавалі на 105 тысяч рублёў

абноўлена

Кастусь Шыталь
Кастусь Шыталь
Мёрскі раённы суд аштрафаваў незалежнага журналіста на 105 тысяч рублёў. Апроч гэтага, хлопец амаль двое сутак правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня — калі напярэдадні Народнага сходу яго затрымалі спачатку нібыта за крадзеж рэчаў з чужога аўто, а потым склалі пратакол за нецэнзурную лаянку.

Падчас першага судовага пасяджэньня, якое адбылося ў Мёрскім райсудзе 10 кастрычніка, Кастусь Шыталь апавёў, што ўвечары 7 кастрычніка ён ехаў у Мёры, каб наступнай раніцай выправіцца ў Дзісну, мястэчка ў Мёрскім раёне, дзе меўся адбыцца Народны сход. Ён меркаваў зрабіць з імпрэзы рэпартаж для незалежнага сайту www.westki.info. Ехаў "аўтаспынам", і машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ. Кастуся змусілі выйсьці, заявіўшы, што ён падобны да злодзея, які скраў нейкія рэчы з чужога легкавіка, і нават былі павезьлі ў Шаркоўшчыну нібыта на апазнаньне да гаспадара скрадзеных рэчаў.

Аднак потым перадумалі ды завезьлі Кастуся ў Мёры, дзе ў пастарунку быў складзены пратакол пра дробнае хуліганства. Тое, што хлопец брыдкасловіў, адмаўляючыся паказаць свае дакумэнты, супрацоўнікі ДАІ пацьвердзілі і ў судзе, кажа спадар Шыталь:

"Міліцыянты сьведчылі супраць мяне — казалі тую самую хлусьню, нібыта я абмацюкаў мёрскіх ДАІшнікаў у адказ на просьбу прад’явіць дакумэнты. Шаркоўшчынскія пацьвердзілі тое самае… На маю думку, гэта проста маразм, калі палююць на журналіста з прыцягненьнем сілаў двух РАУСаў. Натуральна, гэта рабілася, каб перашкодзіць выкананьню маіх журналісцкіх абавязкаў".

Абвінавачаньне ў брыдкаслоўі абурыла ўсіх, хто ведае Кастуся Шыталя асабіста. Ён шчыры вернік, актывіст аргкамітэту па стварэньні партыі БХД. Сябры Кастуся ніколі ня чулі ад яго дрэннага слова, кажа Зьміцер Лупач, аднадумца і калега з Глыбокага:

"Я ні разу ня чуў, каб ён мацюкнуўся. Шыталь увесь час карыстаецца беларускай мовай, а там такой лаянкі няма. І пры мне не было, каб ён сарваўся, і я ня думаю, каб там ён брыдкасловіў — гэта ўсё прыдумана!"

Тым ня менш судзьдзя Валеры Драбышэўскі прызнаў хлопца вінаватым і прысудзіў яму штраф памерам 105 тысяч рублёў.

Кастусь Шыталь не адзіны, хто трапіў пад рэпрэсіі перад Народным сходам у Дзісьне. На мясцовых актывістаў таксама чыніўся ціск, і ў выніку імпрэза была практычна сарваная, апавяла каардынатарка па правядзеньні Народных сходаў у Віцебскай вобласьці Ірына Яскевіч:

Ірына Яскевіч
Ірына Яскевіч
"Тры чалавекі прыйшлі на тое месца, дзе меўся праходзіць Народны сход. І там ужо чакалі дзьве вялікія міліцэйскія машыны. Людзей напярэдадні папярэджвалі на працы, каб туды не хадзілі. Дзісна — маленькі горад, там людзі ўпершыню самі шукалі арганізатараў Народнага сходу, яны ўпершыню паспадзяваліся, што іхныя патрабаваньні ўлады пачуюць і на іх будзе нейкая рэакцыя!"

На думку Ірыны Яскевіч, Народны сход у Дзісьне адмыслова сарвалі, каб патрабаваньні мясцовых жыхароў не дайшлі да ўладаў. І затрыманьне незалежнага журналіста, які мог распавесьці пра пратэстныя настроі мясцовага насельніцтва, таксама было зьдзейсьнена для таго, каб стварыць ілюзію таго, што "ў Дзісьне ўсё спакойна" і што людзі "ўсім задаволеныя".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG