Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд пацьвердзіў апраўданьне прадпрымальніка Андрэя Бандарэнкі


Андрэй Бандарэнка
Андрэй Бандарэнка
10 чэрвеня Вярхоўны суд пацьвердзіў апраўдальны прысуд Менскага гарадзкога суду адносна прадпрымальніка Андрэя Бандарэнкі. Суд прызнаў, што прадпрымальніка асудзілі незаконна, і зьняў зь яго абвінавачаньні ў крадзяжы маёмасьці фірмы праз махлярства.

"Барацьба за справядлівасьць каштавала мне здароўя, фірмы, двух гадоў турмы і дзясяткаў пасадак у турэмны карцэр, але ўсё ж гэта таго варта. Вельмі ўдзячны ўсім, хто мне дапамагаў — калегам з АГП, сваякам, журналістам, якія не забывалі пра маю справу. Зараз буду дамагацца ад дзяржавы кампэнсацыі за страты, якія нанесьлі мне сьледчыя і судзьдзя сваімі незаконнымі дзеяньнямі. На жаль, беларускія законы не дазваляюць патрабаваць кампэнсацыі менавіта ад гэтых людзей", — сказаў "Свабодзе" Андрэй Бандарэнка.

Гучная справа Андрэя Бандарэнкі пачалася ў сярэдзіне 2009 году. Прадпрымальніка, сябра АГП, які годам раней браў удзел у парлямэнцкіх выбарах, арыштавалі пасьля вяртаньня ў Беларусь з-за мяжы і абвінавацілі ў крадзяжы маёмасьці. Першы раз Бандарэнку судзілі ў кастрычніку 2009 году ў Першамайскім судзе Менску. Судзьдзя Ярмоленка прызнаў яго вінаватым у тым, што ён нібыта абакраў сваю фірму праз службовыя злоўжываньні, і прысудзіў да 7 гадоў зьняволеньня. Бандарэнка віны не прызнаў і ў калёніі адмовіўся падпісваць паперы пра выпраўленьне.

Празь некалькі месяцаў справу Бандарэнкі пераглядала судзьдзя Равінская зь Першамайскага суду. Судзьдзя прызнала прадпрымальніка вінаватым у крадзяжы маёмасьці — гэтым разам праз махлярства — і зьменшыла тэрмін зьняволеньня ўсяго на 1 год. У Бабруйскай калёніі, дзе адбываў пакараньне Андрэй Бандарэнка, ён працягваў называцца "незаконна асуджаным" і адмаўляўся супрацоўнічаць з адміністрацыяй, за што неаднаразова трапляў у карцэр. У сакавіку 2011 году Менгарсуд перагледзеў справу Андрэя Бандарэнкі і адмяніў прысуд Першамайскага суду Менску. 10 чэрвеня гэтае рашэньне пацьвердзіў Вярхоўны суд, пасьля чаго яно лічыцца канчатковым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG