Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Пачобут: лепш калёнія, чым "хімія"


У Горадні чацьверты дзень працягваўся закрыты працэс над журналістам Андрэем Пачобутам. Пракурор прапанаваў зьняволіць яго на тры гады. Працяг суду — праз чатыры дні. Яшчэ ўчора адвакаты прасілі адкласьці працэс менавіта да 28-га чэрвеня.

На сёньня плянаваліся судовыя спрэчкі бакоў, аднак яны не адбыліся. Вось што патлумачыў адвакат Андрэя Пачобута Ўладзімір Кісялевіч:

"Тры гады пазбаўленьня волі папрасіў пракурор і перанёс спрэчкі на 28-га, а дзясятай гадзіне будзем працягваць. Пачобут гэта ўспрыняў станоўча, сказаў мне, што лепш, чым ісьці на "хімію" і недзе працаваць на фэрме".

Жонка Андрэя Пачобута Аксана з дачкой Янай
Аксана Пачобут, жонка журналіста, запыталася: што значыцца — ён нармальна ўспрыняў? Так і будзе — тры гады? Ці зьбіраюцца адвакаты бараніць яго? На гэта Ўладзімір Кісялевіч адказаў, што яны разам з другім адвакатам, Аляксандрам Бірылавым, абавязкова будуць выступаць у абарону Андрэя Пачобута падчас судовых спрэчак 28 чэрвеня. Адвакат дадаў:

"Пракурор практычна зачытаў абвінавачаньне. Доказаў вінаватасьці Пачобута, я лічу, ён не прадставіў. Гэта мая думка".

Сёньня каля Ленінскага суду быў грамадзкі праваабаронца Віктар Сазонаў. Што ён думае наконт патрабаваньня абвінавачаньня зьняволіць Андрэя Пачобута?

Сазонаў: "Журналіст, выконваючы свае абавязкі, ужыў пэўныя словы, якія лічыў патрэбнымі, і за гэта ён можа атрымаць тры гады. Нават каб гэта было ўмоўна, гэтага ўсё роўна зашмат, гэта ўдар па магчымасьці выказваць сваю думку. Гэта запалохваньне тых людзей, чый абавязак — размаўляць пра тое, што адбываецца ў краіне".

Віктар Сазонаў лічыць непрымальнымі нормы заканадаўства аб пакараньні за абразу і паклёп:

"Пачатак гэтай гісторыі вельмі даўні, яна цягнецца больш за дзесяць гадоў: беларускія заканадаўцы, зразумела, на загад адпаведных структураў, прынялі такія законы, якія ў цывілізаванай краіне быць ня могуць. Пра абразу і паклёп на першую асобу краіны. Зразумела, што абсурднымі становяцца і тыя прысуды, якія выносяцца".

За працэсам над журналістам Андрэем Пачобутам сочыць Мікола Лемяноўскі з партыі БНФ, ён таксама быў побач зь Ленінскім раённым судом.

Лемяноўскі: "Я скажу чыста па-жыцьцёваму. Моцны чалавек заўсёды дасьць магчымасьць, нават час ад часу сябе паставіць "пад жарт". І гэта нармальна: каб падняць настрой у сваёй кампаніі ці ў грамадзтве — як заўгодна. Любы чалавек моцны можа пажартаваць".

Але такія ня ўсе, кажа Мікола Лемяноўскі. Слабы чалавек рэагуе зусім інакш:

"Ён баіцца ня тое што слова, сказанага супраць яго, ці жарту. Ён нават крывога позірку баіцца і ўспрымае як абразу".

Андрэй Пачобут — карэспандэнт польскай "Газэты выборчай". У аснове крымінальнай справы — публікацыі журналіста: восем з "Газэты выборчай" і дзьве з інтэрнэту — зь "Беларускага партызана" і з "Жывога журналу". Журналісту прад’яўлена абвінавачаньне па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу РБ — 368 (частка 1) — "абраза" і 367 (частка 1) — "паклёп" у адносінах да прэзыдэнта. Па першым зь іх прадугледжана пакараньне да двух гадоў зьняволеньня, па другім — ад двух да чатырох гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG