Гуканьне паэзіі Ўсходу: Пазыкі / пазычаў Рыгор Барадулін.
— Мн.: Рым.-катал. парафія сьв. Сымона і сьв. Алены, 2007.Пазыкі — гэта не зусім пераклады. А таму цяжка сказаць, чым напраўду ёсьць гэтая кніга. Ці гэта пераклады Рыгора Барадуліна з усходніх паэзіяў (кітайскай, японскай, віетнамскай), ці самастойныя творы беларускага паэта, які чэрпаў натхненьне ў паэзіі Ўсходу? Магчыма, адказу на гэтае пытаньне ня ведаў і сам аўтар (ці перакладчык), а таму даў кнізе падзагаловак «Пазыкі». І нават афармленьне кнігі ўскосна намякае на яе характар: усходнія элемэнты праз прызму беларускага іх асэнсаваньня. Клясычныя і добра вядомыя ў расейскіх перакладах японскія хоку набываюць у гэтай кнізе рыфмы — досыць незвычайны перакладчыцкі ход і спроба наблізіць хоку да беларускага чытача: у такім выглядзе вершы пачынаюць гучаць больш звыкла і нават больш па-барадулінску. Па-новаму, ужо ня як пераклады, а як беларускія насьледаваньні, загучалі і кітайскія вершы. «Гуканьне паэзіі Ўсходу» на сёньняшні дзень — самае грунтоўнае мастацкае асэнсаваньне ўсходняй паэзіі па-беларуску.
Уладзімір Някляеў. Індыя: Паэма
/ У кнізе «Прошча». — Мн.: Крыніца: Маст. літ., 1996.Паэма Ўладзіміра Някляева «Індыя» — гэта загадка, у якой, як у акіяне сансары, тоне лірычны герой, задаючы адно і тое ж пытаньне: «Што там?», нязьменна атрымліваючы адказ: «Дарога». Паэма чытаецца як мантра, якая ўводзіць у транс і адпраўляе думкі падарожнічаць па сусьвеце; яе дасканала аформленыя фанэтычна радкі сплятаюцца з узорамі мандалы, ці, як яе яшчэ называюць, мандары. Мандарай называецца і гара, куды выпраўляецца лірычны герой, — гэта гара, апісаная ў сьвятарных індуісцкіх Пуранах, і яна ж скідвае лявінай героя паэмы. На разьвітаньне герой бярэ з сабой з Мандары кветку сомы — зь яе гатуецца сьвятарны ведычны напой, лекавы і п’янкі. А вось адказаць на пытаньне, хто такая Марыя, зь якой вядуць гаворку розныя героі паэмы, чытачу дапаможа хіба што «белы Божы птах» Гаруда — ездавая птушка Вішну і сымбаль прасьветленага розуму.
Пімен Панчанка. Іранскі дзёньнік
/ У зборы твораў у 4-х т. Т. 1. Вершы і паэмы (1934–1945). Выбраныя пераклады. — Мн.: «Мастацкая літаратура», 1981.У канцы вайны, у 1944 годзе, Пімен Панчанка трапіў у Іран, дзе пражыў два наступныя гады, і ўражаньні гэтага часу апісаў у вершаваным цыклі «Іранскі дзёньнік». Вершы гэтага цыклю можна ўмоўна падзяліць на некалькі групаў. Частка вершаў прысьвечаная выключна Ірану, экзатычнай краіне зь яе рэаліямі, якія часам зьдзіўляюць і захапляюць заходняга госьця, а часам выклікаюць абурэньне (напрыклад, у вершы «Мы першы раз за межамі Радзімы…», дзе апісваюцца рэзкія кантрасты краіны, у якой побач з палацам лірычны герой бачыць жабрака). Зрэшты, нават у такіх экзатычных вершах прабіваецца савецкая рыторыка: лірычны герой параўноўвае Іран з Савецкім Саюзам, безумоўна, не на карысьць першага. Да другой групы можна аднесьці вершы настальгічнага характару, дзе іранскія рэаліі граюць другасную ролю, а часам і ўвогуле зьнікаюць. Да трэцяй, самай вузкай групы можна залучыць два досыць іранічныя вершы цыклю: у першым зь іх, пад назвай «Размова з ішаком», ішак вучыць лірычнага героя іранскай жыцьцёвай мудрасьці, фактычна зьдзекуючыся з таго, як цяжка пераносіць герой мясцовы клімат, у другім вершы («Пячорын у Пэрсіі») лірычны герой сустракае пастарэлага лермантаўскага героя і дазнаецца, як той бавіць у чужым краі рэшту свайго жыцьця.
Ігар Бабкоў. Адам Клакоцкі і ягоныя цені.
— Мн.: «БАС», 2001.У якасьці прадмовы да кнігі «Адам Клакоцкі і ягоныя цені» аўтар апісвае чатыры шляхі, па якіх можна трапіць у яго твор. Нас цікавіць чацьверты шлях, бо менавіта ён вядзе на Ўсход: «Вы ўваходзіце ў практычны дапаможнік па кітайскай народнай гульні ў інь і ян, калі адчуваеце, што няма каму быць у чымсьці перакананым альбо ўпэўненым». Фактычна аўтар намякае, што яго кніга патрабуе «ўсходняга» падыходу — мэдытаваньня, сузіраньня і разгадваньня загадак, якія на першы погляд адгадак ня маюць. Ігар Бабкоў, беларускі шосты патрыярх гульні шкляных пэрлаў, як бы між іншага пераносіць чытача то ў Старажытны Кітай, то ўвогуле ў мітычную Шамбалу, пераконваючы зьдзейсьніць падарожжа, ня робячы пры гэтым ніводнага кроку. Лірычны герой «Адама Клакоцкага» (адзін у многіх асобах) усьлед за самім аўтарам сядае за пераклад вершаў Лі Бо, разгадвае свае і чужыя сны і нават не заўважае, як робіцца ўсяго толькі сном Адама Клакоцкага, што аднойчы пад раніцу прысьніўся Ігару Бабкову.
Дарэчы, кніга «Адам Клакоцкі і ягоныя цені» — на сёньняшні дзень адзінае выданьне, якое пабачыла сьвет у выдавецтве «Беларускага Архіву Сноў».
Наталка Харытанюк. Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката.
— Мн.: Логвінаў, 2010.У сваім зборніку апавяданьняў «Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката» Наталка Харытанюк, адзін зь першых ляўрэатаў прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча, насьледуе традыцыі гульні шкляных пэрлаў Ігара Бабкова. Дзеяньне кнігі адбываецца тут, у Беларусі, але яшчэ і паўсюль, а таксама ў сьне Адама Клакоцкага. Бо толькі ў сьне турэцкі пісьменьнік, нобэлеўскі ляўрэат Архан Памук, можа пачаць будаваць сваю белую крэпасьць у Брэсьце, а доктарка-вар’ятка — выправіцца на Ўсход шукаць Сімурга, іранскага цара ўсіх птушак. У апавяданьнях Наталкі Харытанюк героі заходніх і ўсходніх кніг сустракаюцца, каб разам практыкаваць дзэн і загадваць чытачу загадкі-алягізмы, кааны, і каб удыхнуць у беларускую літаратуру новую містычную душу.