Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асаблівасьці ўтрыманьня за кратамі тэрарыстаў і сьмяротнікаў


Нарвэскага тэрарыста Брэйвіка вязуць на допыт
Нарвэскага тэрарыста Брэйвіка вязуць на допыт
Сярод асноўных тэмаў:

Вакол справы Мамедава. Зваротная сувязь

Да 10-й гадавіны 9/11. “У Беларусі тэракты не паўторацца, а тэрарысты заслугоўваюць сьмерці”. Апытаньні на вуліцах беларускіх гарадоў

Меркаваньні гісторыкаў пра карані беларускага тэрарызму. Беларускія турмы: гісторыя і сучаснасьць

Як утрымліваюць тэрарыста Брэйвіка ў Нарвэгіі і сьмяротнікаў у Беларусі. Турма і здароўе


Зваротная сувязь


Нам можна напісаць на адрас: 220005, Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 2 663952.

Вакол справы Мамедава


Калёнія №5 у Івацэвічах
Падставай, каб адзін з асуджаных Івацэвіцкай калёніі патэлефанаваў да нас у праграму, стала гісторыя са зьбіцьцём зьняволенага Раміза Мамедава. Пра тое, што сына і яго сукамэрнікаў зьбілі, паведаміла ў інфармацыйна-асьветніцкую ўстанову "Плятформа" маці Мамедава. Як заявіў журналістам кіраўнік "Плятформы" Андрэй Бандарэнка, у самой калёніі абверглі інфармацыю і сказалі, што яна не адпавядае рэчаіснасьці. Абвяржэньне дала і абласная пракуратура ў Берасьці. Паводле Андрэя Бандарэнкі, "Плятформа" цяпер рыхтуе чарговы зварот у Генэральную пракуратуру, каб гэты выпадак быў расьсьледаваны дэталёва.

Тым часам вязень з Івацэвічаў распавёў у сваім тэлефанаваньні, што пра расьсьледаваньне справы Мамедава ён ды іншыя сядзельцы даведаліся з газэты "Новы час", якая паступае ў калёнію.

"Калі я дайшоў да месца ў артыкуле, дзе кіраўніцтва калёніі спрабуе адмаўляць факт, які ведае тут кожны, і зачытаў яго ўголас, усе ў атрадзе дружна сьмяяліся. Усе ведаюць, як было насамрэч. За пашкоджаную відэакамэру назіраньня ў штрафным памяшканьні — ПКТ № 2, якую турэмнікі ўсталявалі акурат над парашай, былі жорстка зьбітыя асуджаныя гэтай камэры. Больш за ўсё дасталося Мамедаву. Яму супрацоўнікі калёніі зламалі ключыцу, і зьбітага зьняволенага прыйшлося тэрмінова везьці на волю ў гарадзкую лякарню. Неўзабаве пасьля гэтага яго з такой траўмай этапавалі ў СІЗА чакаць новага прысуду. Астатнія асуджаныя, відавочцы гэтага зьбіцьця, засталіся адбываць пакараньне ў ПКТ.

У такой сытуацыі адміністрацыя калёніі, якая адмаўляе факт, больш падобная да мышэй, якія нарабілі шкоды, чым на афіцэраў унутранай службы, а Генэральная пракуратура замест ведамства, якое мусіць знаходзіцца на варце Закону, выглядае дэкаратыўным органам".


Такі быў званок на аўтаадказьнік "Свабоды". Аўдыё і тэкст гэтага тэлефанаваньня перадрукавалі іншыя СМІ. На публікацыі адгукнулася шмат чытачоў, сярод якіх і прадстаўнікі праваахоўнай сыстэмы. Яны лічаць, што Мамедаў — жорсткі і небясьпечны злачынца, чые рукі ў крыві, і таму ён заслугоўвае такога абыходжаньня з боку турэмнікаў.

Міліцыянты лічаць Мамедава пачварай, адвакаты ды блізкія – бязьвінна асуджаным

Былы міліцыянт напісаў так:

"Мамедаў — рэдкая пачвара. Памятаю яго. Месца яму на Нёмне, у крытай гарадзенскай турме, куды ён цяпер, напэўна, і будзе накіраваны".

Зьвернемся да інфармацыі паводле матэрыялаў крымінальнай справы зьбітага асуджанага, якую “Свабода ў турмах” атрымала ад кіраўніка "Плятформы" Андрэя Бандарэнкі.

Андрэй Бандарэнка
"Раміз Мамедаў, 1985 году нараджэньня, асуджаны другі раз. Першы прысуд, за крадзеж па малалетцы, адбыў да спаўненьня 18 гадоў.

У верасьні 2003 году суд у горадзе Ліда прызнаў Мамедава вінаватым у асабліва жорсткім забойстве ўласнай сястры і прысудзіў 24 гады і 1 месяц турэмнага зьняволеньня . Супраць такога прысуду выступілі маці абвінавачанага і бабуля, якая праходзіць у справе забойства ўнучкі як пацярпелая, а таксама ўсе, хто яго добра ведаў. Сам Мамедаў сваёй віны не прызнаў. Паводле адвакатаў і праваабаронцаў, у ягонай крымінальнай справе ёсьць усе ўскосныя доказы таго, што прызнаньні ў Мамедава выбівалі празь фізычны і псыхічны гвалт. Да матэрыялаў сьледзтва прыкладаюцца карты выкліку брыгад мэдычнай дапамогі ў Лідзкі СІЗА.

Справа Мамедава пераглядалася неаднойчы. Вырак адмянялі і матэрыялы накіроўвалі на дасьледаваньне ў Ліду, але мясцовы суд пакідаў вырак бязь зьменаў.

Сёлета 5 ліпеня вырак быў адменены Калегіяй вярхоўнага суду, а 26 ліпеня Мамедава зьбілі ў ПКТ Івацэвіцкай калёніі. Асуджанаму як "штрафніку"пагражае новы прысуд з далейшым адбыцьцём пакараньня ў Гарадзенскай крытай турме".

“Турэмны парадак не павінны парушаць ні той, хто адбывае тэрмін, ні той, хто за асуджанымі назірае”

Аршанец Юры Канышка так камэнтуе гісторыю Мамедава:

"Калі Раміз жорсткі злачынца-забойца, то я яго асуджаю, калі невінаваты — посьпехаў яму ў справядлівым расьсьледаваньні. У любым выпадку, парадак у гэтай установе не павінны парушаць ні тыя, хто адбывае тэрмін, ні тыя, хто за асуджанымі назірае. Трэба браць лепшае з усясьветнага досьведу, а ў нас — усё, як было 70—80 гадоў таму. Нічога не мяняецца. Прыкладаў, калі чалавек дарма адседзеў 9 гадоў і толькі потым даказалі, што ён не вінаваты, вельмі шмат. Як і прыкладаў, калі тыя, хто незаконна асудзіў чалавека, за 9 гадоў рабілі кар’еру, станавіліся генэраламі і вельмі паважанымі людзьмі з мноствам узнагарод. Тое ж можна сказаць і пра пракурораў, судзьдзяў. Чаму мы дрэнна жывем? Няма павагі да Закону ня толькі ў гэтых установах. А наш "самы галоўны" баіцца законаў больш як агню. Вось і ўся краіна робіцца такой жа.

Мой прыяцель нядаўна сустрэў чалавека, які сядзеў у Шклоўскай калёніі, і той узгадаў адну вядомую асобу, якую кожны дзень усе бачаць у тэлевізары. Аказваецца, у гэтай калёніі той чалавек служыў намесьнікам начальніка адной са структураў. Усе лічылі яго страшным чалавекам. Вы маглі здагадацца, што гэта быў наш самы галоўны".


І яшчэ адзін допіс. Яго даслаў у праграму былы вязень Сяргей:

"Пра катаваньні, якія зьдзяйсьняюць беларускія вартаўнікі Закону, можна пісаць кнігі. Самыя вышуканыя — гэта калі трэба на чалавека навесіць нераскрытае забойства ці сэрыю забойстваў. Біцьцё нагамі па галаве — гэта дзіцячае лепятаньне, таксама як і пальцы ў дзьверы. Апошняе — наагул учорашні дзень. Вельмі эфэктыўны, напрыклад, прыём — так званы "слонік". Гэта калі на чалавека надзяюць адгазьнік і перакрываюць кісларод. Тут ужо пагодзісься нават і на расстрэльны артыкул. Вядома, ня ўсе пагаджаюцца. Адзінкі выстойваюць. Няцяжка сабе ўявіць, што стаіць за прызнаньнем тых хлопцаў, якіх цяпер абвінавачваюць у тэрарызьме. Вельмі прыцягнутымі выглядаюць гэтыя абвінавачваньні".

Да 10-годзьдзя 9/11


Ці паўторацца тэракты ў Беларусі і як караць тэрарыстаў?

11 верасьня спаўняецца 10 гадоў сэрыі чатырох каардынаваных самагубных тэрарыстычных нападаў у ЗША, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай "9/11". Ахвярамі тых нападаў сталі 2974 пераважна цывільныя жыхары. Таксама загінулі 19 тэрарыстаў.

Сёлета Эўропу шакавалі два тэракты, якія здарыліся ў Беларусі і Нарвэгіі, краінах, якія маюць рэпутацыю "ціхіх і мірных".

Абвінавачаныя ў тэракце ў менскім мэтро. Архіўны здымак
Ад выбуху 11 красавіка ў Менскім мэтро на месцы загінулі 11 чалавек, 4 памерлі ў шпіталях. 15 верасьня ў беларускай сталіцы пачнецца адкрыты судовы працэс над падазраванымі ў гэтым тэракце — Дзьмітрыем Канавалавым і Ўладзіславам Кавалёвым.

Чакае судовага працэсу і нарвэскі тэрарыст Андэрс Брэйвік. 22 ліпеня ён учыніў два тэракты, ад якіх загінулі 77 чалавек.

Міжнароднае права кваліфікуе тэрарызм як мэтанакіраваныя, загадзя сплянаваныя гвалтоўныя злачынныя дзеяньні або пагрозу іх выкарыстаньня дзеля дасягненьня пэўных мэтаў, якія спараджаюць у грамадзтве страх, няўпэўненасьць людзей у сваім жыцьці ды жыцьці блізкіх.

Ці застрахаваныя жыхары Беларусі надалей ад такога злачынства, як тэрарызм? Ці заслугоўваюць беларускія абвінавачаныя ў тэрарызьме такога пакараньня, як у Нарвэгіі, ці такога, як у ЗША? На гэтыя пытаньні нашым карэспандэнтам адказвалі жыхары Магілёва і Горадні.

Як паказалі апытаньні, большасьць магілёўцаў спадзяюцца на добрую працу спэцслужбаў, якія раскрыюць любыя злачынствы, і на тое, што дзяржава больш не дапусьціць падобных трагедыяў. Тым часам большасьць апытаных гарадзенцаў выступаюць за сьмяротнае пакараньне тэрарыстаў. Пры адной умове. Калі злачынцы — сапраўды Канавалаў ды Кавалёў.

Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць


Сёньня мы зь непаразуменьнем задумваемся: адкуль у Беларусь прыйшоў тэрарызм? Але для гісторыкаў ніякага сакрэту няма. Ім добра вядома, што гэтая небясьпечная зьява мае даўнія карані ў тутэйшай глебе.

Беларускія карані тэрарызму

Пасьля таго, як у Расейскай імпэрыі была задушана рэвалюцыя 1905 году, разгарнуўся рэвалюцыйны тэрор. Ленін яшчэ ў тым жа 1905-м зазначаў, што масава пачалося "забойства шпіёнаў, паліцыянтаў, жандараў, падрывы пастарункаў, вызваленьне арыштаваных". Мы закранем толькі беларускую сытуацыю. Тэму працягвае Сяргей Астраўцоў.

Турмы перапоўненыя «бамбістамі»

Многія партыі, якія дзейнічалі ў Беларусі на пачатку мінулага стагодзьдзя, стварылі свае баявыя групы: ад ППС да РСДРП і Бунду. Практыку збройнага змаганьня падтрымала нават нешматлікая БСГ. Ухвальным вершам адгукнулася Алаіза Пашкевіч, паэтка родам з Гарадзеншчыны:

Алаіза Пашкевіч (Цётка)
Кладуць сеткi, каскi, бляхi,
Найбольш страшаць — гэта ляхi:
Цiха колюць, цэльна стрэлюць,
Так, як жыта, чарцей мелюць.
Народ чуе голас зь неба,
Што свабоды яму трэба.


У Віцебскай губэрні ў 1905—1906 гадах былі забітыя сем паліцыянтаў і жандараў, пятнаццаць — параненыя. З 12 сакавіка 1906 году да 6 жніўня наступнага ў Гарадзенскай губэрні — дзесяць забітых, трынаццаць параненых. Тэракты здараліся паўсюль: у Віленскай, Менскай, Магілёўскай губэрнях. Лік забітых паліцыянтаў ішоў на дзясяткі. Стралялі і кідалі бомбы нават у губэрнатараў, праўда, няўдала. У той час у Беларусі, як і ва ўсёй Расейскай імпэрыі, турмы былі перапоўненыя “бамбістамі”.

Чым быў рэвалюцыйны тэрор, як яго ацэньваць з пазыцый сёньняшняга дня?

Доктар гістарычных навук, прафэсар Алесь Смалянчук з Горадні:

Алесь Смалянчук
"Тут трэба адрозьніваць сытуацыю мірнага часу і сытуацыю той жа рэвалюцыі. Рэвалюцыя — гэта амаль што грамадзянская вайна. Калі ідзе вайна, ці можа быць на вайне тэрарызм? Ёсьць такая праблема. А ўвогуле трэба прызнаць, што шлях тэрарызму, калі нават бачыць яго абгрунтаваньне ў той расейскай палітыцы, у якой не было ніякай свабоды палітычнай, ніякай дэмакратыі, ён, гэты тэрарызм, прывёў да іншай рэвалюцыі, да дыктатуры бальшавікоў, да кровапраліцьця, якое адбылося ў часы Сталіна".

Фактычна рэвалюцыйны тэрарызм падрыхтаваў жахлівыя часы савецкага тэрору, падкрэсьлівае прафэсар Смалянчук. Ён таксама нагадвае пра ранейшыя часы, пра забойства Ігнатам Грынявіцкім цара Аляксандра ІІ, якое прынесла адмоўныя вынікі: цар якраз зьбіраўся падпісаць і ўвесьці ў Расеі канстытуцыю.
Тэракт Ігната Грынявіцкага

Смалянчук: "Гэта шлях змаганьня, але такі, які вядзе ў нікуды, які вядзе да крыві, да дыктатуры. Але гэта, безумоўна, частка нашай гісторыі. Тым больш, калі не памыляюся, той Азэф, адзін зь вядомых тэрарыстаў, правакатараў, ён паходжаньня гарадзенскага. Тут абсалютна гарадзенскія карані можна заўважыць".

Царскі тэрор супраць рэвалюцыйнага

Пятро Сталыпін
Супраць хвалі рэвалюцыйнага тэрору пачаў рашуча змагацца Пятро Сталыпін, спачатку міністар унутраных спраў царскага ўраду, затым — прэм’ер-міністар. Таксама кароткі час Сталыпін займаў пасаду гарадзенскага губэрнатара. Царскі прэм’ер падпісаў указ аб стварэньні ў мірны час ваенна-палявых судоў, якія адразу распачалі працу. За 1906—1907 гады былі пакараныя сьмерцю тысячы чалавек. Аднак пазьней ахвярай тэракту стаў сам Сталыпін.

Смалянчук: "А што да Сталыпіна, то можна гаварыць так: тое, што ён рабіў, яму самому адгукнулася. Таму што ён фактычна ўвёў элемэнты дзяржаўнага тэрору, ваенна-палявыя суды, дзе дваццаць чатыры гадзіны праходзіла ад асуджэньня да пакараньня, і гэтыя "сталыпінскія гальштукі". То не магло ўсё гэта прайсьці беспакарана ў той сытуацыі, калі ішла, па сутнасьці, сапраўдная вайна. Дарэчы, яшчэ адзін цікавы момант: сёньня вядома, што да разьвязваньня тэрору прычынілася "ахранка", трэцяе аддзяленьне, таму што вельмі часта якраз зь іхняй наводкі ствараліся радыкальныя рэвалюцыйныя арганізацыі, каб выкрываць радыкальныя элемэнты і зьнішчаць. У нейкі момант гэта выйшла з-пад кантролю".

Так, карані рэвалюцыйнага тэрору ёсьць і ў Беларусі, але ён выкліканы быў палітыкай нацыянальнага ўціску на ўскраінах Расейскай імпэрыі, падкрэсьлівае гісторык Алесь Смалянчук:

"Тэрарызм, ён вырастаў проста з сытуацыі гэтага агульнага рабства і прыгнёту. Не было папросту іншай магчымасьці змагацца, і пачалося такое вось змаганьне. І Сталыпін тут прычыніўся дваякім чынам, можна сказаць. З аднаго боку, ён разьвязаў антырэвалюцыйны тэрор, а з другога, ён найбольш поўна ўвасабляў Расейскую імпэрыю".

У Горадні ўшануюць ахвяру тэрарызму Сталыпіна

Абласныя ўлады ў Горадні вырашылі павесіць мэмарыяльную шыльду Пятру Сталыпіну, які і году ня быў на пасадзе гарадзенскага губэрнатара. У верасьні спаўняецца сто гадоў, як ён загінуў ад кулі тэрарыста. Гэта здарылася ў тэатры ў Кіеве, дзе прысутнічаў таксама цар Мікалай ІІ. Якія пачуцьці выклікае такое рашэньне ўладаў у гісторыка Смаленчука?
Былы губэрнатарскі палац у Горадні, на якім мяркуюць павесіць памятную шыльду Сталыпіну

Смалянчук: "Пачуцьці моцнага абурэньня. Таму што, каб у Рэспубліцы Беларусь была сапраўды беларуская ўлада, якая думала б пра інтарэсы гэтай зямлі і мела гістарычную памяць адпаведную, то ніколі такой шыльды не павесілі б. Я разумею: Сталыпін — вядомая палітычная постаць, якая мела пэўны час дачыненьне да нашага гораду, выконваючы абавязкі губэрнатара. Але зь ім зьвязаны ня толькі тэрор, разьвязаны падчас рэвалюцыі, але яшчэ і палітыка русыфікацыі, дэпалянізацыі, забарона дзейнасьці каталіцкага касьцёлу, усё гэта зьвязана таксама зь ім. Гэта чалавек, які ўмацоўваў імпэрыю на беларускіх землях, вынішчаючы пры гэтым асаблівасьці, адметнасьці беларуска-літоўскага краю".

Уладзімер Хільмановіч, журналіст з Горадні, мае гістарычную адукацыю. Тое, што Пятро Сталыпін быў забіты тэрарыстам, — гістарычны факт. Ці можа гэта рабіць яго героем у вачах гарадзенцаў?

Уладізмер Хільмановіч
Хільмановіч: "Я мяркую, што з памятнай дошкай Сталыпіну ўсё прасьцей. У тым сэнсе, што для Беларусі гэтая асоба — тыповы прадстаўнік расейскай каляніяльнай адміністрацыі. Калі разважаць з гледзішча расейскага, то, магчыма, яго меры, рэформы мелі станоўчы плён для разьвіцьця гэтай дзяржавы, Расейскай імпэрыі. Калі разглядаць з пункту гледжаньня нашай эўрапейскай Горадні, то ён быў, можа, крыху лепшы, чым іншыя губэрнатары, а можа, крыху горшы, і нельга вылучаць менавіта Сталыпіна. Тым больш забіты ён быў не на беларускай зямлі, а ў Кіеве. Я думаю, няма сэнсу ўвекапомніваць Сталыпіна толькі праз тое, што ён ахвяра тэракту. Ён быў прысланы сюды вядома зь якой мэтаю. Я думаю, у беларускай інтэлігенцыі, гісторыкаў гэта выкліча адмоўную рэакцыю, я ў гэтым перакананы".

А што думае гарадзенец Уладзімер Хільмановіч пра гістарычныя карані рэвалюцыйнага тэрору ў Беларусі?

Хільмановіч: "Я ня думаю, што можна гаварыць пра нейкую традыцыю. Усё ж такі гэтыя тэрарыстычныя акты — зьява ганебная, і нават тыя тэракты, якія мелі нейкую ідэалёгію, скіраваную на вызваленьне народу, як у выпадку з Грынявіцкім, усё роўна яны мелі трагічны характар. Ахвярамі рабіліся і тыя, хто задумаў тэракт, і тыя, супраць каго ён быў скіраваны, і зусім нявінныя людзі. Гэта зьява ненатуральная — памкненьне да такіх выбухаў, да масавага забойства людзей, зь непрадказальным зыходам абсалютна. Але заўсёды знаходзяцца такія людзі. Мы бачым нават у Нарвэгіі жахлівы тэракт. У сёньняшнім сьвеце верагоднасьць тэрактаў нашмат большая, у сеціве можна знайсьці і нейкую ідэалёгію, і парады, як вырабляць выбухоўку".

Журналіст, гісторык Уладзімер Хільмановіч прызнаецца, што сёлетні тэракт у менскім мэтро пакуль што ня можа не выклікаць дваякіх пачуцьцяў:

"А тое, што адбылося ў Беларусі, цяжка пакуль да канца кваліфікаваць: сапраўды гэта быў тэракт ці штосьці іншае? Слаба пакуль што верыцца ў абсалютную доказную базу, што будзе прадстаўленая на судзе. Заўсёды застануцца нейкія сумневы. Цяжка сказаць. Відаць, калі сапраўды гэтыя людзі зьдзейсьнілі гэты тэракт, наўрад ці імі кіравала ідэалёгія — гэта, хутчэй за ўсё, адхіленьні ў псыхіцы. Ня думаю, што яны плянавалі гэта з ідэйных меркаваньняў, калі ўсё так, як падаецца на сёньняшні дзень".

Турма і здароўе


Беларусь — адзіная ў Эўропе краіна, дзе, гэтаксама як і на іншых кантынэнтах, у прыватнасьці ў ЗША, за тэрарызм, а таксама найбольш жорсткія забойствы прадугледжанае пакараньне сьмерцю. Жорсткім лічыцца і турэмнае ўтрыманьне гэтых асуджаных.

Тым часам у адпаведнасьці зь міжнароднымі пагадненьнямі ў галіне правоў чалавека ўтрыманьне гэтых злачынцаў павінна адпавядаць Мінімальным стандартным прынцыпам ААН па абыходжаньні са зьняволенымі.

Брэйвіка ўтрымліваюць у колішнім нацысцкім канцлягеры

Пра тое, у якіх умовах утрымліваецца пад Осла, у самай жорсткай нарвэскай турме Іла, пераабсталяванай з колішняга нацысцкага канцлягеру Брэдвэйт, Андэрс Брэйвік, распавёў журналістам ВВС яго адвакат Гір Ліпэстэд. Нагадаем, што ў якасьці максымальнага пакараньня, якое могуць прысудзіць Брэйвіку, папярэдне называюць ад 21 да 30 гадоў турэмнага зьняволеньня.

Паводле адваката Ліпэстэда, ад 19 жніўня яго падабаронны згодна з рашэньнем суду мусіць цягам сама меней 4-х тыдняў знаходзіцца ў так званай ізаляцыі. Гэта значыць — яму забароненыя любыя кантакты са зьняволенымі ды сямейнікамі. Яшчэ Брэйвік пазбаўлены перапіскі.
Як кажа Ліпэстэд, "знаходжаньне ў ізаляцыі аказалася для Брэйвіка цяжэйшым, чым ён чакаў".

Адвакат тэрарыста таксама адзначае, што дазволена яго падабароннаму:

Гір Ліпэстэд
Ліпэстэд: "Ён чытае кнігі, глядзіць звычайныя сямейныя фільмы. У яго ёсьць доступ да не падключанага да інтэрнэту кампутара. Ён размаўляе са сваім адвакатам, мае права гаварыць са сьвятаром, вядома, есьць. І, вядома, бывае кожны дзень на сьвежым паветры. За ім вельмі пільна назіраюць, але ў камэры няма ахоўніка. Я магу размаўляць зь ім так доўга, як лічу патрэбным. За гэты час я сустракаўся зь ім прыкладна 15 разоў".

Карэспандэнт: "Пасьля 15 сустрэч з Брэйвікам якое ў вас склалася ўражаньне ад яго? Што ён за чалавек? Ці няўстойлівы ён псыхічна?".

Адвакат Брэйвіка Ліпэстэд выходзіць з турмы Іла пасьля наведаньня кліента
Ліпэстэд: "Ці здаровы чалавек псыхічна — гэта не мая праца. Давайце пачакаем заключэньня па выніках мэдычнай экспэртызы. Я б сказаў, што ён жыве ў сваім уласным сьвеце, у свайго роду бурбалцы. Гэта маё меркаваньне, і я не магу сказаць нічога больш пра гэта. Я не магу сказаць, што ён выяўляе прыкметы жалю. Ён ведае, што людзі ў Нарвэгіі глядзяць на яго як на дэмана, але ён таксама кажа, што чакаў гэтага. Ён кажа, што калі гэтага не рабіць, то Эўропе прыйдзе канец і што гадоў праз 60 людзі зразумеюць яго ўчынак і зьменяць сваё стаўленьне да яго".

Карэспандэнт: "Як вы адрэагавалі, калі вам прапанавалі стаць на бок абароны ў гэтай справе?".

Ліпэстэд: "Зразумела, гэта быў цяжкі выбар, было вельмі цяжка сказаць "так". Але я лічу, што так мы цэнім дэмакратычныя прынцыпы. Праз пару дзён шмат хто ў Нарвэгіі зразумеў гэта, хоць і ня ўсе".

“Пагадзіцца на расстрэльны артыкул могуць прымусіць нават падчас затрыманьня”

Колішні зьняволены С. зь Пінску мае, як ён кажа, падставы сьцьвярджаць, што дзеля таго, каб атрымаць прызнаньне ў забойстве, міліцыянты могуць зьдзекавацца нават з тых, хто толькі затрыманы (не арыштаваны) па падазрэньні ў забойстве.

У інтэрвію праграме пінчук паведаў пра выпадак зь сябрам Леанідам Міхнікевічам, які памёр летась.

Спачатку кароткая гісторыя затрыманьня Леаніда.

Пры канцы 1990-х на Берасьцейшчыне былі ўчыненыя тры жорсткія забойствы: у двух выпадках забілі таксістаў, а ў трэцім — супрацоўніка аўтазапраўкі. Аднаго забойцу, непаўналетняга Б., знайшлі адразу. Два іншыя злачынствы заставаліся нераскрытымі. У Менску патрабавалі раскрыцьця, і берасьцейскія падначаленыя вырашылі зрабіць гучную справу аб сэрыйным забойстве. Пад падазрэньне трапіў пінчук Леанід Міхнікевіч. Яго затрымалі і зьмясьцілі ў Кобрынскі ізалятар часовага ўтрыманьня. Браць віну на сябе Леанід не захацеў, нягледзячы на ўсю жорсткасьць допытаў. Тады адпаведных паказаньняў вырашылі дамагчыся ад Б.

С.: "Я ўбачыў яго пасьля таго, як яго выпусьцілі. Ён быў настолькі моцна зьбіты, што нават ня мог расшпіліць сабе прарэху. Ён расказаў мне, што там было. Прыехала туды брыгада зь Берасьця, хоць падключалі і мясцовых, аднак у асноўным працавалі абласныя. Спаць увогуле не давалі. Уключалі на поўную моц музыку — гэта ўдзень, а ўначы выводзілі на допыты і падчас іх сьвяцілі ліхтаром у вочы. Акрамя таго, бралі лом або чаранок ад лапаты, зашпілялі кайданкі, а лом прасоўвалі паміж нагамі, дзе калені і дзе локці. Атрымлівалася так, што чалавек вісіць сьпінай уніз. Білі так, што перакручваўся вакол лому, расказваў Лёня. Малалетку прыкладна такім жа чынам прымушалі даць паказаньні супраць Лёні. Зразумела, той іх даў. Але выйшла так, што за дзень перад тым, як ім мусілі выносіць прысуды, яны трапілі ў суседнія камэры. Перагародка там тонкая, і яны ўсю ноч прагаварылі. Лёня сказаў яму: "Я разумею цябе, аднак цяпер мне за нішто сьвеціць сьмяротнае".

Раніцай прыехалі кіраўнікі зь Менску, Берасьця, пракуратуры, МУС, а таксама адвакаты, каб зафіксаваць паказаньні гэтага непаўналеткі і каб потым рапартаваць, што раскрытыя сэрыйныя забойствы. Аднак нечакана ў малалеткі пачалася гістэрыка, ён пачаў плакаць і расказваць, што яго дзеля гэтых паказаньняў зьбівалі і амаль забівалі. Хлопцу выклікалі лекара, потым яму далі 10 гадоў, а Лёню выпусьцілі. Празь некалькі год ён паказаў мне маленькую нататку ў газэце, што міліцыя ўсё ж знайшла сапраўднага забойцу.

Ня ведаю, але, здаецца, ён гады два пасьля таго затрыманьня меў праблемы з нагамі і рукамі. На руках у яго ўвогуле пераціснулі ўсе сухажыльлі. Па сутнасьці, зь яго зрабілі інваліда на ўсё жыцьцё. Тых сьледчых потым неяк пакаралі. Здаецца, звольнілі з працы.

А потым ужо я знаходзіўся пад сьледзтвам, менавіта ў Кобрыне. Там быў суд, на якім мяне апраўдалі. Аднойчы да мяне ў склеп прыйшоў начальнік мясцовага крымінальнага вышуку Магуйлаў і сказаў: "Ты пінскі, а таму мусіш ведаць Лёню Міхнікевіча. Перадай яму прывітаньне. Я такіх моцных людзей у сваім жыцьці не сустракаў. Чаго зь ім тут толькі ні рабілі! Перадай яму словы маёй павагі".

Утрыманьне сьмяротнікаў на “Валадарцы”

А цяпер пра ўмовы ўтрыманьня беларускіх сьмяротнікаў. Абвінавачаныя ў самых злосных крымінальных артыкулах сядзяць на "Валадарцы". Пасьля вынясеньня судом сьмяротнага прысуду на асуджанага надзяюць кайданкі. Адразу ўзмацняецца ахова і ізаляцыя. Цяпер кайданкі здымаюць толькі ў камэры, пасьля таго, як з судовага будынку такога вязьня прывозяць назад у СІЗА. На яго таксама апранаюць адмысловую робу.

Камэры для сьмяротнікаў маленькія, разьлічаныя на два чалавекі, знаходзяцца ў старым корпусе "Валадаркі", у так званым спэцкалідоры.

У свой час у тым спэцкалідоры апынуўся і наш актыўны карэспандэнт Зьміцер Каляда, які сёлета вызваліўся з івацэвіцкай калёніі.

Зьміцер Каляда
Каляда: "Я сутыкаўся з пажыцьцёвымі зьняволенымі — іх яшчэ называюць "пэзэшнікамі" — і са сьмяротнікамі ў 2002 годзе, калі сядзеў у СІЗА на "Валадарцы". Тады адміністрацыя практыкавала наступнае: парушальнікаў або тых, хто не даспадобы, пераводзілі на нейкі час са звычайных камэр у спэцкалідор, на ўчастак, дзе ўтрымліваліся сьмяротнікі і "пэзэшнікі". Гэта склеп, там, памятаю, здаецца, 13 камэр, з 5-й па 18-ю. Я быў у камэрах 5, 6 і 9. Мяне кідалі ў спэцкалідор двойчы. Адзін раз да прысуду, а другі раз пасьля. Якраз калі ў спэцкалідоры была галадоўка. Людзі галадавалі з-за так званых "наморднікаў", тых шматлікіх сетак на вокнах, з-за якіх цяжка дыхаць, асабліва калі горача. Такія "наморднікі" быццам бы не даюць усталёўваць кантакт зь іншымі камэрамі. Яшчэ адно адрозьненьне камэр сьмяротнікаў ад звычайных — дадатковыя замкі.

Менская "Валадарка"
Калі мяне пераводзілі ў спэцкалідор, я якраз атрымаў харчовую перадачу ад бацькоў. Міліцыянты нічога проста так ня робяць. Мабыць, вырашылі, што, убачыўшы ежу, людзі спыняць галадоўку. Але я, калі падышоў да камэры, пакінуў сваю торбу за дзьвярыма. А ў камэры далучыўся да астатніх.

Седзячы ў тым калідоры, пачынаеш усьведамляць, наколькі тонкая мяжа паміж жыцьцём і сьмерцю. Мы знаходзілі магчымасьці, каб перадаваць сьмяротнікам і пэзэшнікам тытунь, гарбату, цукеркі. Калі не маглі перадаць праз свае каналы, дык прасілі дзяжурнага. Часам трапляліся чалавечныя турэмшчыкі — яны перадавалі.

Мы чулі, калі каго зь іх выводзілі. Па начах, каб ніхто ня бачыў. Гэта мог быць апошні шлях чалавека. Такое практыкавалася па серадах. Адзін раз сьмяротнік перадаў нам ліст-споведзь, у якім апісаў сваё жыцьцё і паспрабаваў асэнсаваць яго. Самае жудаснае ў ім — усьведамленьне і пастаянныя думкі, што яго ў любую хвіліну ня будзе. Вось так я сутыкнуўся з гэтым бокам турэмнага жыцьця".

За час ўтрыманьня ў СІЗА сьмяротнікі ператвараюцца ў робатаў

Паводле сьведчаньняў некаторых адвакатаў, уначы ажыцьцяўляюцца і ўсе іншыя перамяшчэньні сьмяротнікаў. Напрыклад, да адваката ці ў лазьню. Канваіры прыдумляюць розныя спосабы перамяшчэньня па турме: то на кукішках, то нізка нахіліўшыся, задраўшы за сьпінай рукі ўгору, шырокім бакавым крокам.

Дзьмітрыя Хархаля трымалі ў камэры сьмяротнікаў на працягу аднаго году, пакуль у чэрвені 2003-га яго сьмяротны прысуд ня быў заменены 15 гадамі пазбаўленьня волі. Некалькі гадоў таму яго паказаньні аб утрыманьні ў камэры на "Валадарцы" трапілі, дзякуючы адвакатам і праваабаронцам, у друк:

"Мяне часта зьбівалі турэмныя ахоўнікі, наносячы ўдары па галаве, хрыбце, жываце і геніталіях, і пасьля кожнага такога ўдару прымушалі казаць: "Вялікі дзякуй". Мой адвакат сам бачыў, як мяне часам выводзілі з камэры і прымушалі паўзком дабірацца да ваннага пакою, аднак памыцца пры гэтым не дазвалялі. Таксама мне не дазвалялі чытаць кнігі, а турэмная адміністрацыя прапускала толькі частку маіх лістоў да маці ды частку скаргаў у афіцыйныя інстанцыі".

Са словаў вязьня, ужо за некалькі тыдняў такога ўтрыманьня многія сьмяротнікі ператвараліся практычна ў робатаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG