Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская электраэнэргія даражэйшая і за расейскую, і за ўкраінскую


Нягледзячы на пагрозы, пастаўкі расейскай электраэнэргіі ў Беларусь з прычыны фінансавай запазычанасьці канцэрна "Белэнэрга" спынены не былі. Кампанія "Интер РАО ЕЭС" вырашыла адтэрмінаваць сваё першапачатковае рашэньне да 27 чэрвеня.

Сёньня афіцыйны прадстаўнік "Интер РАО ЕЭС" пацьвердзіў "Свабодзе", што кампанія вырашыла адтэрмінаваць да 27 чэрвеня спыненьне паставак электраэнэргіі ў Беларусь:

"Гэта — вынік нашых двухбаковых дамоўленасьцяў".

Ён патлумачыў, што новая дата стала кампрамісным варыянтам на перамовах паміж " Интер РАО ЕЭС" і "Белэнэрга". Беларускі бок прасіў адтэрміноўкі да 5 ліпеня, расейскі плянаваў спыніць пастаўкі 22 чэрвеня.

У " Интер РАО ЕЭС" адмаўляюцца назваць суму беларускай запазычанасьці:

"Мы ня можам раскрываць запазычанасьць, бо ўсе фінансавыя рэчы — гэта фінансавая тайна. І іх ацэньваюць толькі экспэрты".

Не называюць лічбы і ў "Белэнэрга". Эканаміст Міхась Залескі гэтаму ня дзівіцца:

Міхась Залескі

"Ніхто не назаве. Таму што яны гэтыя лічбы як Кашчэеву сьмерць хаваюць. Сядзяць ціхенька і маўчаць пра запазычанасьць — і за газ, і за нафту, і за электраэнэргію... За ўсё на сьвеце.

Хіба што толькі інсайдэр нейкі. Але гэта літаральна пяць-шэсьць чалавек, якія сядзяць на гэтых разьліках".

Апошняя лічба запазычанасьці, якая пратачылася ў мэдыі, — 55 мільёнаў даляраў за першы квартал 2011 году. Беларусы гэтыя грошы вярнулі. Але за красавік і травень зноў залезьлі ў даўгі. Якія? Экспэрты кажуць, што ў розныя месяцы ў Беларусь прыходзіць розная колькасьць расейскай электраэнэргіі. Таму дакладныя лічбы назваць немагчыма. Аднак можна меркаваць, што новая запазычанасьць складае ад 30 да 50 мільёнаў даляраў.

Яшчэ экспэрты кажуць, што Беларусь у прынцыпе можа абыходзіцца і без расейскай, і без украінскай электрычнасьці. Дэфіцыт імпартнай энэргіі лёгка пагасіць, павялічыўшы выраб уласнай. Але парадокс — купляць электраэнэргію ў Расеі ці ва Ўкраіне таньней, чым вырабляць у сябе.

Чаму так атрымліваецца, тлумачыць экспэрт у галіне энэргетыкі Беларускага народнага фронту Станіслаў Гусак. Ён найперш адзначае, што амаль усе нашы электрастанцыі працуюць на расейскім газе. А за яго трэба плаціць валютай:

Станіслаў Гусак

"І калі параўноўваць, напрыклад, з украінскай энэргетыкай, то там вельмі моцная частка энэргетыкі — атамная ды тая, што на вуглі. А на газе ды на мазуце ў іх працуюць толькі дробныя кацельні".

Другая асноўная прычына высокіх коштаў беларускай электрычнасьці, адзначае Станіслаў Гусак, наступная:

"У нас вельмі-вельмі старое абсталяваньне на электрастанцыях. З новых станцыяў — толькі ТЭЦ-5. Але ж яна маламоцная. А калі ўзяць такую станцыю, як Лукомльская ГРЭС — наш флягман, дык гэтаму флягману ўжо больш за 40 гадоў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG