Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За распаўсюд беларускіх кніг — у суд


Алесь Яўдаха, супрацоўнік выдавецтва "Логвінаў". Фота "Наша Ніва"
Алесь Яўдаха, супрацоўнік выдавецтва "Логвінаў". Фота "Наша Ніва"
У судзе Кастрычніцкага раёну Менску распачаўся разгляд крымінальнай справы супраць заснавальніка беларускамоўнага інтэрнэт-сэрвісу "Кнігі поштай" Алеся Яўдахі. Яго вінавацяць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці за тое, што дапамагаў людзям набываць беларускія кнігі.

Алесь Яўдаха дасылаў праз пошту кнігі вядомых беларускіх аўтараў: Васіля Быкава, Уладзімера Арлова, Міколы Ермаловіча, Рыгора Барадуліна і многіх іншых, якія людзі не маглі набыць у дзяржаўных крамах. Пракуратура ў гэтым угледзела незаконнае прадпрымальніцтва і зьвярнулася ў суд. Аднак Алесь Яўдаха гэтыя абвінавачаньні не прызнае:

"Вінаватым я сябе не лічу, бо ніякай незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьцю не займаўся. Так, час ад часу дасылаў сябрам і знаёмым кнігі, але безь ніякай эканамічнай выгады. Таму спадзяюся на справядлівае рашэньне суду".
У нармальнай краіне Алесь атрымаў бы ўзнагароду ад дзяржавы за тое, што дапамагае вырашаць нацыянальныя праблемы

Паводле выстаўленага абвінавачаньня, Алесю Яўдаху пагражае ад двух гадоў абмежаваньня волі да трох гадоў турмы. Але такіх людзей, як Алесь, улады павінны былі б ня ў суд цягнуць, а заахвоціць дзяржаўнай узнагародай за тое, што ўласнымі сіламі папулярызуюць беларускае слова — гэтак пракамэнтаваў судовы працэс ягоны паплечнік Сяржук Бахун:

"Ён дапамагаў людзям, якія не маглі знайсьці беларускія кнігі. Таму я лічу, што дзяржава чарговым разам паказвае сваю антыбеларускасьць. Калі гэтая дзяржава атаясамлівае сябе толькі зь сілай, толькі з тым, каб паказаць, што толькі яна гаспадар на гэтай зямлі і можа людзей судзіць, садзіць, а не атаясамлівае сябе з абаронцай нацыянальнай культуры, мовы, адукацыі, то тут нічога дзіўнага і няма. Але ў нармальных краінах Алесь атрымаў бы найлепшыя ўзнагароды ад дзяржавы за тое, што ўласнымі сіламі дапамагае вырашаць нацыянальныя праблемы".

У судзе над Алесем Яўдахам абвешчаны перапынак да 10:00 29 ліпеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG