Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасол Расеі: Людзі маюць права пляскаць у далоні


Аляксандар Сурыкаў
Аляксандар Сурыкаў
Пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў назваў «беспределом» разгон маўклівых акцыяў пратэсту ў Беларусі. Ён таксама заявіў, што ўлада павінна быць зьмяняльнай, бо інакш «пачынаеш думаць, што ты выключны, верыць у сваю бязгрэшнасьць» і «зьяўляюцца замашкі дыктатурызму».

Спробы беларускіх уладаў разганяць акцыі маўклівага пратэсту - гэта перабор, заявіў надзвычайны і паўнамоцны пасол Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў у інтэрвію агенцтву БелаПАН.

"Такія дзеяньні беларускіх улад я не ўхваляю, - адзначыў дыплямат. - На мой погляд, любы чалавек мае права стаяць, пляскаць у далоні, не вылучаючы пры гэтым лёзунгаў, ня робячыся аратарам - таму што тады гэта будзе ўжо мітынгам і трэба дазвол уладаў на правядзеньне такой акцыі. А 20, 30, 200, 500 чалавек маюць права стаяць на плошчы, хочуць яны ў ладкі пляскаць, хочуць яны тупаць - маюць права. Галоўнае, каб не парушалі грамадзкага парадку, не перашкаджалі руху транспарту і гэтак далей".

"Наяўнасьць нязгодных з палітыкай уладаў у любой краіне - гэта аб'ектыўна, - заявіў расійскі пасол. - Адным грамадзянам не падабаюцца дзеяньні ўладаў, іншым - падабаюцца, трэція - нэўтралы. Адны прыйшлі папляскаць у ладкі, таму што ім штосьці не падабаецца, - хай іншыя прыйдуць побач пляскаць, таму што гэта ім падабаецца. Якія праблемы? Не дапускаць толькі беспарадкаў, і ўся праблема. Ва ўлады ў любым выпадку шмат спосабаў захаваць твар. А пакуль гэты рух не набыў шырокага размаху, лепш наогул менш на яго зьвяртаць увагі, а больш займацца справай для вяртаньня да ранейшага ўзроўню даходаў насельніцтва, тады і колькасьць нязгодных расьці ня будзе. Ды і гэтых можна было б пасадзіць за стол для размовы і высьветліць, чым жа яны незадаволеныя".

Сурыкаў са шкадаваньнем прывёў прыклады затрыманьня і асуджэньня ў Беларусі расейскіх грамадзян, у тым ліку тых, якія "нават ня ўдзельнічалі ў гэтых акцыях, што не парушаюць законаў". "Гэта, вядома, «беспредел», - падкрэсьліў дыплямат. - Расея заўсёды будзе абсалютна цьвёрда абараняць правы сваіх грамадзян".

Расейскі пасол таксама выказаў сваё стаўленьне да практыкі нязьменнасьці ўладаў

"Улада павінна разумна перамагаць на выбарах, - адзначыў Сурыкаў, - мець канкрэтныя тэрміны знаходжаньня на той ці іншай пасадзе, асабліва на найвышэйшых пасадах. Абмежаваньні тут проста абавязаны быць. Таму што інакш пачынаецца "прыкіпальнасьць" улады да таго ці іншага крэсла, вера ў сваю бязгрэшнасьць. Змантаваць ўмовы, каб цябе ўвесь час выбіралі, магчыма. І ты пачынаеш думаць, што ты выключны, верыць у сваю бязгрэшнасьць і паводзіш сябе адпаведным чынам. Гэта значыць зьяўляюцца замашкі дыктатурызму, які не заўсёды вядзе да разумнага разьвіцьця грамадзтва".

"Улада павінна быць зьмяняльнай, паважанай, і пасьля зьмены паважанай, калі не было відавочных злачынстваў, - дадаў Сурыкаў. - Расея знаходзіцца менавіта на такім шляху. Вы ведаеце, што ў нас Уладзімер Уладзімеравіч Пуцін два тэрміны адбыў прэзыдэнтам. Канстытуцыя яго абмяжоўвае двума тэрмінамі бесьперапыннага кіраваньня, далей ён не балятаваўся. І мы жадаем усім краінам такога ж падыходу, хай досыць складанага на першым этапе, з падборам, напрыклад, пераемнікаў... Гэта ўсё ж крыху лепш, чым нязьменнасьць падобная да той, якую назіраем у Лібіі".

"За вайсковыя аб'екты мы заплацілі на дзясяткі гадоў"

"Ніякае НАТО" не пагражае ні Беларусі, ні Расеі, заявіў надзвычайны і паўнамоцны амбасадар Расейскай Фэдэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь Аляксандр Сурыкаў у інтэрвію БелаПАН.

"І ніякім шчытом для Расеі Беларусь у дадзенай сытуацыі зьяўляцца ня можа, - працягнуў дыплямат. - Таму што ў сьвеце ёсьць больш магутная, моцная зброя, якая, калі трэба, Беларусь лёгка пералятае без усялякіх праблем".

Што тычыцца дзейных на тэрыторыі Беларусі двух расейскіх вайсковых радыёлякацыйных аб'ектаў і пэрыядычных заяваў беларускіх уладаў аб тым, што Расея ня плаціць за іх разьмяшчэньне, дык Сурыкаў падкрэсьліў: "Мы заплацілі далёка наперад. Мы ж вымушаныя былі ў свой час мільярд даляраў доўгу Беларусі проста сьпісаць, тым самым заплаціўшы і за гэтыя ваенныя базы. Калі ўзяць Чарнаморскі флёт - мы Ўкраіне за яго мільёнаў 17 даляраў плацім, дык гэта ж цэлы флёт! Але нават палічыце той мільярд на гэтую суму - атрымаецца, што мы разьлічыліся на дзясяткі гадоў наперад».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG