Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: адменена пастанова суду на пакараньне праваабаронцы арыштам


Анатоль Паплаўны
Анатоль Паплаўны
Сёньня Гомельскі абласны суд адмяніў пастанову судзьдзі Цэнтральнага раёну Алены Цалковай пра пакараньне праваабаронцы Анатоля Паплаўнага 15 суткамі арышту нібыта за лаянку пасьля маўклівай акцыі пратэсту. Адміністрацыйная справа ў дачыненьні Паплаўнага накіравана ў раённы суд на новы разгляд.

Пры агалошваньні пастановы на адмену абласны судзьдзя Васіль Бягун зьвярнуў увагу на відавочныя супярэчнасьці ў міліцэйскім пратаколе, які знаходзіцца ў справе, і копіі яго, выдадзенай на рукі спадару Паплаўнаму.

Паплаўны: "Столькі супярэчнасьцяў у пратаколе, складзеным капітанам міліцыі Зурам з Цэнтральнага РАУСу, што толькі дзіву даесься, як можна так абвінавачваць чалавека. У маёй копіі нават сьведкі не пазначаныя, якіх, дарэчы, і не было падчас майго затрыманьня й складаньня пратаколу. Затое прозьвішчы сьведак былі дапісаныя ў асобніку, што перададзены ў Цэнтральны суд. У міліцыі проста сфальшавалі пратакол".

Анатоля Паплаўнага, як і дзясятак іншых мінакоў, міліцыянты схапілі 3 ліпеня пасьля маўклівай акцыі салідарнасьці, якая адбылася на прыпынку грамадзкага транспарту "Плошча Леніна".

На наступны дзень яго й іншых затрыманых пакаралі ў судзе Цэнтральнага раёну арыштам нібыта за лаянку. Спадар Паплаўны выказаў тады меркаваньне, што міліцыянтам не спадабалася ня толькі тое, што ён рабіў фатаздымкі беспадстаўнага затрыманьня пратэстантаў, але й ягоная беларускамоўная гутарка.

Супраць праваабаронцы сьведчыў і камандзір узводу палку патрульна-паставой службы міліцыі, маёр Юры Грыцкоў. Гэта яму Анатоль Паплаўны сказаў у зале раённага суду: "Паглядзіце мне ў вочы! Як вам ня сорамна — ні перад Богам, ні перад судзьдзёй? Гэта ж трэба так хлусіць! Адкуль жа тады будзе давер да міліцыі? На вашым баку фізычная перавага, на маім — маральная!".

Гомельскі грамадзкі актывіст Леанід Судаленка, які прысутнічаў сёньня ў абласным судзе, лічыць, што фальшаваньне абвінаваўчых пратаколаў супраць "маўклівых рэвалюцыянэраў" і наагул апазыцыйна настроеных людзей стала ўжо звычайнай практыкай у дзеяньнях сілавых структураў:

Леанід Судаленка

"Пратакол, які склалі супрацоўнікі міліцыі на Анатоля Паплаўнага, сьведчыць пра тое, што ў краіне дзейнічае сыстэма хапуну супраць людзей, якія пратэстуюць. Міліцыянты, відаць, упэўненыя: што б яны ні напісалі, чалавека ўсё адно пакараюць — арыштуюць альбо дадуць буйны штраф".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG